Купить антивирус касперского на Support.by аренда виртуального cервера на Support.by
Дыяментавы горад (эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі)
Ёсць на свеце гарады, імя якіх для твайго вуха проста сугучча. Прагучала назва, скалыхнула паветра і знікла назаўсёды ці да наступнага разу. Бо нічога за гэтай назвай для цябе не стаіць. Не чуў, не бываў. А і не буду - невялікая страта.
А ёсць гарады, звязаныя з табою нябачнай повяззю, самой музыкай свайго імя, або нечым трывалым, што вяжа з імі назаўсёды, нават супраць твайго жадання.
Ёсць для мяне некалькі такіх гарадоў на Беларусі. І адзін з іх - горад маёй маці, Мсціслаў. Тут яна нарадзілася амаль дзевяноста год назад і тут пражыла некалькі першых сваіх месяцаў. І Мсціслаў быў для мяне, з гэтай прычыны, і не свой і, нібыта, крыху свой.
Гарады, як і некаторыя людзі, чакаюць свайго адкрыцця табой. Шмат год праходзіў міма чалавека - і раптам раскрываецца ён табе ў адной размове і на ўсё жыццё.
Для мяне і майго адкрыцця Мсціслава зорнымі гадзінамі і днямі былі казачыя дні пачатку студзеня 1982 года. Расказаць - не павераць. А трэба ўсё ж паспрабаваць расказаць.
8 студзеня 1982 года, звычайная "Волга" выйшла з Мінска і накіравалася шляхам на Магілёў-Мсціслаў.
За горадам з усіх гурбаў пачалі зрывацца снежныя языкі, а потым змеі. Дуйка бегла па асфальце. Праз шэра-дымнае хмарнае неба мігцела сляпучая, размытая пляма сонца.
Сустрэчныя машыны сярод белага сонечнага дня свяцілі насустрач фарамі. Пасля хмары заснавалі сонца, лясы сярод поля, рассечаныя дарогай, як бохан нажом… І самотныя вароны ляцелі высока над лесам, невядома куды, за якім-такім харчам насустрач завірусе.
Не трэба было ехаць насустрач гэтаму. Трэба было спынiцца недзе ў вёсцы i прасiць аб начлезе, але перамагла дурная зухаватасць. I зноў мы спынiлiся ў глухiм лесе, самотным i заснежаным. I быў гэта зiмовы шлях i мары на зiмовым шляху да горада, якi сёння стаў самы важлiвы з усiх гарадоў, бо зрабiўся тваёй мэтай. Безупынны шум дрэў, ясна было i страшна было ўявiць, што робiцца ў чыстым полi.
І ўрываецца ў яго раптам настойлівае рыпенне. І цішыня. І зноў мёртва парыпвае пад ветрам нейкае дрэва. Лес скардзіцца. І над гэтым змрочным і страшным лесам кліч варон і груганоў, якія цяпер цягнулі ў лес, пад пакрыццё.
Ужо за Друццю зусім не стала відаць ані дарогі, ані зямлі, ані неба. Шалёны ўраган дзьмуў з поўначы ў трубу між Друццю і Дняпром, каб вырвацца, мабыць, недзе ля Рагачова, на волю.
У Магілёве на спуску да Задняпроўя стаялі машыны, якія не змаглі ўзабрацца на гару, а пасля ў полі ўсё часцей і часцей стала трапляцца кінутая тэхніка: трактары, краны, машыны (людзі, відаць, кідалі іх і дабіраліся да першага жылля).
Часамі зусім нічога не было відаць. І ўсё здавалася, што машыну заносіць і заносіць улева, некуды ў нябачны яр.
У пэўны момант здалося: гінем. Адны ў чыстым полі. Нічога не відаць, і слабы арыенцір толькі бур'яны і хмыз з правага боку (левы гіне ў снегавой імгле). Праз неіснуючыя, здаецца, шчыліны нас заносіў снегавы пыл, павольна ўтвараючы ўнутры машыны суцэльную гурбу.
За чатыры кіламетры да Ходасаў селі ў лагчыне, у якой на два кіламетры сядзеў корак з машын, занесеных снегам, і ўзрадаваліся, што не адны будзем у чыстым полі, што вакол людзі, хаця некаторыя з іх сядзелі тут ужо пяць гадзін пры трыццаці градусах марозу і ўраганным ветры.
І не было куды ісці, бо нічога не відаць. Не знойдзеш хаты - саб'ешся і замерзнеш. Застанешся ў машыне - занясе. Заставалася капаць, адкідаць, выцягваць, хаця праз хвіліну заносіла снегам зноў і дранцвелі рукі і твар. Гарэлі ліхтары - толькі за пару метраў іх і не было відаць. Працуеш і задыхаешся і лоб расколваецца ад болю, нібы вецер разбівае яго, сцісквае скроні і чэрап.
Бягуць між машын струмяні, кідаюцца чырвоныя і чорныя чалавечыя цені. Чырвоныя агні і чырвоныя хвалі снегу. Імчыць да самага неба крывавы, пурпуровы ўраган.
Я не ведаю, на жаль, прозвішча сапраўднага героя гэтай ночы. Хтось, хто ведаў дарогу (а як яе было знайсці ў гэтым пекле - не ведаю) усё ж пайшоў у Ходасы, і не збіўся, дайшоў і прывёў не дапамогу людзей.
Раптам я ўбачыў чалавека ў расхрыстаным кажусе. Твар чырвоны, мокры. З'явіўся і прывёў бульдозеры начальнік міліцыі. Гледзячы на яго, на бульдозер і бульдазерыста ў нязмерным кажусе, я ўпершыню падумаў, што, мабыць, не прападзём, а можа і не будзем кукаваць да раніцы, прыгода таксама не з прыемных.
А пасля яшчэ адно ўсмешлівае аблічча за шклом машыны, у якую я залез сагрэццца: першы сакратар райкома Пятро Міхайлавіч Катушкін, добры , просты мужык. І з калегамі, што вярталіся з Магілёва і таксама ўгрузлі. Сядзім, значыцца, разам. Значыцца, вышэй галаву.
- Давайце ў маю машыну. Замерзнеце.
У ягонай машыне замерзнуць было цяжка: набілася ў яе аж сем чалавек. А наперадзе раўлі ў чырвона-белай імгле вялізныя, як вежы, бульдозеры, рассоўваючы снег (дарэчы, калі ехалі пасля дадому, заносы паабапал дарогі на тым месцы былі ў два-тры чалавечыя росты: словам, "наш" занос быў найлепшы, найпрыгажэйшы, самы выдатны, - ледзь не сказаў "самы прагрэсіўны", - нам пашанцавала трапіць менавіта ў такі, самы здаровы і велізарны занос).
Бурыліся снежныя вежы, узнікалі і зноў бурыліся. Першую "Волгу" "УАЗ" узяў на буксір, а за ёй паступова, у снегавым тунелі пасунуліся мы.
І яшчэ васемнаццаць кіламетраў роў падвеў і шалела неба, але гэта ўжо не было так дзіка і безнадзейна, як у мёртвай лагчыне.
А пасля ўзнік, у дзве гадзіны ночы, Мсціслаў. У глыбокім, мёртвым, буранным сне. Чорныя дрэвы прысадаў і садоў гнуліся і мялі, неба і дамы спалі ў іхняй засені пад спевы ўраганаў. Як тысячу год назад.
Чаму такі ўступ. Без яго ніхто не паверыў бы таму, што і сам я ўпершыню ў жыцці ўбачыў на свеце і больш, мабыць, ніколі не пабачу. Таму, што здарылася ў Мсціславе на наступны дзень.
А сведкі таму тыя, з кім я ў гэты дзень хадзіў па горадзе і ўсе жыхары Мсціслава.
Усе як адзін. Ад дзіцяці да пенсіянера. Ад настаўніка да дырэктара прафтэхвучылішча. Ад шафёра да сакратара, хаця яму ў той дзень зусім не было часу глядзець навокал і, тым больш, на неба.
Вар'яцкі буран мінулай ночы паваліў слупы, абарваў і некуды занёс драты, адключыў ад электрычнасці па вобласці дзевяноста фермаў і вёсак (у раёне, здаецца, дзевяць), перакрыў снегавымі хрыбтамі дарогі, нарабіў мноства іншых бед.
І мне падумалася ў той дзень, што цяжка, вядома, адказваць за сваю душу і сваё сумленне, як гэта ўсё жыццё даводзілася рабіць мне, але адказваць за мноства рэчаў, над якімі ты часам не ўласны, таксама складана, калі ты сумленны перад сабой і людзьмі.
І яшчэ я падумаў, што паняцце міру - рэч досыць умоўная, таму што лёс часам ставіць як асобу, так і грамаду ў самы, здаецца, мірны час ледзь не ва ўмовы перадавой. Як у гэтую ноч, калі шафёр кінуў машыну з камбікормам (і правільна зрабіў, бо загінуў бы), калі абясточана ферма, а на ёй у разгары ацёл, калі сувязі з многімі пунктамі няма. А тут яшчэ з'явіўся пісьменнік: знайшоў час зірнуць на раён, пра які збіраецца сказаць некалькі слоў. І каб хаця напісаў шырокую карціну таго, што робіцца, каб хаця нешта станоўчае прапанаваў, каб хаця… пашкадаваў ці што, бо гэтаму хлебу не пазайздросціш.
Дык не, не зробіць ён гэтага. Правільна, не зраблю. Мэта не тая. А мэта мая у тым, каб расказаць усім аб малым, непрыкметным, ледзь не самым далёкім ад сталіцы раёне і паспрабаваць пасяліць у вашых душах (і ў душах усіх, хто прачытае гэта) гонар за яго, за продкаў сваіх і за сябе, якія не горшыя.
Вы робіце ўсё, каб зямля працвітала, каб край ваш быў уладкаваны, сыты, прыбраны і багаты. Я не магу непасрэдна памагчы вам у гэтым. Але я магу прымусіць вас азірнуцца.
Я магу зрабіць так, каб вы ясней убачылі прыгажосць вашай прыроды і вашых будынкаў. Я магу расказаць вам пра забытыя і напалову забытыя подзвігі і ўчынкі вашых продкаў. Пра тую прыгажосць, што яны стварылі і кнігі, што яны пісалі.
Я магу напомніць вам, Мсціслаўцы, і іншым людзям, што на многіх шляхах чалавечай дзейнасці вы былі першыя, што ваш малы горад зрабіў для прагрэсу краіны больш, чым некаторыя вялікія і славутыя гарады.
Я магу нагадаць вам, што вы людзі з мінулым, славе і мужнасці, розуму і таленту якога могуць пазайздросціць многія, і што толькі ад вас залежыць, каб гэтая слава тых, хто заўсёды ідзе наперадзе, не прапала ў будучых вяках, каб вы заўсёды былі поўныя незалежнай высокай годнасці ў кожным слове і ў кожным учынку, годнасці тых, хто ніколі не плёўся ў хвасце, хто быў і будзе ў ліку лепшых.
І, магчыма, гэтым я зраблю так, што вам будзе лягчэй жыць, што вы знойдзеце ў сабе сілу выстаяць у хвіліну, якая будзе патрабаваць ад вас мужнасці.
Бо ваш горад з найлепшых гарадоў Беларусі, бо ён малы, але вялікі. Бо вы беларускага старадаўняга кораню, людзі з адвечным глыбінным усведамленнем таго, што ўсю гісторыю вы рабілі справу жыцця (аралі і пісалі кнігі) як мага найлепш, і павінны гэта і надалей. Павінны не нейкаму дзядзю, павінны толькі сабе.
…Узыходзіла ў той дзень усё вышэй чырвонае ад трыццаціградуснага марозу сонца. І па меры таго, як яно ўзыходзіла - вочы вашы ўсё шырэй раскрываліся ад здзіўлення. І вось тут мне і патрэбныя сведкі. Бо дзіву, што ў той дзень убачыў, могуць і не паверыць. Скажуць, што выдумаў небывалае пра звычайны горад.
...Снег пад час гэтага начнога ўраганнага шаленства наліпнуў на дрэвы, муры, вежы і званіцы, на дамы і, аблізаны магутным ветрам, ператварыўся ў крышталічную ледзяную корку. Кожны порцік, кожная калона, кожная вежа, кожная ліштва заззялі зялёным, аранжавым, блакітным, сінім агнём, як вялізная навагодняя ёлка.
І ўсе будынкі - усе - увесь горад гарэў, іскрыўся , пераліваўся ўсімі колерамі, а найболей блакітным, як адзін вялічэзны, чысцейшай вады дыямент.
Не, такога я яшчэ не бачыў. І - у дадатак да ўсяго - у нябеснай сіні ўстала гіганцкая і тоўстая арка зімняй вясёлкі.
Бачыў я бледныя зiмовыя вясёлкi. Але гэтая была ярчэйшая за найярчэйшую летнюю. З усiмi пералiвамi i адценнямi, ад чырвонай, апельсiнавай, жоўтай i блакiтная аж да лiловага адцення. На ўсё неба.
І яна адбівалася тысячамі ў мурах дамоў і ў вежах, узнесеных у блакіт.
Яшчэ раз кажу: такога я, мабыць, не пабачу ніколі. Такое нават у перадсмяротнай цемры ўспомніцца і з'явіцца і, як апошняе суцяшэнне, напоіць твой зрок.
І каб канчаткова прывязаць мяне да сябе, Мсціслаў шчодрай рукой выдаў мне яшчэ адно дзіва.
Быццам усяго перажытага, усёй фантазіі было мала - завяршыў яе яшчэ адзін жарт лёсу, нібы заключны мазок дзівоснай карціны.
Была месячная ноч і горад ззяў дыяментамі, як удзень, толькі крыху больш блакітна і прыглушана. Паветра пахнула не выхлапнымі газамі, а пячным дымам. Снег пад нагамі рыпеў не па-сухотнаму, як у Мінску, а звонка, весела, бадзёра.
І раптам гэтыя дыяменты пачалі згасаць,а горад-палац пачаў растварацца ў серабрыстай імгле.
На дадатак да ўсіх раскошаў і дзівосаў Мсціслаў падарыў мне ў ноч на 10 студзеня месячнае зацьменне і павольнае згасанне сваіх дыяментаў у празрыстым паўзмроку, што насоўваўся на свет. Павольна згасала поўня.
Ціха згасаў светлы, іскрысты і зіхоткі горад пад ёй.
І я не магу зараз гаварыць аб ім без захаплення, як не мог бы гаварыць без захаплення пра жывую легенду, што сустрэлася мне на адной са шматлікіх маіх дарог. І я іду зараз разам з ягонымі людзьмі праз усе павароткі лёсу, праз усе бураны, марозныя вясёлкі і зацьменні. Бо толькі так я і магу з большага аддзячыць ім.
Таму што тая ноч - гэта было як быццам гіне чароўны сусвет, а ты павінен аднавіць яго, каб незгасальна стаяў у вачах людзей.
…Мсціслаў - кропля, асколак люстэрка, у якім адбіваюцца сонца і зоры і ўся няпростая гісторыя Беларусі. Горад, які, здаецца, нічым асаблівым не вызначаецца перад іншымі гарадамі, якіх на Беларусі сотні. Але паглядзіце на яго - і нібы ў фокусе адаб'ецца ў ягонай гісторыі ўвесь наш гонар і наша слава.
Ён чароўны. І ён як сціплы, вонкава непрыкметны чалавек, за плячыма якога багацюшчае жыццё. Сам ён рэдка кіне пра сябе слова. А пачнуць расказваць пра яго іншыя, дык яму пры жыцці помнік ставіць трэба.
:Мсцiслаў, невялiкi раённы гарадок, утульна стаў на высокiм правым беразе ракi Вiхры, непадалёк ад яе ўпадзення ў Сож. Ён ляжыць у васемнаццацi кiламетрах ад станцыi Ходасы i на скрыжаваннi дарог Магiлёў - Смаленск i Орша - Крычаў. Гэта адзiн з самых усходнiх куткоў рэспублiкi, на самай мяжы са Смаленскай вобласцю. Да Магiлёва адсюль 111, да Мiнска - 312 кiламетраў.
Мсціслаў, як і ўсе гарады, перажываў узлёты і заняпады. У якасці кур'ёзу прывяду вам такія лічбы. У першай трэці ХVIII стагоддзя насельніцтва Кіева не перавышала 12 тысяч чалавек. Значна, на пару стагоддзяў раней, у Мсціславе жыло 30 тысяч чалавек. Але Кіеў у ходзе свайго гістарычнага развіцця стаў сталіцай намесніцтва, губерні, сталіцай Украіны. Ужо ў 1763 годзе ў ім жыло 42 тысячы чалавек, а ў 1979-м - 2 мільёны 144 тысячы. Мсціслаў жа, воляй лёсу і гісторыі, перастаў быць такім жа - і нават большым - сярэдневяковым цэнтрам ваяводства і, лежачы нібыта ў баку ад пуцявін гандлю, палітыкі, самой гісторыі, руйнаваны дзесяткамі крывавых нашэсцяў, нібы часова заснуў, як заснулі многія і многія славутыя ў мінулым гарады, якія калісь дыктавалі сваю волю, славіліся вялікай славай і стаміліся ад яе. Як стаміліся Тураў і Суздаль, Растоў Вялікі і Друцк і многія - многія іншыя.
Здаўна-давён населена, абжыта i ўходжана чалавекам мсцiслаўская зямля. Едзеш або iдзеш па ёй i паўсюль старыя гарадзiшчы i магiлы, магiлы i курганы. У Доўгавiцкiм сельсавеце i ў Сялецкiм. I перамяшаныя тут магiлы апошняй вайны i курганныя магiльнiкi Кiеўскай Русi, i таго, што было да яе. Вось яны стаяць над Натапай, кiламетры за два ад вадзянога млына, пляскатыя, нiбы разлiзаныя часам (пры вышынi ў 1,3 м, 1,7 м, дыяметры iхнiя да шаснаццацi-васемнаццацi метраў).
Вось могiльнiк у Дубейкаве, у самым цэнтры вёскi. 21 насып. I знаходкi: пазалочаныя пацеркi, бразготка-бомка, жалезны нож.
I вось трынаццаць насыпаў у в.Кандратаўск - i гэта Кiеўская Русь.
Але што там Кіеўская Русь!
Вось гарадзішча ранняга жалезнага веку ля в.Міцькаўшчына і роўнае яму па старажытнасці гарадзішча ў Каробчыне Чырвонагорскага сельсавета. Паўднёва-ўсходні і заходні краі гарадзішча (у густым лістоўным лесе) вельмі стромыя і ў вышыню ледь не на трынаццаць метраў, а насыпаны вал з поўдня метраў каля сямі. Тут у зямлі россыпы керамікі Мілаградскай і Днепрадзвінскай культур, таксама ранні жалезны век. А там гарадзішча ля в.Мазалава. І гэта зноў Мілаградская і Зарубінецкая культуры (пачатак - сёмае стагоддзе да нашай эры, заранка сучаснага "жалезнага " чалавецтва).
Курганы ля в.Новыя Віхраны, ля в.Пячкоўка (на краі кар'ера, які з'еў амаль увесь могільнік), селішча і курганы ля в.Разанцы, гарадзішча і могільнік ля в.Усполле (7 стагоддзе да н.э. - 4 стагоддзе да н.э.).
Густа засялялі гэтую зямлю, густа ў яе і клаліся. Ля той жа самай Пячкоўкі побач са старымі курганамі месца, дзе фашысты расстралялі звыш пяцісот людзей.
Курганы, курганы і курганы. Селішчы, гарадзішчы і зноў курганы. Мноства іх.
І, вядома, самыя галоўныя гарадзішчы гэтай зямлі - гарадзішчы Мсціслаўскія. А сярод іх гарадзішча "Замкавая гара". Высокі мыс на правым беразе Віхры. Абкружаны шырокімі, метраў 60 - 100 і глыбокімі, метраў на 25, ярамі. Плошча 108 на 48 метраў, каля двух гектараў. Па краю Замкавая гара была абкружана яшчэ насыпным валам вышынёю на два з паловаю метры, але ён збярогся не паўсюль.
Першы абследаваў і апісаў гарадзішча славуты беларускі вучоны, этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў, таксама, дарэчы, не дужа і далёкі зямляк з Сожа. Было гэта ў 1893 годзе. У дваццатыя гады абследавалі яго А.М.Ляўданскі і С.А.Дубінскі, у 1978 годзе - М.А.Ткачоў. Раскопкі праводзіў Л.В.Аляксееў. І раскопкі тыя былі на дзіва багатыя. Магутны, да трох метраў, культурны пласт добра захоўваў рэчы арганічнага і неарганічнага паходжання.
Рука археолага ўскрыла жылыя і гаспадарчыя пабудовы, аж цэлых сем ярусаў вулічных маставых (не па гразі хадзілі старажытныя мсціслаўцы - па бярвенным гулкім мосце), вастраколы XIII-XIV стагоддзяў. І мноства розных рэчаў і прыладаў: рамесніцкіх, гандлярскіх, земляробчых, рэчаў культурных і культавых, рэчаў з поўначы, поўдня, усходу (значыць, і туды даходзілі гандлёвыя шляхі старадаўняга Мсціслава). Жылі тут ганчары і гарбары, шаўцы і касцярэзы, майстры ювелірнай справы і майстры апрацоўкі дрэва і выдатныя, на ўвесь славянскі свет славутыя майстры "цаніннай справы " (майстры па паліванай кафлі), залатары і збраяры і іншыя, якіх нават пералічыць цяжка.
І ўсё гэта ахапляе вялізны час, аж з эпохі бронзы.Усе гэтыя рэшткі Днепрадзвінскай і Зарубінецкай керамікі, сярэднелатэнскія фібулы, грузікі дзякаўскага тыпу (гэта на Дзявочай гары). Усе гэтыя касцяныя восці, дзівосныя звяры з дзвюма галовамі, сярпы, нажы, шкляныя бранзалеты, накладкі калчанаў 13 стагоддзя і жалезныя наканечнікі стрэл.
Бо горад працаваў, але і ваяваў, баронячы створанае сваёй працай. Равы, валы, яры, сцены, а пасярэдзіне рэшткі драўлянай вежы 17 стагоддзя. Апошняй надзеі абаронцаў. На жаль, драўлянай. А дрэва - яно гарыць.
З большага ўсё гэта знойдзенае пайшло ў Інстытут археалогіі АН СССР. Але і там гэтаму будзе цесна. І чаму, каб зведаць старажытны Мсціслаў, я павінен ехаць туды, а не заставацца тут? Не бачыць гэтага на свае вочы тут, або ў Магілёве, на крайні выпадак.
Замкавая гара - не адзiнае месца ў Мсцiславе, дзе здаўна-давён сялiлiся людзi. Непадалёк i Дзявочая гара - гарадзiшча Днепрадзвiнскай культуры. Другая яе назва "Гарадок": гэта "на палову вярсты" на ўсход ад замка.
Дарэмна гэта ходзяць легенды пра Дзявочую гару, што яе калісьці дзяўчаты нанасілі па пясчынцы. "Дзеві-гарадок" проста аж крычыць сваёй назвай, што гэта "Дзіві-гарадок", месца, дзе водзяцца "дзівы", гэта значыць дзівосы, дзівовішчы, злавесныя пачвары або й добрыя стварэнні, тое, чаму дзівяцца людзі, што створана людзям на здзіўленне. Словам, розныя "дзівія" стварэнні народнай фантазіі эпохі Пяруна, Вялеса і Дажбога.
А можа і эпохі, якая папярэднічала ім, папярэднічала ўвогуле славянам. Бо кераміка, знойдзеная на Дзявочай гары - тыповая кераміка ўсходніх балтаў, а зарубінецкая культура тады ледзь-ледзь займалася тут (ёсць асобныя знаходкі ранняга яе этапу).
Ну а Замкавая гара - проста волат у параўнанні з Дзявочай, Замкавая гара са сваімі валамі, пад'ёмным мостам з паўднёвага боку, Акольным горадам (а вакол яго таксама равы і валы) - гэта ўжо не жыллё родавай абшчыны, а горад ва ўсёй разнастайнасці сваёй гісторыі, гэта ўжо дзевяць - а можа і болей - стагоддзяў гісторыі славян.
Не ўсёй, а пераважна 17 стагоддзя, да часу страшнай "Трубяцкой разні" (1654 г.).
Вулічны мост (мы яшчэ будзем гаварыць пра яго ў сувязі са знаходкай адзінай пакуль на Мсціслаў берасцяной граматы) перасякаў замчышча з поўначы на поўдзень і налічваў аж сем ярусаў бярвенняў. Ніжні датуецца 1239 годам, самы позні - першай паловай 14 стагоддзя. Паабапал моста былі вастраколы (бярвенняў не шкадавалі), сядзібы, хаты (досыць невялікія па памеры, як тром людзям легчы галовою да ног наступных трох: жыхары, відаць, лічылі, што няма чаго бабіцца ў хаце, калі прасторы хопіць і пад вольным небам у полі ці ў лесе), гаспадарчыя пабудовы і склепы.
Раскапана пакуль што няшмат і да гэтага часу самы ранні раскапаны будынак датаваны 1204 годам, а пад ім ідуць слаі бяднейшыя дрэвам.
Час, аднак, пакажа, што яно было і як. Абы нехта не ўздумаў гаспадарыць на старым гарадзішчы.
Але і знойдзенае да гэтага часу дае шмат матэрыялу для роздумаў і разваг. Касцяныя пласціны ад скуранога калчана, дзе арнамент - складаная повязь раманскага захаду, скандынаўскай поўначы і палавецкага поўдня, крыжы-энкалпіёны (складні) кіеўскай работы, шкляны кубак з арабскім надпісам. І, як часта на Беларусі, прасніцы з валынскага і аўручскага каменя, самшытавыя грабеньчыкі (гэта Каўказ). І, вядома, зброя, ганчарства, вырабы ліцейшчыкаў і гарбароў.
Вось на гэтай узгоркавай сямейцы, на Замку, аддзеленым ад Траецкай і Могільнікавай гор глыбокімі равамі, ды на Дзявочай і ўзнікла ў спрадвечныя язычаскія часы спачатку людское паселішча, а пасля і горад Мсціслаў.
У 12 стагоддзі (1136 год) упамінаецца ён як горад Смаленскага княства ў грамаце князя Расціслава Мсціславіча. У 1156 годзе яго, як умацаванае месца, упамінае Іпацьеўскі летапіс.
Месца было амаль непрыступнае. Ляжала на досыць бяспечнай гандлёвай дарозе (Сож і ягоны басейн ляжаў у межах Смаленскага княства, а купцоў, што плылі Дняпром, маглі абрабаваць, а то і забіць і смаляне і шалёныя, буяныя жыхары магутнага Полацкага княства, для якіх на першым месцы была смеласць, а закон - на другім). Месца ахоўвала з паўднёвага захаду шлях на Смаленск. Месца ляжала, як на той час, менавіта там, дзе трэба, і таму хутка вырастала, рабілася горадам моцным, слаўным, упрыгожаным.
У ім ужо ёсць багаты дзяцінец, мураваныя і драўляныя цэрквы, калі Смаленскі князь Раман Расціслававіч дае яго ва ўдзел сыну Мсціславу. Гэта 1180 год, год пачатку Мсціслаўскага княства. Мсціславу падпарадкоўваюцца Чавусы, Чэрыкаў, Радамля, Расна, Прапошаск, Расціслаў. І князі яго - з роду Манамаха.
Толькі не дужа шанцавала гэтым князям. Мсціслаў Раманавіч, першы ўдзельны князь Мсціслаўскі, а пасля князь Смаленскі, стаў потым князем Кіеўскім і загінуў пасля першага сутыкнення з манголамі на рацэ Калцы ў 1224 годзе.
Ды й самому гораду часамі шанцавала не дужа. З узнікненнем Вялікага княства Літоўскага ён апынуўся на юры, на памежжы паміж княствам і Смаленскай зямлёй. І тут ужо ён сербануў ліха спаўна, пераходзячы ад адных князёў да другіх, аж пакуль не апынуўся ў 1359 годзе - стала на пэўны, вядома, час - у складзе Вялікага княства. Вялікі князь Альгерд аддаў яго ва ўдзел сыну свайму Лугвену Сямёну. Князі літоўскія вельмі хутка аславяніліся і князь Лугвен Сямён не быў выключэннем. Жывучы ў славянскім асяроддзі, укладаючы свой побыт на славянскі манер, прыняўшы праваслаўе, ажаніўшыся з дачкой Дзмітрыя Данскога (у год Кулікоўскай бітвы, дарэчы), ён і гаварыў і выдаваў свае граматы па-старабеларуску. У тым жа 1380 годзе засноўвае ў наваколлі Мсціслава Пустынскі манастыр. А ў 1407 годзе засноўвае Ануфрыеўскі манастыр, а ў 1410 годзе сын яго Юры змагаецца пад Грунвальдам. А ў XV - XVI стагоддзях зноў точацца войны, палаюць гарады, з-за дынастычнай бязглуздзіцы, з-за ўсобіцы і ўладалюбства князёў, каралёў і цароў многімі тысячамі гінулі аршанскія, полацкія, маскоўскія, мсціслаўскія хлопцы. Аратаі, рамеснікі, кніжнікі, майстры. Залатыя чалавечыя рукі! Замест таго, каб ствараць, - яны бяруць меч і забіваюць.
І гэта ў той час, калі адзіны святы і стакрат блаславёны толькі той меч, што ўзняты на абарону роднай страхі, родных муроў, роднага ачага.
На шчасце, Мсціславу ёсць чым ганарыцца і тут. Яму давялося трымаць у руках меч высакароднай і праведнай вайны за айчыну і за самое існаванне роднага племя.
Здарылася гэта на самым пачатку XV стагоддзя. Тады вялікая бяда звалілася на землі славян. Ішоў Тэўтонскі ордэн, ставячы пад пагрозу не толькі мову, свабоду і гонар, але і самое існаванне славян. З боку рыцараў зачэпкай вайны 1409 - 1414 гадоў было тое, што Жмудзь упарта трымалася язычаства. Але немцы лічылі не меншымі язычнікамі не толькі праваслаўных, але і католікаў.
Жмудзь паўстала. З яе земляў даляцеў адчайны, перадсмяротны лямант аб дапамозе:
"Выслухайце нас, прыгнечаных, змучаных... Ордэн не шукае душаў нашых для бога, ён шукае земляў нашых для сябе, ён нас давёў да таго, што мы павінны або хадзіць з торбамі, або разбойнічаць, каб было чым жыць. Як яны пасля таго... пасмельваюцца хрысціць? Хто хоча іншых умываць, павінен быць сам чысты. Усё... у нас забралі: штогод звозілі дзяцей нашых да сябе у заложнікі, старэйшынь нашых завезлі ў Прусію, іншых з усім родам агнём спалілі - а яшчэ крыж святы на адзенні носяць. Злітуйцеся з нас!.. успомніце, што мы людзі ж, створаныя па вобразе і падабенству божыю, а не звяры якія"...
Войскі польскага караля Ягайлы (50 харугваў) і літоўскага вялікага князя Вітаўта перайшлі межы ордэна і 15 ліпеня сутыкнуліся пад вёскай Грунвальд.
Грунвальд.
У рыцараў перавага. Бо яны ад патыліцы да пятак захутаны ў сталь. Бо пусціць нават трох ратнікаў на аднаго рыцара азначала прыблізна тое самае, што пусціць трох воінаў з вінтоўкамі на танк.
У склад войска Вялікага княства Літоўскага ўваходзілі харугвы Берасцейская, Ваўкавыская, Лідская, Навагрудская, Гародзенская і іншыя. Князь Мсціслаўскі Сямён Аўгвен кіраваў так званымі рускімі (часам іх з часоў Салаўёва, невядома чаму, называюць яшчэ "смаленскімі") харугвамі. Гэта значыць - Полацкай, Віцебскай, Смаленскай, Мсціслаўскай.
Іхняй стойкасці, таму, што яны стаялі насмерць у той час, калі цяжкая кавалерыя ордэна пацясніла атрады вялікага княства, абавязаныя былі Вітаўт і Ягайла тым, што мелі час ачухацца, акрыяць, сабраць сілы і нанесці рашучы ўдар, абкружыць і знішчыць армію ордэна, нягледзячы на яе сілу, мужнасць, ваенны вопыт і дасканалае валоданне мастацтвам вайны. Каля 40.000 забітымі і 15.000 узятымі ў палон, увесь абоз страцілі рыцары, і сам магістр Ульрых фон Юнгінкен быў забіты ў сечы. Самое існаванне Тэўтонскага ордэна пасля Грунвальда ператварылася ў нявольную агонію.
Мсціслаўцам і іхняму Мсціслаўскаму князю няма чаго саромецца сваіх паводзін на полі гэтай бітвы. Наадварот, гэта іхнія мячы разам з мячамі суседзяў кавалі перамогу і здабылі ёю ўратаванне свету славян.
Мсціслаўскі князь, дарэчы, вызначыўся воінскімі талентамі не толькі тут, а і да Грунвальда (1392 год), разбіўшы шведаў на Няве, і пасля Грунвальда (1411 год), калі ён на чале ноўгарадцаў зноў хадзіў на шведаў, помсцячы ім за набег, сёлы паваяваў і спаліў і ўзяў вонкавыя ўмацаванні горада Выбарга.
Але гэта рэчы лакальныя. Вяршыняй ягонай мужнасці і мужнасці мсціслаўцаў, безумоўна, быў Грунвальд, адна з тых бітваў, у якіх славяне былі ўратаваны ад рабства і знікнення, у якіх яны былі ўзвялічаныя і зберажоныя, як каштоўнасць і этнічная велічыня.
І сын яго, Юры, быў услаўлены, як многія мужы горада.
Унучка Юрыя пайшла замуж за князя Жэслаўскага (Заслаўскага), якому, разам з родам быў нададзены тытул князёў Мсціслаўскіх. Але Міхаіл Жэслаўскі быў апошні Мсціслаўскі князь. Старэйшы сын ягоны памёр, а малодшы, Хведар, у 1526 годзе ад'ехаў у Маскву (унук ягоны, таксама Хведар, стаяў за самазванца, пасля ўдзельнічаў у змове супраць яго, ваяваў супраць паўстанцаў І. Балотнікава, узначальваў так званую сямібаяршчыну, выбіраў каралевіча Уладзіслава рускім царом, але й пры Міхаіле Раманаве заставаўся ў першых саноўніках: на ім род Мсціслаўскіх скончыўся).
Што ж датычыцца Міхала, дзеда ягонага, то ён усынавіў каралевіча польскага Сігізмунда, будучага караля Сігізмунда Аўгуста, і такім чынам кончылася Мсціслаўскае княства і ў 1528 годзе горад стаў каралеўскай воласцю, пад уладай старостаў, а ў 1569 годзе, пасля адміністрацыйнай рэформы зрабіўся галоўным горадам Мсціслаўскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Спачатку складалася яно з аднаго павету, Мсціслаўскага, а ў першай палове 17 стагоддзя былі створаны ў нашым ваяводстве паветы: Крычаўскі, Магілёўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі.
У 1569 годзе кароль Уладзіслаў IV даў галоўнаму гораду ваяводства магдэбургскае права. Быў створаны магістрат. Першым войтам горада стаў Язэп Корсак. Гораду была дадзена пячаць і першы сапраўдны герб: меч і шчыт пад ім.
Мсціслаў 16 - 17 стагоддзяў - вялікі горад, які вядзе гандаль з Захадам і Усходам. Менавіта тады ён налічвае 30 тысяч жыхароў і тэрыторыя ягоная дасягае прыроднага, так званага Цялячага рова, што абкружаў горад з поўдня і, працягнуўшыся на дзесяць вёрст, выходзіў на заходняй гарадской ускраіне да Віхры. Менавіта тады, у канцы шаснаццатага і ў семнаццатым стагоддзі, пачалі, як грыбы, вырастаць камяніцы, касцёлы і кляштары.
Умацаванні гэтага "Вялікага горада" былі, як на той час, вельмі моцныя.
Вежа-данжон пасярэдзіне Замчышча.
Па перыметры замчышча - вал вышынёй у два з паловай метры, увянчаны сцяной-вастраколам з бярвенняў. Вышыня яе і колькасць вежаў на ёй мы не ведаем (раскапаная толькі нязначная частка Замчышча). Ды й не яна і не вал былі галоўнай перашкодай ворагу. Галоўнай перашкодай былі яры, над якім ўзвышаліся вал і сцяна.
Шырынёю ў 60 - 100 метраў (закідаць іх практычна немагчыма нават для сучаснай тэхнікі) і глыбінёй у 25 метраў, яны ўражаюць і зараз. І зараз жудасна, стоячы на вале, глядзець уніз. Амаль стромыя адходны пад нагамі. А калі за імі сачылі, падсыпалі, раўнялі і, магчыма, забівалі ў схіл нахіленыя ў бок ворага вастраколы, гэта была, мабыць, амаль адвесная прорва, узлезці на якую чалавеку, абцяжаранаму кальчугай, было неймаверна цяжка.
Тым больш, што на месцы цяперашняга ўз'езду на Замчышча таксама быў яр і над ім пад'ёмны мост. І гэта прыродны роў запаўняўся яшчэ вадою з магутных тады крыніц Здароўца.
Адчынілася брама замчышча. Адгучаў пад нагамі пад'ёмны мост над прорвай.
Вакол - горад са шматлікімі цэрквамі, касцёламі, крамамі. Ад брамы Замчышча да яру, які абкружае горад, і валоў на ім - радыяльна разыходзяцца чатыры вуліцы да чатырох гарадскіх брам: Троіцкай, Апанасаўскай, Спаскай і Пацоўскай.
І вакол манастыры-крэпасці, якія прыкрываюць падступы да горада. Скажам, той жа Пустынскі, той жа Ануфрыеўскі.
Горад вартуе, горад не спіць.
...Пра будаўніцтва і тагачасную архітэктуру мсціслаўскую я раскажу ў свой час, а пакуль што трэба пагаварыць пра асноўныя вехі гісторыі Мсціслава тых часоў. На жаль, гэта будзе пераважна гісторыя войнаў, пажараў, аблог, загібелі многіх і многіх людзей. Было мноства дробных сутычак, былі і больш буйныя сечы.
Трынаццаць год (1654 -1667 г.г.) цягнулася вайна між Масковіяй і Рэччу Паспалітай.
У маі 1654 года рушыла ад Бранска на Мсціслаў маскоўскае войска на чале з князем А. М. Трубяцкім. На світанку 22 (па некаторых звестках 12) ліпеня Мсціслаў быў абложаны. Абложнікі, разграміўшы яго, пад гарачую руку, учынілі, так званую "трубяцкую разню".
Пра гэта і гаворыць фрэска XVII стагоддзя на гэтую тэму ў Мсціслаўскім Кармяліцкім касцёле. На ўсіх археалагічных раскопках Замчышча, ніжэй сучасных гародаў ідзе таўшчэзны, магутны пласт разбурэння, друзу і вугалю, рэчаў 17 стагоддзя, чыгунных і каменных ядраў, зруйнаваных дамоў з багатымі кафлянымі печкамі і г.д.
Пра кафлі я ўпамянуў не так сабе. Іх вывезлі. А паколькі Мсціслаў славіўся на ўвесь свет перш за ўсё майстрамі "цаніннай справы", тымі, што ведалі сакрэты вырабаў кафеляў, і дойлідамі, то перш за ўсё вывезлі менавіта іх. Я раскажу пра гэта больш падрабязна, гаворачы пра Сцяпана Палубеса, пра іншых майстроў і справы іхняга жыцця.
Зусім непадалёк ад Мсціслава, у цяперашняй Смаленскай вобласці, у вёсцы Андрусава, быў урэшце ў 1667 годзе ўкладзены мір. Мсціслаў застаўся за Рэччу Паспалітай.
Горад так i не аправiўся да канца ад разгрому. Рос, праўда, ён, расло i яго насельнiцтва, але замак i многiя храмы ляжалi ў руiнах i ранейшага багацця i бляску ён так нiколi i не дасягнуў. Тым больш, што вайна не абмiнала яго i пасля.
Паўночная вайна са шведамі прагрукатала навалай таксама праз Мсціслаўскае ваяводства. І Левенгауп ішоў праз Мсціслаўшчыну, і Пётр I. Напярэдадні бітвы са шведамі 30 жніўня 1708 года ля сяла Добрае ( 16 кіламетраў ад Мсціслава) горад наведаў Пётр I.
Тут нарадзіліся Мсціславец, Гарэцкі, Прахаў, Насовіч, людзі, якія сапраўды праславілі горад і зямлю мсціслаўскую.
Вынікам работы гэтых людзей былі разумныя і добрыя кнігі, вынікам "наведвання" другога была бітва пад Добрым (заспелі ворага ноччу, нечакана), у якой шведы, пасупраціўляўшыся дзве гадзіны, пакінулі на полі бою тры тысячы забітых, сцягі, мноства параненых.
Пасля скончылася і Паўночная вайна. Горад жыў сабе і жыў, але пакуль што яшчэ не стаў глухой правінцыяй.
Будавалі і гандлявалі, хаця і зменшылася колькасць рамеснікаў і майстроў.
Васемнаццатае стагоддзе ў гісторыі Мсціслава ўжо амаль не мае гераічных, гучных старонак. Горад ужо не вяршыць лёсаў гісторыі, горад нібы на мяжы летаргічнага сну, ён жыве, як многія і многія гарады правінцыяльнай Рэчы Паспалітай. Памалу будуе, памалу гандлюе. Людзі нібыта прывыклі да ўсяго на шляхах страшнай, крывавай і нясправядлівай сваёй гісторыі і, перш за ўсё, звыкнуліся амаль абыякава пераносіць свае пакуты і прымушаць іншых.
Мсціслаў не быў выключэннем з правіл. Тое самае рабілася і ў іншых мясцінах.
У 1772 годзе, па першым падзеле Рэчы Паспалітай, Мсціслаў адыходзіць да Расійскай імперыі.
У 1777 годзе горад прызначаецца цэнтрам Мсціслаўскага павету Магілёўскай, потым Бранскай, потым зноў Магілёўскай губерні, а ў 1781 годзе атрымоўвае новы герб (уласна кажучы, герб-здзек): шчыт, а ў ніжняй частцы бяжыць па зялёнай траўцы лісіца.
Калi гэтым намякалi на жывёльны свет Мсцiслаўшчыны, то лiсаў там па-мойму, столькi ж, колькi i паўсюль на Беларусi, а калi гэтым намякалi на пэўную хiтрасць, спрыт i абаротнасць мсцiслаўцаў (кажуць-жа, што "мсцiслаўцы не памiраюць на сваёй лаўцы"), то не адны яны такiя былi i нашто было знеслаўляць iх такiм гербам на ўсю Расiйскую iмперыю, калi быў у iхнiм гербе меч i шчыт, калi славiлiся яны не толькi гандлёвым спрытам i ўменнем сяк-так выкруцiцца з цяжкiх абставiн, але i мужнасцю, стойкасцю ў войнах.
І так зажыў Мсціслаў горадам павятовым. Жыццё ягонае ў XIX стагоддзі можна было б назваць нават дрымотным, каб не дзве акалічнасці. Першая: як і раней, не абыходзілі яго бокам розныя навалы і войны. Другая: рэдка які павятовы горад даў Беларусі і ўсёй Расіі так зайздросна многа славутых і высокародных людзей: вучоных (гісторыкаў, археолагаў, этнографаў, лінгвістаў), мастакоў, пісьменнікаў. Аб іх я скажу ў сваім месцы. Цяпер жа - аб грамадскіх патрасеннях.
Не абмінула горад і вайна з Напалеонам 1812 года.
Баграціён ішоў праз Мсціслаў пад Смаленск. Яму ўдалося дзе прарвацца, а дзе і праслізнуць праз французскае войска і злучыцца са сваімі асноўнымі сіламі. Горад занялі французы. Але ён ляжаў на ўзбочыне ад мясцін галоўных бітваў. Калі французская армія адступала, гараджане напалі на французаў у Зарэччы, пабілі частку, а частку прымусілі бегчы.
Увогуле горад на працягу XIX стагоддзя не тое каб перажываў заняпад, а проста жыў так сабе, сяк-так. Паменела каменных будынкаў, стала менш жыхароў (першы прызнак гэтага на тыя часы - змяншэнне колькасці цэркваў: зніклі сярэдневяковыя цэрквы Іллінская, Багаслоўская, Апанасаўская, Прэабражэнская, Мікольская, зніклі кармеліцкі і бернардынскі кляштары), і вельмі паменела сярод гараджан, як і паўсюль на Беларусі, пісьменных людзей.
Ведаю, што мае дадзеныя крыху не супадуць з дадзенымі сучаснай кароткай энцыклапедыі, але я бяру энцыклапедыі тых часоў. А згодна іх у Мсціславе па перапісу 1896 года лічылася 8467 чалавек, (з іх 38 працэнтаў пісьменных, 62 працэнты непісьменных). Шлюбаў сорак, нованароджаных 272 (146 хлопцаў і 126 дзяўчынак), памерла 126, прырост 146. Так званых "фабрык і заводаў" 13 з 35 рабочымі і вытворчасцю на сумму 20687 рублёў. Бальніц 3, багадзельняў 4, гарадское трохкласнае вучылішча, парафіяльнае і духоўнае вучылішчы, 3 бібліятэкі, 2 кніжныя крамы.
Заводы былі вапенныя, гарбарныя, свечныя, піваварныя і мылаварныя, 4 цагельні, 2 млыны, 6 крупадзёрак, 2 маслабойні.
У 1889 - 1902 гадах выходзіла першая мсціслаўская штотыднёвая газета "Белорусский комиссионер".
Першая сацыял-дэмакратычная група рабочых-іскраўцаў узнікла ў 1903 годзе і ў 1905 годзе, у маі, аформілася ў Мсціслаўскую арганізацыю РСДРП. Уваходзіла ў Палескі камітэт РСДРП (б). Налічвала ў канцы 1905 года 61 чалавек.
Распаўсюджвала нелегальныя лістоўкі і брашуры, вяла агітацыю (была звязана з Магілёўскай арганізацыяй, Смаленскім камітэтам РСДРП, з Замежным бальшавіцкім цэнтрам), у 1905 годзе арганізавала двухтыднёвую забастоўку рамеснікаў і рабочых майстэрняў Мсціслава. 1 мая 1906 года правяла дэманстрацыю працоўных і мітынг каля муроў Тупічэўскага манастыра. Вынікам яе агітацыі былі дзесяць сялянскіх выступленняў на працягу 1905-1906 гадоў. На падаўленне іх даслана была пяхота, казакі і паліцыя. З падаўленнем першай рэвалюцыі аслабнула і дзейнасць арганізацыі, якая крыху ажывілася толькі недзе каля 1910 года, пасля чаго звестак пра яе аж да лютага 1917 года не было.
Падзеі пачатку ХХ стагоддзя, хочаш не хочаш, трэба падаваць пункцірам. Звестак (у тым ліку статыстычных) мала, яны няпоўныя, а часам і няпэўныя. Таму можна гаварыць толькі пра рэчы несуменныя, а іх не так многа.
На пачатку ХХ стагоддзя ў Мсціславе ўжо былі мужчынская і жаночая гімназіі, чатырохкласнае духоўнае вучылішча, мужчынскае і жаночае ніжэйшыя вучылішчы, дзве царкоўна-парафіяльныя школы, пачатковае вучылішча пры Тупічэўскім манастыры і народнае вучылішча. У 1914 годзе сюды эвакуіравалі з Панявежа настаўніцкую семінарыю (на яе базе ў лістападзе 1925 года адкрыўся Мсціслаўскі педтэхнікум).
Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў горадзе пачала выходзіць газета "Мстиславский голос", у сакавіку гараджане разагналі царскую адміністрацыю, 15 мая быў арганізаваны першы прафсаюз рабочых і служачых, у лістападзе ўстаноўлена Савецкая ўлада, 10 снежня арганізавана РКП(б), 10 студзеня 1918 года ў гарадскім клубе-тэатры "Ратонда" на мітынгу рабочых, салдат і матросаў абвешчана стварэнне Часовага рэвалюцыйнага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а 24 студзеня 1918 года адбыўся першы павятовы з'езд Саветаў. У сакавіку 1918 года адбыўся другі павятовы з'езд Саветаў, на якім старшынёй выканкома абралі бальшавіка Ф. М. Малахоўскага, а павятовым камісарам А. Л. Юрчанка (у ліпені 1919 года ён стаў старшынёй выканкома).
Германская акупацыя захапіла частку Магілёўскай губерні, таму ў сакавіку 1918 года ў Мсціслаў перавялі выканком Магілўскай губерні, губком РКП(б) і іншыя ўстановы.
У 1919 годзе Мсціслаў (як і ўся неакупіраваная частка Беларусі, аб'яднаная са Смаленскай губерняй) увайшоў у склад РСФСР, а 3 сакавіка 1924 года адышоў зноў да БССР у адпаведнасці з пастановай Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта.
Але пра гэта можа і хопіць. Я не пішу гісторыі і не трэба тут змяшчаць звестак, якія можна атрымаць, раскрыўшы кожную энцыклапедыю, і амаль кожны даведнік. А я тут пастараюся расказаць аб тым, што не ўвайшло або толькі часткова ўвайшло ў даведачную літаратуру, аб тым, што сабрана з розных крыніц, што калісьці чытаў або чуў, што сабрана адусюль па зернейку. Пра тое, на паўторнае збіранне чаго ў чытача можа не хапіць часу, ахвоты або магчымасці.
...Горад фарміраваўся ў сівую даўніну на паўдзённых узгор'ях Смаленскага ўзвышша, як было ўжо сказана, навакол Замкавай, Троіцкай і Дзявочай гор.
Адгор'і гэтыя невысокія (да 239 метраў над узроўнем мора), лагодныя, клімат мяккі, колькасць ападкаў дастатковая, глебы добрыя. Плывуць па гэтай зямлі Сож, Віхра, Натапа і іншыя рэкі і рачулкі. Пад лесам зараз 14,4 працэнта плошчы. Ёсць радовішчы фасфарытаў, крэйды, цагельнай сыравіны.
І вось узнікаюць на гэтай ласкавай зямлі паселішча, а потым горад, жыве і развіваецца, як кожны жывы арганізм, ведае перыяды заняпаду і ўзнясення, бурыцца і зноў будуецца.
Мы можам толькі ўскосна меркаваць пра тое, як выглядаў горад у ХІІ-ХІІІ стагоддзях. Равы, валы намякаюць нам на гэта. Ну і рэшткі нейкай царквы той эпохі. Бо знойдзеныя былі паліваныя пліткі падлогі, кавалкі звана, частка свінцовага даху. І плінфы - тонкія і вялікія цагліны, з якіх будавалі палацы і храмы ва ўсіх усходнеславянскіх землях аж да часу мангольскага нашэсця.
Сучасны сілуэт горада складаюць будынкі значна больш познія. Гэта царквы Крыжауздвіжанская, Троіцкая (зберагліся ў фрагментах), асабліва манументальныя касцёлы і кляштары. Гэта ўжо ў XVII - XVIII стагоддзі. Будуюць на пачатку XVII стагоддзя касцёл, калегіі і аптэку езуіты, у цэнтры горада будуюцца дамінікане, аў 1614 годзе кармеліты ўзводзяць на Замкавай гары свой касцёл, самы велічны ў Мсціславе. Праўда, наконт заснавання яго існуюць рознагалоссі. Некаторыя кажуць, што касцёл гэты быў пабудаваны ў 1637 ці нават 1638 годзе. А некаторыя стаяць на тым, што заснаваны ён быў усё ж у 1614, а ў 1637 да яго толькі прыбудавалі цёплую капліцу.
Гэты храм мог бы зрабіць гонар кожнаму гораду, тым больш , што ў ім зберагліся фрэскі, у прыватнасці вельмі рэдкія на Беларусі фрэскі на свецкія тэмы: штурм горада Трубяцкім і "трубяцкая разня". Зроблена гэта па свежых слядах здарэння і зроблена здорава. Ды і ўвогуле храм уражвае кожнага і сваім вонкавым выглядам, і сваім інтэр'ерам. Будынак трывала, і, адначасова, лёгка стаіць на зямлі. Ён, нібыта, і прысадзісты, але, адначасова, такі бязважкі, што душа разам з ім адрываецца ад зямлі, асабліва калі над вежамі ягонымі бягуць аблокі, і сам ты разам з храмам, плывеш з імі некуды.
У 1746 -1750 гадах касцёл рэканструяваў вядомы архітэктар Ян Крыштэф Глаўбіц, майстар барока, таго, позняга, у самай развітай ягонай форме. Ён перарабіў вярхі вежаў, галоўны фасад і дах. Да іншых работ Глаўбіца (1700-1767) належыць касцёл у Сталавічах і палац архіепіскапа ў Магілёве. Ён жа рэканструяваў Сафійскі сабор у Полацку. Значная частка работ Глаўбіца, на жаль, не збераглася.
Зараз Кармеліцкі касцёл у Мсціславе рэстаўруецца. Работы, на жаль, ідуць павольна, нават занадта павольна. Мала кваліфікаваных работнікаў.
У 1626 годзе быў уздведзены езуiцкi касцёл з кляштарам (таксама трохнефная, дзвюхвежавая базiлiка), у 1842 годзе перароблена ў праваслаўны Мiкалаеўскi сабор. Зараз гэты здаровы будынак моцна запушчаны, а не так жа яшчэ даўно тут быў дом культуры. Храм, па-мойму, нават не пастаўлены пад ахову. А яго хапiла б яшчэ на пяцьсот год, i ўвесь гэты час яго можна было б выкарыстоўваць.
А то атрымоўваецца, што камені адказваюць бакамі за ўчынкі людзей і за тыя ідэі, што жылі ў іхніх галовах. І атрымоўваецца, што сілы і грошы народныя выдаткуюцца марна ў барацьбе з міражамі.
Глядзіце самі. Вось стаяла ў цэнтры горада праваслаўная Афанасьеўская царква. Вось у 1772 годзе яна не спадабалася. Знеслі. Збудавалі на яе месцы бернардынскі касцёл з кляштаром. Кацярына ІІ, як мы ведаем, спачатку заігрывае нават з забароненым паўсюль езуіцкім ордэнам.
Па плане 1778 года на галоўную плошчу Мсціслава выходзяць езуіцкі касцёл (на яго арыентуецца восевая вуліца), Троіцкая царква і Бернардынскі кляштар, але ў 1831 годзе, пасля паўстання, большасць каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў зачынена ці перададзена праваслаўю.
А тут яшчэ пажар 1858 года крыху пашкодзіў Бернандынскі комплекс. Тады яго з лёгкім сэрцам разбіраюць, а на тым месцы будуюць царкву Аляксандра Неўскага. Добра, што нехта ў нашы дні падаў ідэю размясціць у ёй музей. А то чаго б прасцей - разабраць і на яе месцы зноў нешта ўзвесці.
Мы не павінны помсціць будынкам за тое, што рабілі ў жыцці людзі, якія іх узводзілі.
Скажу болей таго: некаторым рэчам мы павінны вучыцца нават у людзей, ідэі, жыццё, учынкі якіх нам агідныя і брыдкія. Чалавек, калі ён чалавек разумны, бярэ зерне добрай ідэі нават у ворага, скажу болей, нават у вылюдка, калі ў яго такая ідэя часам з'яўляецца. Іначай ён не заслугоўвае назвы чалавека разумнага. Растлумачу зноў жа на прыкладзе Мсціслава і ягоных камяніц. Мы не ведаем імён тых, хто будаваў у Мсціславе храмы і камяніцы аж да XVII стагоддзя, хто распісваў будынкі, упрыгожваў іх разьбою. Як ні дзіўна, сярэдневяковае праваслаўе страшэнна абыякавае да творцы, да асобы, якая на яго працавала, да дойліда, майстра фрэскі і іконы, разьбяра. І так паўсюль. Трэба быць сямі пядзяў у лобе, каб заслужыць на ўпамінанне. А ўжо біяграфіі нават у Рублёва і Феафана Грэка лічы што няма. Творца знікае, раствараецца ў бязлікай масе, нібы ўсе гэтыя цудоўныя будынкі выраслі з зямлі, а роспісы і іконы ўзніклі самі сабой.
За пяцьсот год гісторыі Мсціслава, ад яго ўзнікнення, ніводнага імя. Ніводнага. Нібы жыццё і творчыя пакуты гэтых людзей на тое не заслугоўвалі.
Ёсць, аднак, і адно імя праваслаўнага Мсціслаўскага майстра, якое дайшло да нас. Дайшло па Маскоўскіх крыніцах другой паловы XVII стагоддзя. І дайшло толькі таму, што справа, што мастацтва, майстрам якога ён быў, было для тагачаснай Масквы справай новай і дагэтуль небывалай.
Імя гэтага майстра Сцяпан Палубес. У Маскве яго называлі яшчэ Сцяпан Іваноў, але мы не ведаем, ці гэта было яго імя па бацьку, ці прозвішча. З аднаго боку "лічыць", называць па бацьку, чалавека простага паходжання (і нават купца) у Маскве не было прынята, а на тагачаснай Беларусі не было прынята зусім. З другога боку ў дадзеным выпадку маглі зрабіць і выключэнне з правіла, надта ўжо незвычайным і рэдкім майстэрствам валодаў чалавек.
А ўмеў ён рабіць вясёлкавыя кафлі і шматкаляровыя рэльефы з маёлікі.
Мне могуць запярэчыць, што Маскоўская дзяржава ведала кафельнае рамяство і раней. Ну так, ведала, але менавіта і толькі як рамяство, а не майстэрства. Маскоўская кафля была ўкрытая празрыстай аднатоннай палівай, часцей за ўсё зялёнай, радзей бура-карычневай. Ішоў па кафлі арнамент, а таксама коннікі, птушкі, сцэны з казак, ваенныя сюжэты. Але гэты дробны аднатонны рэльеф не глядзеўся здалёк: так сабе, плямы і разводы, пісягі і незразумелыя завіткі.
Зблізку, на ляжанцы або грубцы, калі ласка, разглядай колькі хочаш. На грубкі гэтая кафля пераважна і ўжывалася.
Іншая справа кафля беларускіх (мсціслаўскіх, копыскіх і іншых) майстроў. Гэта кафля расфарбаваная непразрыстымі эмалямі і ў мностве колераў; зялёнае плеціва лістяў, завіткі і візэрункі сцяблін, пабегаў, вусікаў на сінім і блакітным полі, залацістыя плямы "павіных вачэй", белыя і карычневыя іскры. Прычым гэта не толькі плоскія пліткі. Гэта карнізы, каляровыя, пукатыя паяскі, калоны, вычварна абвітыя хмелем або вінаграднай лазой.
Будынкі ззялі на сонцы, як вясёлка. І ззяюць зараз.
Гэтае беларускае, мсціслаўскае майстэрства мела даўнія традыцыі. Ніжняя царква і Каложа ў Гродні мелі ўмураваныя ў цэглу муроў паліраваныя рознакаляровыя валуны і паліваныя маялікавыя пліткі, што разам складала кветкі, колы, крыжы. У той жа час храмы Паўночна-Усходніх княстваў не карысталіся гэтай тэхнікай. Там храмы былі белакаменныя з белакаменнымі ж рэльефамі. Але і гэтая традыцыя была перарваная больш чым на стагоддзе мангольскім пагромам, калі на мураваныя будынкі ўвогуле не хапала ні сіл, ні сродкаў, ні, шчыра кажучы, жадання (нашто старацца, калі заўтра ўсё адно прыйдуць і разбураць).
А будаўнічая традыцыя княстваў Паўночна-Заходніх не была спыненая. Яна развівалася і ўдасканальвалася і вось у XVII стагоддзі прыйшла з Беларусі ў Маскву. Якраз тады, калі там пачалі асабліва цаніць вонкавую ўбранасць, багацце, шыкоўнасць і пышнасць, казачную вясёлкавасць будынка. Так што беларускія майстры кафлі, размаляванай яскравымі эмалямі, якраз прыдаліся да кампаніі і нават пачалі верхаводзіць у ёй. У прыватнасці, Ігнат Максімаў з Копысі і, асабліва, як я ўжо казаў, мсціславец Сцяпан Палубес.
Мы не ведаем яго падрабязнай біяграфіі, не ведаем гадоў нараджэння і смерці, не ведаем, што ён рабіў у Мсціславе, з якога быў родам. Мы ведаем толькі ягоныя маскоўскія работы, якія праславілі яго.
Мы гаварылі ўжо, што пасля "разні" 1654 года князь Трубяцкі вывез у Маскву з Мсціслаўля гарадскіх майстроў, у ліку якіх быў і Сцяпан Палубес. Спачатку ён, відаць, працаваў на князя, пасля стаў царскім майстрам.
Упрыгожваў Уваскрасенскі сабор у Новым Іерусаліме, а з 1666 года зрабіўся майстрам Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля. Разам з іншымі беларускімі майстрамі (з Копыся, Оршы і іншых гарадоў) аздабляў Пакроўскі сабор у Ізмайлаве (1674 год), рабіў фрызы царквы Грыгорыя Неакесарыйскага (1669 год), удзельнічаў у афармленні Церамнога палаца, Аптэкарскага прыказа і царквы Спаса за залатой рашоткай у Крамлі, стварыў шматкаляровыя маялікавыя рэльефы апосталаў для царквы Успення ў Ганчарах (1691), на якіх пануе гармонія карычневага, чорнага, сіняга, зялёнага і залатога колераў.
Гэта стараннямі ягоных рук расцвілі на мурах маскоўскіх палацаў і цэркваў кветкі, грона, зёлкі, павіныя пер'і. Блішчастая, вясёлкавая гульня святла і колераў. Залацістага, блакітнага, сіняга і колеру марской вады.
І вышэйшае, па-мойму, што ён стварыў, лазурны церам на Круціцкім падвор'і. Небывалая, лёгкая, сіняя казка, зірнуўшы на якую, лягчэй робіцца жыць. Дзіва, пабудаванае з нябеснага блакіту і месячнага святла.
Так, адзіны і небывалы ў сваім родзе, непераўзыдзены быў мсціслаўскі майстра Сцяпан Палубес.
На жаль, у родным ягоным горадзе не засталося нічога створанага ягонымі рукамі (замест гэтага ў раскопе тоўсты след пажарышча). Мала таго, сакрэт высокага мастацтва ягонага загінуў у войнах. А калі зірнеш на тую кафлю, на таго "кабанчыка", якім абкладаюць і "упрыгожваюць" муры дамоў сучасныя дойліды (не толькі мсціслаўскія), - хочацца адно махнуць рукою.
XVIII і ХІХ стагоддзі ў Мсціславе ўвогуле перыяд будаўнічага ўпадку. Рэгулярны план 1778 года з прамавугольнай сістэмай вуліц парушае традыцыі гарадской забудовы. Пасля архітэктары, як заўсёды, парушаюць і той план. Давяршаюць справу частыя пажары (асабліва моцныя ў 1858 і 1863 гадах). Пасля пажараў забудоўваюцца дзве і як хто хоча. На месцы плошчы разбіваюць бульвар (цяперашні бульвар разбіты ў 1863 годзе).
Пажары ўвогуле часта шкодзілі гораду. Пад час агульнагарадскога пажару 1858 года згарэў, напрыклад, не прастаяўшы і стагоддзя, царскі палац, узведзены для Кацярыны ІІ пад час яе падарожжа ў Крым (Мсціслаў тады, у 1787 годзе, сустракаў яе з вялікай помпай, прычым асабліва вялікая ўрачыстасць адбывалася ў Кармяліцкім касцёле).
Многія пабудовы пажэрлі войны, час, а найбольш нядбальства і варварскія адносіны людзей да свайго мінулага, да сваей спадчыны, да продкаў сваіх. Так вось сабе зніклі многія цэрквы ў самім Мсціславе, манастыры ў наваколлі ягоным.
Тым больш трэба берагчы тое, што засталося. Хай сабе той жа царкве Аляксандра Неўскага толькі сто год - будзе і яна калісь узорам таго, як будавалі ў той час людзі, а пакуль няхай бы несла службу, як музей.
Хай сабе ў Ануфрыеве ад былога манастырскага комплексу (а манастыр заснаваны ў 1407 годзе героем Грунвальда Лугвенам Альгердавічам) збераглася адна толькі царква XVIII стагоддзя - яе позняе барока павінна яшчэ доўга радаваць людзей. Таксама як позняя, на дзіва зграбная, тамтэйшая званіца.
Нічога нельга нішчыць. Ні Мікалаеўскага сабора з будынкам семінарыі, ні царквы Спасапраабражэння на могілках. Усё мае каштоўнасць - вялікую ці крыху меншую, але каштоўнасць - у будучым нашым жыцці.
Мы павінны шанаваць усё гэта як і позні (1906 год) будынак гімназіі, у якім вучыліся столькі карысных і нават вядомых сыноў і дачок нашай зямлі (у тым ліку паэт Аркадзь Куляшоў), як і мемарыяльныя будынкі. Бо не захочам жа мы, каб нашы нашчадкі з непавагаю ставіліся да пабудаванага намі і да нашых магіл. А іх тут многа. Асабліва з вайны 6407 мсціслаўцаў. Магілы ў Шамаве, Лютні, Сяльцы, Капачах, Забалацці. 55, 152, 271, 246, 328, 331, 437, 147 чалавек… Стамляешся лічыць! А тут жа кожны раз сонца згасала. І як падумаеш, што з гэтых пагубленых людзей, сярод якіх былі юнакі і дзеці, мог бы вырасці новы Пётр Мсціславец, новы Максім Гарэцкі, новы Насовіч, або нешта зусім на свеце небывалае, нейкі касманаўт або вялікі паэт, дый проста добры муж, добрая маці, добры дзед, добрыя работнікі - хоць ты сядай і плач.
Стэлы. Помнікі. А што памогуць стэлы і помнікі? Яны толькі памагаюць жывым крыху менш адчуваць сваю віну перад мёртвымі. Мабыць, галаву адкруціць трэба таму, хто паганіць магілу. І таго самага варты той, хто паганіць або знішчае старую будыніну. Бо гэтым ён павялічвае віну нас, жывых, перад тымі, хто аджыў, хто смяяўся і плакаў, як мы, хто працаваў і будаваў, чые мары аб прыгажосці і шчасці жывуць у гэтых старых мурах.
…Розны бываў па колькасці жыхароў Мсціслаў у розныя часы сваёй гісторыі.
А трыццаць тысяч у ім жыло, і тысяча трыста (у 1780 годзе) і восем тысяч з паловай (1897 год) і дзесяць з паловай тысяч (1905 год). Але колькасць жыхароў яшчэ нікому ніколі і нічога не гаварыла і не гаворыць. Людзі, якія тут жылі і жывуць, вось што галоўнае.
Калі б у мяне спыталі, якая рыса асабліва ўласцівая жыхарам Мсціслаўскай зямлі, што асабліва вызначае іх сярод астатніх беларусаў, я перш за ўсё назваў бы не розум, не мяккасць і дабрыню, не гасціннасць, не іншыя агульнанародныя рысы. Перш за ўсё, бадай, я назваў бы ініцыятыўнасць, прадпрыймальнасць, энергічнасць, дзейнасць і спрыт. Ужо якія толькі беды не хадзілі па ягонай мсціслаўскай спіне, як толькі не стараліся пазбавіць яго жыцця, а ён жыве і выжывае стойкі і ўпарты, як дрэва на камені; ён выкруціцца - дзе мужнасцю, дзе сілай, а дзе й хітрасцю (што ўжо адмаўляцца) з самых невыгодных абставін, ды яшчэ й выйдзе з іх, на ўсеагульнае здзіўленне не толькі з перамогаю, але і з некаторай прыбыллю, хай сабе маральнай.
Ходзячы аднойчы па вуліцах горада з двума паважанымі мсціслаўцамі, я ўздумаў паддражніць іх. Успомніў пару выпадкаў, калі мсціслаўцы каралю жменю блох прадалі, успомніў, што "мсціслаўцы не паміраюць на сваёй лаўцы", прыпомніў, між іншым, як "недасекі" на працягу ста пяцідзесяці год аблапошвалі ўсю імперыю кубрачаствам.
- Гэта што?
- А хадзілі па імперыі з просьбітнымі кніжкамі (заверанымі ў начальства і ў свяшчэнніка). Збіралі грошы на пабудову пагарэльных і ўзвядзенне новых цэркваў.
- Ну і што?
- Ну, каб усе тыя грошы, што яны сабралі, пусціць у справу, то ў Мсціславе не сем цэркваў было б, і не "сорак саракоў" (тысяча шэсцьсот), як у старажытнай Маскве, а мінімум шаснаццаць тысяч.
- Быць не можа.
- А вы зірніце ў "Расію", т. ІХ, ст. 397.
Крыху абзадачаныя, яны раздумвалі надзьмуцца ім на мяне ці пусціць усю справу так, аж тут адзін з іх успомніў пра маю маці:
- Э, дык і вы ж таксама недасек.
- Ну так. Калі меркаваць па тым, што маці нарадзілася тут, і я таксама напалову недасек.
- Тады няхай, - прымірыліся яны.
І сапраўды, чаго крыўдаваць на твае жарцікі і кепікі, калі і ты сам не лепшы, ва ўсякім разе, сам напалову такі. Ну, але жарты жартамі, а давайце прыпомнім хаця некаторых людзей, якіх даў Беларусі (і ўсяму свету) маленькі Мсціслаў і яго бліжэйшае наваколле. Таму што востры Мсціслаўскі розум, хватка, кемнасць, дзелавітасць заўсёды былі накіраваныя, але найбольш на карысць чалавеку і на ягоны поступ наперад.
Пра дойлідаў і мастакоў, у прыватнасці Сцяпана Палубеса, мы ўжо гаварылі. Давайце цяпер пагаворым пра людзей асветы, думкі, навукі і культуры.
І, перш за ўсё, увогуле пра мсціслаўскую пісьменнасць.
Доўгі час існавала думка, што на ўсходнеславянскіх землях пісьменнае было ці не адно толькі духоўнае саслоўе, ну і хіба частка самых вярхоў грамадства. Яно і праўда: пергамент рэч дарагая, амаль недаступная для сярэдняга чалавека. Пергаментныя кнігі ХІ - ХІІ стагоддзяў дайшлі да нас у адзінкавых, па пальцах можна пералічыць, экземплярах. Адсюль вывад: насельніцтва было малапісьменнае.
Такая думка панавала аж да 1951 года, калі археолагі знайшлі ў Ноўгарадзе першую берасцяную грамату. Цяпер іх знойдзена там 588. Значыць, не былі рэдкасцю пісьменныя людзі. Значыць, для штодзённых сваіх патрэб людзі сярэдняй заможнасці карысталіся бяростай. Але ці была такая распаўсюджаная пісьменнасць асаблівасцю толькі адной Ноўгарадскай гандлёвай рэспублікі? Выявілася, што не. Проста асаблівасці паўночнай ноўгарадскай глебы лепш зберагалі бяросту. Але з цягам часу берасцяныя граматы былі знойдзены ў Смаленску, Старой Русе, Пскове.
Потым загаварыла беларуская зямля. У 1959 годзе была знойдзена берасцяная грамата ХІІІ стагоддзя ў Віцебску. Мсціслаў быў другі беларускі горад, дзе ў 1980 годзе таксама знайшлі такую грамату. Яна ляжала ніжэй сёмага бярвенчатага вулічнага насцілу. Мяшчэнне гэтыя датуецца 1249 годам, і значыць, пісалі грамату раней, недзе ў першае трыццацігоддзе ХІІІ стагоддзя.
Грамата гэтая дайшла да нас не цэлая. Гэта, уласна кажучы, невялікі ўрывак, тэкст якога паддаецца прачытанню з цяжкасцю і сэнс якога цьмяны. Ва ўсякім разе гэта дзелавы дакумент (большасць берасцяных грамат гаворыць менавіта аб прыватным жыцці людзей, аб іхніх справах, пакупках, даручэннях: гэта просьбы, загады зрабіць нешта і нават прапановы рукі і сэрца), у якім размова ідзе пра пшаніцу, палупяць грыўняў і пра нейкага Сямёна. Што нарабіў гэты Сямён з пшаніцай і грашыма, для нас, напэўна, так і застанецца невядомым. Але гэта, відаць, дакумент пра закупку пшаніцы, прычым на досыць буйную суму. Што здарылася тады? Куплялі збожжа таму, што быў недарод (а з усіх тагачасных недародаў Мсціслаў закрануў толькі недарод у 1219 годзе). Рабілі запасы на выпадак магчымай вайны з кімсьці? Здарылася яшчэ нешта? Гэтага мы не даведаемся таксама. Але для нас нязмерна важлівы ўжо сам факт знаходжання граматы, як і знаходжанне шовернага колца з неразумелымі літарамі на ім, як і тое, што знойдзена было металічнае пісала, якім выціскалі літары на бяросце (для адной граматы яго заводзіць бы не сталі), значыць, іх было шмат, значыць, іншых грамат мы проста пакуль што не знайшлі.
Бязмерна важлівы, бо праз бяросту гаворыць з намі не афіцыйная, а прыватная, асабістая гісторыя нашых продкаў, паўсядзённая, шырока распаўсюджаная іхняя пісьменнасць. На кожны час, на кожную нязначную патрэбу. Не загад палкаводцу ці паслу, а "сарочку забыла", "прадай адзенне і купі жыта", "выйдзі за мяне замуж", і нават вось гэтая неразумелая нам галаваломка пра грошы, пшаніцу і нейкім чынам звязанага з імі Сямёна, якога ўжо даўно няма на свеце і які, аднак, наш сабрат па роду чалавечаму.
Здаўна давён пісьменны Мсціслаў мае яшчэ адну неацэнную заслугу перад усходнеславянскай кніжнасцю. Тут нарадзіўся Пётр Цімафееў Мсціславец, друкар, заснавальнік, разам з Іванам Фёдаравым, першай друкарні ў Маскве. Мы не ведаем года яго нараджэння і смерці, не ведаем, дзе ён вучыўся друкарскай справе, на радзіме ці яшчэ недзе (друкаваная старажытнабеларуская кніга лічыла тады за сабою ўжо амаль палову стагоддзя). Адзіныя вехі ягонага жыцця гэта кнігі, выдадзеныя ім.
Нарадзіўся недзе, мабыць, у першай чвэрці XVI стагоддзя. Разам з Фёдаравым заснаваў у Маскве друкарню, у якой у красавіку 1563 года прыступілі яны да набору першай маскоўскай кнігі, "Апостала". Скончылі яе друкаванне 1 сакавіка наступнага года. Праз год выдалі два выданні "Часоўніка". І - не першыя і не апошнія - вымушаны былі пад напорам цёмнай чэрні, падбухторанай перапісчыкамі і цемрашаламі з вярхоў, як духоўных, так і свецкіх, бегчы з Масквы ў Заблудаў, непадалёку ад Супрасля. Заблудаў належаў гетману Вялікага княства Літоўскага Рыгору Хадкевічу, які дапамог ім заснаваць там друкарню і надрукаваць "Евангелле вучыцельнае" (выйшла 17 сакавіка 1569 года) і "Псалтыр" (выйшаў у 1570 годзе). Ёсць звесткі, што, па прыкладзе Скарыны, нашы майстры хацелі выдаць усё гэта ў перакладзе на простую мову, "каб научение людем ширилося". Чамусьці гэта не атрымалася. А шкада.
У 1569 годзе Мсціславец пераязджае ў Вільню на запрашэнне віленскіх купцоў, братоў Мамонічаў і братоў Зарэцкіх (Івана - скарбніка Вялікага княства Літоўскага і Зянова, бурмістра Віленскага). Там ён будуе паперню і друкуе "Евангелле напрастольнае", потым "Часоўнік" і "Псалтыр", у пасляслоўі да якога ваюе за прасвету супраць невуцтва (тады па "Псалтыры", часцей за ўсё, людзі вучыліся чытаць).
Гэта кнігі выключнага паліграфічнага майстэрства: прыгожы шрыфт, буйны і ясны, нібы спецыяльна для таго, хто вучыцца, гравюры мастацкія, арнамент прыгожы. Кнігу, апрача ўсяго іншага, нават проста прыемна ўзяць у рукі і цешыцца з яе. Яна прыцягвае да сябе. Ужо тады наш мсціслаўскі асветнік разумеў гэта.
Недзе пасля 1580 года Пётр Мсціславец памёр. Што мы ведаем пра яго? Ведаем толькі ягонаю справу: кнігі, якія неслі святло тысячам людзей. Гэты чалавек прадоўжыў друкарскую справу на тэрыторыі Беларусі, быў адным з дваіх заснавальнікаў друкаванага кніжніцтва на Маскоўскай Русі і (паколькі шрыфтамі ягонымі карысталіся Дзерманская, Астрожская і іншыя друкарні) заснавальнікам друкарніцтва таксама і на Украіне.
Мы чытаем больш за ўсіх у свеце, то, згадзіцеся, што тут немалая заслуга ўсходнеславянскіх першадрукароў.
Францыска Скарыны. З Полацка.
Івана Фёдарава. Радзіма невядомая.
Пятра Цімафеева Мсціслаўца. З Мсціслава.
Па-мойму, гэта зусім не так мала. І каб малы Мсціслаў нават нікога больш не даў чалавецтву - хапіла б і гэтага, каб людзі засталіся навекі ўдзячныя яму. І, як слабую даніну падзякі, паставілі б Пятру Мсціслаўцу помнік у ягоным родным горадзе. Помнік, які пакуль што ўзвышаецца толькі ў сэрцах жыхароў Мсціслава.
Давайце будзем называць уразбіўку людзей больш і менш па маштабах іхняй дзейнасці. Бо няма вялікіх і малых працоўнікоў у чалавецтва, бо кожны, хто шчыра служыць яму і прыносіць яму карысць, заслугоўвае на нашу павагу і памяць.
Адным з вядомых публіцыстаў і вучоных-гаспадарнікаў сярэдзіны ХІХ стагоддзя быў Іван Іванавіч Сердзюкоў, гаспадар маёнтка Кудрычы на Мсіслаўшчыне. Сам ён быў з Украіны і прывёз у Кудрычы з Палтаўшчыны 25 мужчын і 25 жанчын, якія і склалі ядро гаспадаркі. Ён, вядома, не быў такім асветнікам і дэмакратам-народнікам, як, напрыклад, А. Н. Энгельгардт, якога ведаў Маркс і высока ацэньваў Ленін.
Аднак аб'ектыўна атрымалася так, што ён, яшчэ напярэдадні прыгоннай рэформы, павёў гаспадарку па шляху такой эвалюцыі, у якой ужо вельмі прыкметныя былі капіталістычныя рысы.
У "Земляробчай газеце" - і асобна з'яўляліся працы Сердзюка (называюць толькі малую частку) "О ценах на сельские произведения", "О болезни овец", "О белорусском хозяйстве", высока ацэнена "О скотоводстве", "Испорченное и поправленное хозяйство", "Народные приметы и метеорология", большой труд "Очерки хозяйства моего", "Климатология мстиславского уезда" і ўдастоенае ганаровым водгукам вучонага камітэта Міністэрства Дзяржаўных Маёмасцяў "Описание Мстиславского уезда".
Ва ўсім разе гэта не быў пан-паразіт, гэта быў інтэлігент, які сеў на зямлі і думаў не толькі пра сваю гаспадарку, але і ўвогуле пра карысць сваёй зямлі. Пісаў і падаваў дзяржаўныя праекты, на якія, як заўсёды, мала звярталі ўвагі, будаваў шашу ў Крычаве "паміж Сожам і Чорнай рэчкай".
Ну а для душы напісаў па-ўкраінску некалькі камедый, аперэт, склаў "Маларасійскі слоўнік".
З яго сям'і выйшла пасля некалькі значных вучоных.
Мсціслаўскае поле было ўвогуле ўрадлівае на вучоных. Вельмі значнымі вучонымі былі, напрыклад, у ХІХ стагоддзі браты Кутаргі. Сцяпан Сямёнавіч (нарадзіўся ў 1805 годзе ў Мсціславе, у сям'і павятовага чыноўніка, памёр у 1886 годзе) і брат ягоны Міхаіл Сямёнавіч (1809 - 1886 гг.). С. С. Кутарга, вучоны-прыродазнаўца, заолаг і геолаг, вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце і дактарантуры Дэрпутскага ўніверсітэта. Доктар медыцыны (1832), прафесар заалогіі Пецярбургскага ўніверсітэта (1833), старшыня Пецярбургскага мінералагічнага таварыства. У 1852 годзе за падрабязную геалагічную карту Пецярбургскай губерні быў удастоены Дзямідаўскай прэміі. Асабліва каштоўныя, акрамя гэтай, яшчэ ягоныя работы па Фінляндыі. І яшчэ: ніякі даследчык пермскіх асадкаў Урала дагэтуль не можа абысці ягоныя работы.
Ну і яшчэ адно. Ён першы ў Расіі, ужо праз год пасля выхаду кнігі Чарльза Дарвіна "Паходжанне відаў", прызнаў дарвінаўскае вучэнне і ў 1860 годзе пазнаёміў з ім студэнтаў Пецярбургскага універсітэта, зрабіўся прыхільнікам Дарвіна і папулярызатарам яго. Уяўляю сабе, якія, мабыць, шышкі сыпаліся на ягоную галаву. Як заўсёды, на галаву першага. А можа, як падумаеш, і нічога, і абышлося, і непрыкметна сышло. Бо проста не паспелі разабрацца і ацаніць усё значэнне гэтага рэвалюцыйнага для біялогіі выбуху.
Штогод разам з братам, прафесарам Пецярбургскага універсітэта Міхаілам Сямёнавічам, Сцяпан Сямёнавіч праводзіў у Мсціславе лета, ведучы вялізную культурна-асветніцкую работу ў горадзе і наваколлі. А брат ягоны быў таксама асобай надзвычай цікавай. Адным з самых выдатных на той час, калі не самым выдатным у Расійскай дзяржаве гісторыкам Старажытнай Грэцыі. З другога курса Пецярбургскага універсітэта таксама быў накіраваны ў Дэрпут, а паколькі Дэрпутскі універсітэт быў універсітэтам шматлікіх моўных стыхій, то выдаў там па латыні першую сваю працу, а затым абараніў магісцерскую дысертацыю, а пасля і стаў доктарам за працу "Калены і саслоўі антычныя", праз год перакладзеную на французскую мову. Працаваў у Парыжы, Берліне, Мюнхене і Гэйдэльбергу, быў прафесарам Пецярбургскага і (з 1869 па 1874) Маскоўскага універсітэтаў.
Бліскуча ведаў крыніцы, але і ўмеў крытычна ставіцца да іх. Даводзіў, што антычныя традыцыі ў апавяданнях і паданнях аб ранніх гістарычных эпохах верагодныя, а, часам, і дакладныя.
Распрацоўваў вузлавыя пытаніі сацыяльнай і палітычнай гісторыі антычнасці (рабы ў антычнай Грэцыі, становішча вольнаадпушчанікаў у Афінскай рэспубліцы, раздзяленне ўласнасці ў Афінах, барацьба дэмакратаў з арыстакратамі ў элінскіх рэспубліках). Такія яго выдатныя кнігі, як "Гісторыя Афінскай рэспублікі ад убіення Іпарха да смерці Мільціяда" (СПб, 1858г.) і асабліва дужа змястоўная і важлівая "Грамадскае становішча рабоў і вольнаадпушчанікаў у Афінскай рэспубліцы" (выйшла пасмяротна) не страцілі свайго значэння і да нашага часу, і доўга яшчэ не страцяць. Бо гэта не кампіляцыя, бо ён першы ў свеце ўзняў і даследаваў пытанне аб рабстве ў старажытнай Грэцыі, бо гэта работы, заснаваныя на глыбінным веданні першакрыніц.
Вось якія птушкі выляталі, часам, з Мсціслаўскага гнязда. І, ведаеце што? Адну я тут бачу загану, уласцівую ўвогуле беларусам. Яны ствараюць Чылійскую навуку, твораць палітыку Гавайскіх астравоў, робяцца лепшымі ў свеце знаўцамі арабскіх рукапісаў, або, як у дадзеным выпадку, антычнасці, але… Нельга, вядома, абняць неабдымнае, але шкада, што за старажытнай Грэцыяй так мала знайшлося ў Кутаргі ўвагі да сваіх з братам малых Мсціслава ды Чэрыкава, да свайго роднага Пасожжа. Толькі вельмі багатыя кадрамі народы могуць дазволіць сабе вывучаць інкскую пісьменнасць у той час, як на сваёй ніве хапае рук.
А можа? Можа гэта і ёсць галоўная вартасць і добрая якасць беларускіх вучоных: не абмяжоўвацца толькі сваім і заўсёды самаахвярна прыходзіць на дапамогу суседу? Можа менавіта за гэта даруецца нам вялікае мноства нашых грахоў? Бо павінна ж некалі адгукнуцца народу ягоная самааданасць і жаданне служыць не толькі сабе, але і ўсяму Роду Чалавечаму.
… Вось яшчэ два браты, якія зрабілі вельмі многае. Браты Прахавы. Таксама беларусы з Мсціслава. Старэйшы Мсціслаў Віктаравіч, філосаф, паэт, перакладчык (ледзь не першы ў Расіі) Гейне і Гафіза, гісторык. І малодшы яго брат Адрыян, гісторык мастацтва і археолаг.
Доўгі час я неяк не звязваў іх з Мсціславам. Пасля ўспомніў, што недзе бачыў рэпрадукцыю карціны Рэпіна "Юнак у беларускай жаночай вопратцы" і чытаў пра яе, і што прозвішча юнака, здаецца, было Прахаў і быў ён сынам кагосьці з братоў.
Карціну помню. Сапраўды сядзіць падлетак у тым узросце, калі хлопцы падобныя на дзяўчат і наадварот. І вопратка на ім багацюшчая і гожая-гожая, і вопратка тая…мсціслаўская, сумненняў быць не можа.
І выявілася, што аб Мсціславе Прахаве і аб ягоным вялізным і доўгім уплыве на іх гаварылі і Антакольскі і Рэпін, бо чалавек гэты сфарміраваў іхнія пагляды на мастацтва і іхні інтэлект. Прычым не толькі ў сэнсе мастацкіх густаў, але і ў сэнсе палітычных поглядаў (сам ён, было і такое, пасядзеў у Петрапаўлаўцы за кіраўніцтва студэнцкімі хваляваннямі).
А малодшы Прахаў, Адрыян (нарадзіўся у 1864г.) скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта і, атрымаўшы камандзіроўку за мяжу, напісаў пад час паездкі магісцерскую дысертацыю "Пра рэстаўрацыю групы ўсходняга франтона Эгінскага храма ў Афінах". Выкладае гісторыю прыгожых мастацтваў у родным універсітэце, у 1879 годзе робіцца доктарам за працу "Дойлідства старажытнага Егіпта", пераходзіць у Кіеўскі універсітэт - у 1887 годзе.
Вакол яго вечна людзі, ён вечна гарыць неймавернымі пачынаннямі (і здзяйсняе іх), ён верыць у талент зусім маладых і бязведамных людзей і смела выцягвае іх на свет, даручаючы вялікую работу (юнаму Урубелю - Кіеўскую Кірылаўскую царкву, юнаму Несцераву, разам з вядомымі ўжо мастакамі, - роспіс Кіеўскага Уладзімірскага сабора, унутраным аздабленнем і ўпрыгожваннем якога Прахаў кіраваў).
Прахаў вечна віруе. Прахаў робіць немагчымае. Ён не толькі піша змястоўныя працы па старажытнарускаму мастацтву - ён адкрывае яго. Так ён адкрыў, замаляваў і даследваў старажытныя фрэскі многіх кіеўскіх цэркваў (Сафійскай, Кірылаўскай і іншых). Вялікі рускі мастак Несцераў пісаў аб ім: "Знаёмства з А. В. Прахавым было радаснае і склала ў маім жыцці цэлую эпоху… Усё жывое, натхнёнае, што было ў гэтым надзвычай таленавітым чалавеку, не пройдзе бясследна".
І на ўсё яго хапала, і там, дзе ён быў, заўсёды ствараўся мастацкі цэнтр Расіі.
Рэпін і Куінджы, Антакольскі і Шышкін, паэты Майкаў і Мінаеў, Васняцоў і Урубель - усе яны ў сферы ўплыву гэтага чалавека. А ўплывае ён і як рэдактар (ілюстраваны часопіс "Пчала"), і, перш за ўсё, як асоба вялікай прыцягальнай сілы, асоба, якая выклікае ў людзях неадольную сімпатыю і бязмежны давер. Побач з ім нельга самому не зрабіцца больш таленавітым, больш адданым сваёй справе. Ён з самага закаранелага флегматыка зробіць энтузіяста і байца.
Паболей бы нам i зараз такiх людзей, як гэты мсцiславец! На жаль, такiя з'яўляюцца не так часта, як хацелася б. А яны як дрожджы ў жыццi грамадства. I не загадам яны вядуць людзей да лепшага, а ўласным прыкладам. Тым, што людзi не хочуць адстаць ад iх i хочуць быць падобнымi да iх. Больш чыстымi, больш высакароднымi, лепшымi, чым яны ёсць.
Разнастайных людзей нараджаў Мсіслаў. У 1865 годзе ў мяшчанскай сям'і нарадзілася тут народаволка Анісся Давыдаўна Балоціна. Вучылася ў Маскве, у вучылішчы жывапісу, ваяння і дойлідства. Народніцкі гурток, у які яна ўваходзіла, друкаваў і распаўсюджваў нелегальную літаратуру. Быў данос і арышты. Быў прысуд (у 1887 годзе): восем год Сібіры. Праз два гады ўзброеныя ссыльныя ў Якуцку паўсталі. Узброенае супраціўленне скончылася тым, што шасцёра ссыльных было забіта, сем паранена. Пасля зноў быў суд і ваенна-судовая камісія, якая прыгаварыла трох чалавек да павешання, а параненую ў перастрэлцы жанчыну да жыццёвай катаргі і пазбаўлення ўсіх правоў. Спачатку была Вілюйская катаржная турма, пасля - турма на Кары для асабліва небяспечных палітычных злачынцаў. Пасля было вольнае пасяленне, пасля - жыццё пад наглядам паліцыі ў Шклове. У 1898 годзе А. Д. Балоцінай удалося выехаць за мяжу, дзе далейшыя яе сляды губляюцца.
Яшчэ адно імя цесна звязана з Мсціславам, імя чалавека, значэнне якога для беларускай і агульнаславянскай культуры цяжка перабольшыць. Гэта Іван Іванавіч Насовіч, беларускі мовазнавец-лексікограф, этнограф і фалькларыст (1788 -1877). Вось прыклад чалавека, які доўгі свой век пражыў нездарма, зрабіўшы многае, калі не ўсё, што было накавана яму лёсам. Скончыўшы ў 1812 годзе Магілёўскую духоўную семінарыю, ён трыццаць два гады аддаў педагагічнай дзейнасці, якая, вядома, мала пакідала яму часу для галоўнага свайго прызвання. Быў ён настаўнікам, інспектарам Аршанскага павятовага вучылішча, рэктарам Мсціслаўскага духоўнага вучылішча (1814 - 1822), рэктарам Маладзечанскага і Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў. У 1844 годзе выйшаў у адстаўку. Пасяліўся ў Мсціславе. Яму 56 год. Многія людзі ў гэтым узросце падводзяць вынікі жыцця. Ён разумее: для яго сапраўднае жыццё толькі пачынаецца. І дзякуй богу, што лёс не паставіў хуткай мяжы ягонаму існаванню, даў яму яшчэ трыццаць тры гады жыцця. Іначай паглядзіце самі, чаго мы былі б пазбаўленыя.
Ён, вядома, не ведаў, колькi яму адпушчана. Ён закосвае рукавы: памiраць збiрайся, а жыта сей. I ў гэтым ён - прыклад для кожнага.
Ніколі не позна!
"Нехта ўжо канчае. Я толькі пачаў. І я буду ісці па гэтай дарозе наколькі хопіць сілы. У мяне ўрэшце развязаныя рукі, і мяне чакае мой народ, і я павінен зрабіць для яго ўсё, і я не маю права ўпасці, пакуль ён чакае маёй дапамогі і пакуль у мяне ёсць сілы служыць яму." Яму 64 гады, калі выходзіць ягоная праца "Беларускія прыказкі і прымаўкі", яму 79, калі выходзіць ягоны "Зборнік беларускіх прыказак", адзначаны залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. Яму 80, калі выходзяць "Беларускія прыказкі і загадкі", і 85, калі выходзяць "Беларускія песні". І яшчэ засталіся ў рукапісах "Збор беларускіх слоў па алфавіце" і "Алфавітны паказальнік старых слоў", узятых з "Актаў, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі, выдадзеных у 1853 годзе" (за гэтую работу яму прысуджана Уварашская прэмія 1865 года).
Але галоўная ягоная праца выйшла ў 1870 годзе, калі яму было 82 гады. Гэта "Слоўнік беларускай гаворкі" - "Словарь белорусского наречия" (назва "Беларусь" на той час, як вядома, знаходзілася пад забаронай і ў насельніцтва гэтай зямлі ніякай такой мовы быць не магло. Існавала гаворка).
Вось гэты вялікі па фармату том ляжыць перада мной. У ім 752 старонкі і ён змяшчае больш за 30000 слоў. Аўтар пачаў яго ў 1847 годзе (цераз тры гады пасля адстаўкі), працаваў над ім 16 год і ў 1863 годзе прадставіў на Дзямідаўскую прэмію, якой і быў адзначаны.
Гэта быў першы поўны слоўнік беларускай мовы. Над працамі такога маштаба цяпер, часам, гадамі працуюць цэлыя інстытуты. І. І. Насовіч адолеў гэтую работу адзін, аддаўшы ёй шаснаццаць год жыцця. Годны здзіўлення подзвіг і яшчэ адзін прыклад таго, што можа зрабіць нават адзін чалавек, калі ён апанаваны сваёй ідэяй і мэтай, калі ён кладзе на працу сваю ўсе сілы без астатку.
Прычым працы Насовіча заўсёды працы лінгвістычныя, з лексічнымі і фанетыка-граматычнымі каментарыямі, тлумачэннямі асобных слоў, выразаў, ідыёмаў.
А "Слоўнік" не проста слоўнік, а слоўнік тлумачальны, са шматлікімі прыкладамі, узятымі з жывой мовы або з песняў, казак, прыказак, словам, з усяго фальклору, які Насовіч ведаў, як мала хто на той час.
Ну вось. Мы назвалі, вядома, не ўсе імёны. Але нават па гэтых, названых, можна меркаваць, што невялікі Мсціслаў зрабіў вялікі ўклад у гісторыю культуры славян. А што датычыцца беларускай культуры, то для яе ў сярэдневякоўі і ў ХІХ стагоддзі Мсціслаў зрабіў так многа, што стаіць сярод першых беларускіх асветніцкіх цэнтраў.
Мне, як цяперашняму мінчаніну, вядома, крыху няёмка, але я мушу прызнацца, што ў тыя часы Мсціслаў зрабіў большы ўплыў на культуру Беларусі, чым Мінск. Гэта не патрабуе доказаў, але, як спатрэбіцца, гэта можна лёгка давесці.