GSpay - iatp merchant account provider. Выгодная и надежная аренда серверов на ваших условиях.

Галоўная

Жыццяпіс

Бібліятэка

Галерэя

Успаміны

Крытыка

Музей

Архіў

Гасцёўня

E-mail


Старая казка

Вясною, ледзь пабеглi ручаi i падзьмуў халодны вецер, падчас якога выпускае сваё лiсце дуб, прачнулася ў дупле старой лiпы дачка ляснога цара. Пацягнулася соладка i прыпомнiла адразу, што зноў усё лета пройдзе ў яе без кахання. Моцна вартуе яе лясны цар, i няма вакол нiкога, каму б магла яна цёплае слова сказаць, чорнымi косамi шыю абвiць, пацалаваць у ружовыя вусны. Не зноў жа на аленях усё лета ездзiць. Засумавала, налiлiся ў яе слязьмi прыгожыя вочы.
А ў гэты час далёка i блiзка-блiзка жалейка пастухова запела. Пяе жалейка, i вось расчыняюцца на дрэвах пупышкi, ручаi хутчэй бягуць, "сон" махнаты i пралескi заквятаюць.
I бачыць лясная царэўна пастуха. У яго вочы блакiтныя, валасы на спiну спадаюць, цераз плячо гулкая пуга звесiлася, кашуля белая на плячах, а на нагах стракатыя поршнi.
Вось падыходзiць ён да яе, у вачах яго, як ласка, неба блакiтнае. Спявай, жалеечка! Абняў ён яе i панёс з лесу на паляны светлыя, на зялёныя палi. У вусны яе цалуе, косы расчэсвае, сплятае на iх вянок. Каралева мая майская! - кажа. А там паўсюль святло i сонца, не тое што тут, дзе ўся зямля на аршын заiмшэла i ваўкi бегаюць, даўлячы мухаморы махнатымi лапамi. Да сонца! Да людзей!
Спявае, спявае жалеечка, нясецца з ветрам у твар лясной царэўне спеў кахання, i, як зоры, чырвоныя кветкi на галiнах расчыняюцца.
Але ўсё далей i далей гукi: мусiць, абыходзiць статак. Вось i апошнi водгук жалейкi з ветрам здалёку данёсся.
Працягнула царэўна насустрач ветру ломкiя рукi...
- Мiлы мой! Каханне маё!


1. Аўтограф захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, ф. 110 (1952 - 1954 гг.).
2. Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
3. Упершыню - у кн.: Караткевіч У. Вясна ўвосень: Казкі / Укладальнік У. І. Карызна. - Мн.: Юнацтва, 2000.
4. Набор зроблены па тым жа выданні. - С. 76 - 78.

Галоўная |  Біяграфія |  Бібліятэка |  Галерэя |  Успаміны | Крытыка |  Музей |  Архіў |  Гасцёўня |  E-mail

© Музей Уладзіміра Караткевіча Мінскага ПТК электронікі