GSpay - iatp merchant account provider. Выгодная и надежная аренда серверов на ваших условиях.

Галоўная

Жыццяпіс

Бібліятэка

Галерэя

Успаміны

Крытыка

Музей

Архіў

Гасцёўня

E-mail


Вераб'ёва цешча

Ва ўдовiнага вераб'я цешча памерла ад злосцi. Спачатку ён быў узрадаваўся, што не будзе каму яго поедам есцi, а потым адумаўся. Якая б нi была, а ўсё-такi цешча. I вырашыў ён цешчы багатыя памiнкi справiць. Сабралiся ў яго на акне за налiчнiкам iншыя вераб'i, елi смачных чырвоных рабакоў i розных казюль, пiлi бярозавы квас i мёд з жалудовай шкарлупы. Упiлiся моцна i пачалi бiцца i песнi спяваць.
А тут котка, лёгкая на ўспамiн, села ля налiчнiка, жоўтымi вачыма блiшчыць, не выпускае нiкога. Ды з п'яных вачэй i не пабачыў нiхто. Кажа верабей:
- Эх, i надвор'е, месяц ззяе, цёпла... Каб быў госцем - даўно б дадому пайшоў. Высунуўся адзiн легкадумны маладзенькi верабейчык - i назад, ледзь жывую душу ўратаваў.
А гаспадар куражыцца: "Ды што, ды я яе". Да таго расхрабрыўся, што выскачыў з гняздзечка куляю i паляцеў на котку навальнiцаю.
- Ах ты, даўбня, каб ты счарнела, як галавешка. Прэч!
Вераб'i ўсе адзiн на аднаго падобны...
Котка ад гэтага нацiску разгубiлася, пачала адступаць, а потым пытае:
- Ты, часам, не цешча тутэйшаму вераб'ю?
- Так, - кажа верабей, а сам ужо прахалануў i дрыжыць, як лiст.
- Ох, не зайздрошчу я яму.
Ды ад страху як скочыць у дзядоўнiк. Госцi пайшлi, а верабей замыслiўся.
- Хто зараз за мяне з маiм мяккiм характарам з суседзямi, з ворагамi, з начальствам лаяцца будзе. Няма ў мяне цешчы, няма абаронцы.
I заплакаў.
I цешча iншы раз карыснай бывае.


1. Аўтограф захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, ф. 110 (1952 - 1954 гг.).
2. Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
3. Упершыню - у кн.: Караткевіч У. Вясна ўвосень: Казкі / Укладальнік У. І. Карызна. - Мн.: Юнацтва, 2000.
4. Набор зроблены па тым жа выданні. - С. 74, 75.

Галоўная |  Біяграфія |  Бібліятэка |  Галерэя |  Успаміны | Крытыка |  Музей |  Архіў |  Гасцёўня |  E-mail

© Музей Уладзіміра Караткевіча Мінскага ПТК электронікі