GSpay - iatp merchant account provider. Выгодная и надежная аренда серверов на ваших условиях.

Галоўная

Жыццяпіс

Бібліятэка

Галерэя

Успаміны

Крытыка

Музей

Архіў

Гасцёўня

E-mail

З запісных кніжак

1959
Цар-гармата і цар-звон - гэта пагарда да законаў прыроды і механікі, якія ўжо тады добра ведалі, пагарда ў імя царскага дурнога гонару, у імя варварскага імкнення здзіўляць усіх памерамі, велічынёй, весам. Сотні людзей пакутваюць, здабываюць жалеза і медзь, цягнучы яго, задыхаючыся дымам ля форм. І ўсё дзеля таго, каб гармата не страляла, а звон ляжаў у зямлі, развальваўся на часткі, не вытрымліваючы сваёй вагі, і не званіў. Гармата пужае людзей, прывівае ім ідэю рабства (яны ж такія малюсенькія перад ёй, такія мізэрныя і нязначныя) і едзе за стральцамі на парадах.
Звон навявае глыбакадумныя разважанні з пачосваннем некаторага месца: "Вось каб яно бэнкнула, што б яно было, га?! Зямля б луснула, пэўна, браточкі мае".
І мастакі прыўкрашаюць гэта, трацяць талент і сілы на недарэчнасць, на ўслаўленне тыраніі, робяць з гэтага твор мастацтва, якім мы захапляемся.

Сеў на пень, і недалекі ствол бярозы закрыў ад мяне сонца. Але вакол, у няяркім і кранаючым святле таўкліся на сонцы камары-таўкуны і па павуцінках, працягнутых між дрэвамі, гулялі вясёлкавыя, зялёныя і малінавыя, як на ёлачных цацках, агеньчыкі.
Жыць, мучыцца і кахаць - гэта ўсё адно было шчасцем.
Істра. 2 чэрвеня 59 г. 8 гадзін вечара.

Малітва ў бярозавым гаі, дзе матавыя ствалы пакрыты чорнай вяззю і свішча гівал.
- Госпадзі, даруй мне вечнае каханне!
Напэўна, я хутка памру, хвіліны такога замілавання жыццём я адчуваю ў апошні час. Раней гэтага не было, а зараз самая дробязь даводзіць мяне да слёз. Я не кажу ўжо пра дзіва, пра Пакроў на Нерлі...

- Вучні пісалі твор на тэму "Славутасці Рагачова". Адна напісала: "Бывае кіно, часам праязджаюць артысты, а па суботах у сінагозе танцы". (Зрабілі з сінагогі клуб.)

Разумееш, Сяргей, - мы першая ў гісторыі спроба пабудаваць грамадства на розуме. Гэта цяжка. Таму - галоўныя ворагі не тыя, хто там, за мяжой, хоць яны і страшныя, галоўныя - тыя, хто спрабаваў зноў вярнуць нас да жывёльных, першабытных пачуццяў: жаху за сябе, своекарысця, эгаізму. У гэтым сэнсе чалавек, які мучыць людзей, больш небяспечны, чым тыя. Яны ворагі, а гэтыя "сябры".
Ты хочаш, каб я не ўмешваўся. Я не ўмешваўся 30 год, у мяне мала часу. Зараз я павінен жыць, умешвацца, дапамагаць, перашкаджаць. Таму я і напісаў заметку аб Нерлі. Ох... ну добра, слухай.

<< Папярэдні     Наступны >>

Галоўная |  Біяграфія |  Бібліятэка |  Галерэя |  Успаміны | Крытыка |  Музей |  Архіў |  Гасцёўня |  E-mail

© Музей Уладзіміра Караткевіча Мінскага ПТК электронікі