|
|
Куцька
Ляжыць на двары за дравянiцаю на грудку сена Куцька-шчанюк. Нешта не бярэ яго сон, цi то блохi расскакалiся па голым плямiстым пузе, цi то яшчэ нешта, толькi мучыць яго нешта жудаснае, сабачае, тужлiвае.
Холадна, працягнулiся ад дома i пунi густыя чорныя сценi, i па-над дахамi выплывае чырвоны месяц, смяецца. I ад гэтага месяца такая ахвота завыць шчанюку, проста жах. I ўсё яму здаецца, што за адрынаю стаiць нехта, шэры i без галавы, i вось-вось накiнецца на яго, Куцьку, i пацягне некуды. I на самай справе, пачаў месяц у небе смяяцца i скакаць i ўсё блiжэй-блiжэй да Куцькi. Зацiснуўся ён у самы кут, зарыўся ў салому: не так страхлiва, калi спiна прыкрыта.
- Ну што, - кажа месяц Куцьку, - сёння маленькага гаспадара за нагу кусануў, костку з кухнi сцягнуў? А чыя гэта там, пад сталом, пляма?
Хоча Куцька адказаць, што гэта ён ненарокам зрабiў, што больш не будзе - голасу няма.
- Ну добра, - кажа месяц, - гля-адзi ў мяне. Вось цябе зараз за гэта "нештачка" забярэ.
Дый схаваўся на гэтым за хмарку, канчаткова цёмна стала. I бачыць Куцька, нешта за адрынаю зарухалася, i вось стуль "нештачка" выходзiць, шэрае, як туман, i без галавы.
- А-а-а-а, во-о-ось ён, - i iдзе да яго, растапырыўшы рукi.
Ускочыў Куцька i кiнуўся бегчы, але ногi ў яго не рухаюцца - быццам прысталi да зямлi. Заскуглiў ён жаласлiва, перабiрае нагамi. А "нештачка" ўсё блiжэй... А-ай!
Бачыць - нiчога няма. Тыя ж сценi ад дома, той жа месяц над дахамi, раўнадушны i спакойны, i сам ён, Куцька, ляжыць на падсцiлцы на тым жа самым месцы i яшчэ нагамi рухае. Узрадаваўся. Вось я якi храбры, нават "нештачка" спудзiлася i ўцякло.
Ззяў месяц, i грызлiся блохi.
|