УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ: ПРАЗ ГІСТОРЫЮ Ў СУЧАСНАСЦЬ
ПАСЦІГАЦЬ ДЫЯЛЕКТЫКУ ЖЫЦЦЯ
У адкрытым пісьме чытачам часопіса "Молодая гвардия" У. Караткевіч адзначыў: "Цяпер пра яркае і надзвычай прыгожае. У некаторых пісьмах гаварылася нават пра рамантыку. Глупства гэта. Усё гэта ў мяне звычайная рэальнасць. Толькі трэба пачуць гэту рэальнасць дзіўнай, выключнай".
Цяпер ёсць усе падставы зрабіць выснову, што пісьменнік не проста спазнаў "рэальнасць дзіўнай, выключнай". З выразных грамадзянскіх, маральна-этычных і творчых пазіцый ён увасобіў яе ў вобразах, што сталі набыткам беларускай літаратуры. Такое спазнанне для У. Караткевіча - працэс, які працякае ў розных часавых і прасторавых вымярэннях і ў якім ёсць месца і рэальнай асобе, і гістарычнаму факту, і мастацкаму домыслу. У адзінае цэлае зліваюцца талент і накіраванасць творчых пошукаў. Для рэалізацыі сваіх шматпланавых інтарэсаў пісьменнік актыўна выкарыстоўвае, з аднаго боку, такія розныя літаратурные жанры - раман, аповесць, апавяданне, эсэ, нават казку і, з другога, не жанравы, але ўражлівы прыём - аддаленне сваіх герояў ад родных мясцін, роднай бацькаўшчыны. Але ўсе яны пранізваюцца адзіным стрыжнёвым пачаткам - гуманізацыяй чылывечых узаемаадносін.
Менавіта апяванне чалавечнасці і чалавекалюбства, пошук і адкрыцце ў звычайных людзях "незвычайных" рысаў характару, рамантычна-пачуццёвае ўспрыманне навакольнага свету надаюць творам У. Караткевіча вялікаю прыцягальную сілу.
Больш вядомыя, як кажуць, "заўсёды на слыху" буйныя празаічныя творы У. Караткевіча. Але ж сам ён вельмі зацікаўлена, апантана і адказна адносіўся да жанру апавядання. Яно "не можа жыць без псіхалагічнай глыбіні. І яе неабходна шукаць таму, што апавяданне - гэта і ёсць адна замкнутая глыбіня. Не ўся рака з яе перакатамі на каменьчыках, дзе можна і ўброд пацягнуцца, і адпачыць, з яе пясчанымі падводнымі косамі і астраўкамі, як раман, а адно прадонне, адзін-адзіны вір гэтай ракі, а віру без глыбіні нельга". Канкрэтызуючы сваю метафарычную вобразнасць, празаік зазначае: "На сваім не вельмі вялікім вопыце скажу: пісаў я і раманы, і аповесці, але зведаў поўнае шчасце толькі тады, калі адчуваў: апавяданне ўдаецца".
Апавяданне "Як звяргаюцца ідалы" добра вядома не толькі беларускаму чытачу - яно перакладзена на ўкраінскую і польскую мовы. Яго гераіні Алёнцы толькі год і дзевяць месяцаў. "…варта каму-небудзь зрабіць выгляд, што ён замахваецца на ката, сабаку альбо чалавека, - і адразу гучыць адчайдушна-ўмольны віск:
- І цеба.
Гэта азначае "не трэба". Значыць, галоўнае, з чаго складаецца чалавек, ужо ёсць (II,177). Ужо на пачатку жыцця для маленькага чалавечка не трэба гвалту, не трэба абману, крывадушша, насілля, ён сам у нейкі момант здолеў пераадолець жах і атрымаць першую жыццёвую перамогу.
Усёй сваёй творчасцю пісьменнік шукае падыходы да ўдасканалення адносінаў паміж людзьмі, імкнецца зберагчы чалавечую душу ад духоўнай эрозіі, по-мастацку даследуе шляхі маральнага самаўдасканалення асобы. Творчыя пошукі вядуць яго ў пасляваенны Кіеў і на Далёкі Усход, беларускую вёску і шматаблічную Маскву. Ён любіў беларускую прыроду, рэчкі і лясныя азёры, пушчы і звычайныя пералескі, старыя і новыя гарады, любіў закінутыя архітэктурныя помнікі, даследаваў, апісваў іх, ведаў, як кажуць, у твар дзесяткі і сотні помнікаў беларускага дойлідства, вандраваў па краіне, спасцігаючы ўсё новыя і новыя далі, людзей, грамадскія працэсы. А калі звярнуцца да літаратурных герояў, то ўжо адзін пералік іх зойме даволі многа месца. Тут і дзеці, і студэнты, і вучоныя, і палешукі, і цыганскі табар, і людзі мастацтва. І ў кожнага свой характар, сваё светаразуменне, свае адносіны да жыцця, абавязку, другіх людзей. І ў той жа час у кожнага ёсць свая адметная рыса, якая раскрывае сутнасць характару, часцей за ўсё ў незвычайных абставінах, у хвіліны найвышэйшага напружання духоўных і маральных сіл. І тады зусім яскрава праступае звязанасць і неадрыўнасць лёсу героя ад лёсу народа, іх дыялектычная ўзаемасувязь, выходзячая на агульначалавечыя каштоўнасці. Вось, напрыклад, галоўны герой апавядання "Карней - мышыная смерць". Пацукалоў Карней "быў худы, з сухім і доўгім тварам, на тонкіх вуснах якого заўжды сядзела з'едлівая і таемная ўсмешка. І пахла ад яго неяк дзіўна: так пахнуць камяністыя мясціны, што зараслі пустазеллем" (II, 209).
Гэта быў варты жалю, некалькі дзікаваты чалавек, непрыкметны, непрыстасаваны да жыцця, жорсткі вораг пацукоў, які, аднак, не мог бы пакрыўдзіць і мухі. Уяўленне Карнея пра шчасце, напрыклад, нельга назваць недасягальным - яно ў тым, "каб сесці пад дрэва і піць смачны чай" (ІІ, 213).
І вось гэты чалавек, у якога самога і не было сапраўднага жыцця, вырашае дапамагчы беднай удаве Стучэўскай вывесці "ў людзі" сына Янку. "Прабачце мне за тое, што я скажу, - звярнуўся Карней да гаспадыні. - Але мне здаецца, хлопчык павінен вучыцца. У яго светлая галоўка. Вы ведаеце, ходзяць плёткі, у якія я, вядома, ні сном ні духам не вінен. Жанчыны - гэта глупства, прабачце.
Але рота людзям не замажаш. І я неяк палюбіў хлопца. Няхай здае экзамены, мне хочацца, каб ён быў інжынерам… Стыпендыя ж, кажуць, невялікая, дык няхай ён вучыцца і клопату не мае. …У мяне ёсць такія-сякія грошы" (II, 212).
Працаваў Карней як пчала, не шкадуючы ні часу, ні здароўя. І, напэўна, задума яго б ажыццявілася, калі б не пачалася вайна.
На жаль, менавіта яна рэльефна высвеціла душэўныя якасці Карнея. Аказаўшыся сведкам пакарання смерцю маладой жанчыны, Карней спрабуе ўгаварыць нямецкага афіцэра адмяніць павешанне: "Яна ж чалавек, як і вы..." У адказ раздалося: "Марш, дурань!" Пацукалоў глянуў назад. Жанчына ўжо вісела, а адзін салдат, абхапіўшы яе ногі, цягнуў уніз. Карней жаласна застагнаў і пайшоў прэч. Сэрца яго аблілося крывёй. Ён зразумеў, што фашыстаў угаворамі не доймеш, іх трэба знішчаць, як тых самых пацукоў, з якімі Карней змагаўся ўсё жыццё.
Ён мініруе свой дом, свой лепшы не свеце дом, у які было ўкладзена так многа працы і клопатаў і ў якім на гулянку сабраліся нямецкія афіцэры. Усё гэта для Карнея адступае на задні план, калі трэба пакараць зло. У прызначаны час міна ўзарвалася. Дом палаў як свечка. Карней спачатку заплакаў, а потым, выціраючы вочы лапленым рукавом, вымавіў: "Пацукі! Дальбог, пацукі. Я яшчэ ніколі не бачыў такіх тлустых" (II, 219).
Які глыбокі сэнс у гэтых словах. Фашысты - гэта тыя ж самыя пацукі, ад якіх трэба ачысціць зямлю, каб забяспечыць людзям спакойнае і радаснае жыццё. І зусім справядліва адзначае В. Шынкарэнка, што маральныя якасці героя ставяць яго ў адну шарэнгу з шолахаўскім Андрэем Сакаловым, талстоўскім Іванам Сідаравым, лынькоўскім Астапам і інш.
Чалавечнасць з вялікай літары чытач знойдзе і ў герояў апавядання "Вока тайфуна" мінёра Анатоля Кані і мічмана Дубаўца, якія, рызыкуючы жыццём, адводзяць плывучую міну з-пад карабля (заўважым, што знешняй драматычнай сітуацыі папярэднічала рэзкая спрэчка герояў, дзе яны займалі супрацьлеглыя маральныя пазіцыі), і ў сына старога кніганошы Тураўца (апавяданне "Кніганошы"), які ведаў пра небяспеку, што яго чакае за пранос беларускай кнігі з Прусіі у "Паўночна-Заходні край", тым не менш ішоў і выконваў цяжкую і небяспечную работу. "...Амаль як святы Кірала Тураўскі... Толькі таго за кнігі хвалілі" (ІІ, 271).
Не ведаю, ці назваць гэта "маральнасцю", або "духоўнасцю", але "стары дуб Крывашапкі" надзелены пісьменнікам гэтымі якасцямі ў самым вялікім аб'ёме (апавяданне "Дрэва вечнасці"). Вядома, тут выкарыстана алегорыя: дуб - і валодае нейкімі чалавечымі якасцямі.
Але ёсць і глыбокі філасофска-этычны сэнс - тут, на беларускай зямлі, існуюць тыя векавыя, непрамінальныя каштоўнасці, без якіх цяжка ўявіць вытокі народнай гісторыі, трываласць народа ў барацьбе з прыгнятальнікамі, аснову тых ідэй, якія і сёння выхоўваюць у людзей патрыятызм, павагу да гісторыі, іх гістарычную і нацыянальную свядомасць.
Дазволім чытачу самому разабрацца ў такіх алегарычна-сімвалічных разважаннях: "Але вось ён стаіць і яшчэ расце. А перад ім у маўчанні стаім мы. Неўміручая мозгам і справамі мятуліца-аднадзёнка. А ён стаіць. Галава ягоная ў небе.
…І наўрад ці быў намнога меншы, калі чалавек з вачыма хітруна і аматара пагуляць, з сэрцам, у якім жыла, аднак, гарачая любоў да сваёй беларускай зямлі, Крывашапка, стаяў пад ім і клікаў на паўстанне беларускіх сялян, сваіх братоў. Палалі вогнішчы. Полымя іхняе адбівалася на лёзах кос, на вострых іглах вілаў, у глыбокіх вачах, чырванела на кары Вечнага Дрэва…
Не ведаю, ці адпавядае дрэву імя "цар-дуб". Назва "дуб Крывашапкі" адпавядае больш, хаця і яна не з лепшых. Усякае імя будзе вартым жалю перад гэтай велічнай, перад гэтай мудрай вечнасцю" (II, 308 - 309).
Мабыць дзякуючы такім вось "дубам Крывашапкі", блакітнаму і залатому, залатому і блакітнаму, "без канца, без краю, без мяжы" прыроднаму прастору ("Блакіт і золата дня"), вясёлцы, налітай "колерамі такой першапачатковай яснасці і чысціні - як сама радасць…" ("Бярвяны шчыт"), існуе найлепшая, найпрыгажэйшая ў свеце зямля Беларусі, апетая ўзнёслым словам У. Караткевіча.
Хараство роднай прыроды… Адна з найвышэйшых для творчасці пісьменніка тэма. І ўсё ж яна не ператвараецца ў самамэту. Родная прырода - гэта той лірычны фон, дзякуючы якому вобразы герояў апавяданняў, аповесцей, іншых літаратурных жанраў набываюць большую прыцягальнасць, становяцца больш жыццёвымі і запамінальнымі. Як, напрыклад, у апавяданні "Блакіт і золата дня" (яно, дарэчы, уключана ў двухтомную "Анталогію беларускага апавядання (1967). Хараство чалавечых адносін, юнацкага кахання Юркі і Наталі ў спалучэнні з аўтарскімі адступленнямі, паэтызацыяй роднай прыроды набываюць яшчэ большую чысціню і высакароднасць. "Азораная ззяннем паходняў, абкружаная шматкаляровымі карагодамі чаўноў згасала і танула ў водах адразу за імі імгненная праява. Дрэвы закрылі яе, паглынулі воды і цемру, і адразу стала ясна, што тая праява чужая, што на шмат кіламетраў няма нічога, акрамя воднай роўнядзі, вычварнай вязі плыняў, пены ў вірах, пагружаных у ваду лясоў і цішыні.
І па гэтых водах, па залітай вадою зямлі імчаў толькі адзін іхні човен, іхні каўчэг. Недзе, напэўна, былі іншыя чаўны, але для гэтых двух нікога не існавала" (II, 207).
Уражанне ўзвышанасці, нейкай незямной узнёсласці і трапятлівасці ўзнікае, дзякуючы імкненню пісьменніка "апаэтызаваць перш за ўсё "першабытныя формы жыцця, дзікую, адвечную прыгажосць зямлі, такія ўзаемаадносіны паміж людзьмі, дзе пануюць законы простай жыццёвай неабходнасці, вызначаныя самой прыродай чалавека".
Знаходзіць пісьменнік такія ж адметныя словы, каб апісаць "краіну Цыганію", чалавечыя адносіны да мядзведзяў, непадзеленае каханне. Вось "песенная" (В. Быкаў), "калядная рапсодыя", у якой толькі выпадак не даў жыцця чалавечаму шчасцю. Але герой апавядання Мікола Ласевіч - аматар даўніны, знаўца і збіральнік помнікаў традыцыйнага мастацтва - гэты выпадак, а разам з тым і сваю нерашучасць, сваё няўменне пастаяць за каханне судзіць па самай высокай маральнай шкале. "І вяртання ўжо не магло быць. Якімі пасля гэтага сабачымі вачамі ён паглядзіць у гэтыя адданыя вочы, якія жывуць толькі дзеля яго, яшчэ раз жорстка, да смяротнай абразы, а можа, і да смерці падмануць яе, добрую, мілую, якая спачатку проста хацела адпомсціць, а пасля зразумела, што з гэтага атрымалася нешта зусім не тое, і прыпала да яго, як да апошняга мура, і даверылася яму" ("Калядная рапсодыя". II, 463).
У. Караткевіч імкнецца паказаць чытату, што ўсюды вакол яго, у людзях, прыродных з'явах ёсць месца прыгожаму. І гэта прыгожае павінна быць апаэтызавана, прыўзнята над звычайнай рэальнасцю, рамантызавана. Згаджаючыся з такім меркаваннем, патрэбна, аднак, адзначыць, што не заўсёды раматызацыя паводзін чалавека, абставін, у якіх ён жыве і дзейнічае, надае твору дынамізм. Наадварот, здараецца і так, што гэты прыём выглядае штучным, надуманым. Як у апавяданні "Лятучы Галандзец" у адносінах да якога ёсць супярэчлівыя думкі. Маўляў, тут і элементы прыгодніцтва, і легенды, і баладнае гучанне, і, нарэшце, паэзія. Але яно - гэта караткевічаўская цэласнасць, арыгінальны завершаны твор. Пісьменнік Касачэўскі - рамантык з высокімі жыццёвымі ідэаламі і перакананнямі застаўся адзін - яго каханая выйшла замуж за другога чалавека. Каб забыцца, ён кідае сталіцу, едзе ў невялікі прыбалтыйскі гарадок, дзе яго ніхто не ведае, гоіць сваю сардэчную рану. І вось аднойчы ў гарадку, у піўным бары ён становіцца сведкам непрыемнай размовы суайчыннікаў пра ягонае няўдалае каханне, пра яго самога, яго звычкі і захапленні.
Не даслухаўшы размову да канца, ён ідзе на марскі бераг, бярэ човен і вырашае трохі паплаваць па начным моры. (Дарэчы, і тут лірычнае адступленне пра мора, напісанае на высокім мастацкім узроўні, спрыяе раскрыццю душэўнага стану героя, разуменню яго чытачом.) Раптам перад ім праплывае сілуэт карабля з таго далёкага семнаццатага стагоддзя. Гучаць незразумелыя словы пра нявесту, каханку, называецца імя "Марыя", нарэшце з карабля выкідваюць бутэльку. Касачэўскі ловіць яе, адкрывае, знаходзіць шматок жоўтай паперы, на якой напісаны адрас і імя той Марыі, якая была калісьці пакінута няўдачлівым мараком.
Касачэўскі едзе ў той горад, знаходзіць вуліцу, старэнькі дамок, сустракае актрысу Марыю. І... аказваецца - гэта і ёсць яго сапраўднае каханне. Згадзіцеся, што нават у пераказе адчуваецца фрагментарнасць. Тым больш у самім апавяданні. Не, яго не назавеш мудрагельным. Яно напісана той цудоўнай мовай У. Караткевіча, якая робіць прывабнай нават самую банальную рэч. У спалучэнні з рамантычнымі прыгодамі Касачэўскага мова надае твору займальнасць і... перакананасць. Але навошта ж "Лятучы Галандзец", які ў рэшце рэшт аказаўся старой пасудзінай, прыстасаванай да кіназдымкаў ды выкарыстанай тымі ж зласлівымі суайчыннікамі для розыгрышу Касачэўскага?
У пачатку 1988 г. беларускі чытач змог пазнаёміцца з апавяданнем У. Караткевіча "Маленькая балерына", якое чакала сваёй публікацыі амаль трыццаць гадоў (напісана ў 1961 г.). Нетрадыцыйнае яно для пісьменніка, але калі ўспомніць аповесць "У снягах драмае вясна", то, разам узятыя, яны маглі б быць цікавым накірункам празаічнага апавядальніцтва. Прысвечана апавяданне маральна-эстэтычным праблемам савецкага жыцця ў 30-я гады (праўда, асэнсаванне іх адбываецца ў пасляхрушчоўскую адлігу). Але і тут пісьменнік ідзе сваім адметным шляхам. (Гэту адметнасць адзін з даследчыкаў творчасці У. Караткевіча Л. Прашковіч з Мозыра назваў, як пісанне "навырост", з улікам патрэб заўтрашняга дня").
У даным выпадку пісьменнік не становіцца ў позу гнеўнага абвінаваўцы і раскрывальніка жорсткасцей і бесчалавечнасці сталінізму. Для разумення ўсёй агіднасці і бяздушнасці сістэмы таго часу, у якой духоўнае жыццё грамадства, асобы, творчыя працэсы мастака былі безаглядна падпарадкаваны волі аднаго чалавека. У. Караткевіч даносіць да чытача нешта іншае. Ён прапануе прасачыць, як адбывалася творчая і, галоўным чынам, маральная эвалюцыя маленькай балерыны, выхаванай на сляпой веры ў бязгрэшнасць "бацькі народаў". Спачатку гэта юная асоба, якая не сумняваецца ў дзейнасці Сталіна і якая як бы стаіць па-за жыццём, застаецца безуважнай да людскіх трагедый. Яе не кранаюць ні паведамленне сябра па працы, акцёра Віктара Клявіна аб арышце і смерці ў турме яго дзядзькі Івана - старога бальшавіка, байца Першай Коннай; ні арышт суседа па кватэры Антона Набатава, ні нават тое, што сябры па працы сталі адносіцца да яе "больш уважліва і насцярожана, з падкрэсленай ласкавасцю". А пасля асабістага знаёмства з правадыром яна стала "такой шчаслівай, што, здавалася, яшчэ хвіліна - і сэрца разарвецца, не ў змозе вытрымаць гэтага".
Але ж жыццё ідзе побач з актрысай. Яе асабістыя ўражанні, гутаркі з акружаючымі людзьмі (з бацькам, з уяўным сябрам-дэмагогам) параджаюць у васемнаццацігадовай Ніны сумненні. Сумненні, якія дасягаюць свайго псіхалагічнага апагея ў час драматычнай сцэны ў тэатры, калі яна ўбачыла нешта такое... Яе любімы Сталін не толькі не заступіўся за людзей, якія віталі і славілі яго, а, наадварот, раўнадушна паназіраўшы за расправай з імі сваіх ахоўнікаў, грэбліва ўсміхнуўся, а затым і зусім знік з тэатральнай ложы. Адбылося нешта накшталт арыстоцелеўскага катарсіса: "...увесь яе маленькі свет любові да гэтага чалавека даў трэшчыну... памёр у яе сэрцы". Перакананасць у сабе, потым сумненні, у рэшце рэшт псіхалагічны зрух, трагедыя завяршаюцца з'яўленнем новага чалавека з новым разуменнем і ўспрыманнем, здавалася б, раней назаўсёды вечных ісцін.
Але колькі такіх людзей вытрымалі, выжылі? Ведае, бадай што, толькі гісторыя і... статыстыка. Але калі вярнуцца да Караткевіча, то ўбачым: шчырыя пачуцці, сапраўднае мастацтва не патрабуюць сляпой веры ў аўтарытэты і правадыроў, яны ім не падуладныя, яны выражэнне сілы Дабра, Мудрасці і Прыгажосці.
Колькі слоў аб апавяданні У. Караткевіча "Вялікі Шан Ян". Прысвечанае кітайскай гісторыі V - VІІІ стст. да н. э., яно з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем шматграннасці таленту пісьменніка. Зварот да гісторыі далёкага Кітая можа паказацца нечаканым і выпадковым. Але гэта не так, таму што пазнанне гісторыі (у даным выпадку кітайскай) не было для У. Караткевіча самамэтай. Гістарычныя падзеі - гэта вызначальная аснова, што дазваляла пісьменніку пранікнуць у сутнасць чалавечых характараў, спасцігнуць месца і ролю Чалавека ў гістарычным працэсе. Кітайская дзяржава таго далёкага часу, у якой цесна пераплецены грамадства і дзяржава, філасофія і палітыка, чалавек і соцыум, і стала для Караткевіча такім зыходным матэрыялам.
Шан Ян - вялікі Канцлер адной з кітайскіх дзяржаў Ціньскай дынастыі, які стаў заснавальнікам у гісторыі Кітая вучэння аб легізму - адной з самых жорсткіх і дэспатычных сістэм кіравання дзяржавай. Яго погляды выкладзены ў трактаце "Шан цзюн цу", а ў апавяданні падаюцца ў дыялогу-спрэчцы Шан Яна з філосафам Жан Лунам. Калі для апошняга ў разуменні чалавека вызначальнай лініяй паводзін выступае дабрачыннасць (Жан Лун адвяргае ўсялякі гвалт над асобай), то Шан Ян лічыць, што чалавек не мае ўласнай волі і думкі і павінен толькі падпарадкоўвацца і выконваць загады. Годнасць чалавека, па Шан Яну, у сіле, уладарніцтве, уменні падпарадкоўваць сабе іншых людзей. Таму натуральным станам грамадства з'яўляецца рабства, у якім уладараць і культывіруюцца горшыя якасці чалавека - хлуслівасць, хцівасць, прага да ўлады. Асноўным сродкам уздзеяння на такі народ Шан Ян лічыць сістэму ўзнагарод і пакаранняў, прычым апошнія адыгрываюць галоўную ролю. Натуральным станам такога грамадства з'яўляецца вайна: "Ніякіх... нацыянальных традыцый. Бо ад іх адусюль пракрадзецца нараканне... Застаецца толькі адно рабскае земляробства, і тупыя тысячнікі, ... і чыноўнікі армій, і вайна. Зямля і вайна". У грамадстве павінны быць знішчаны, як паразіты, усялякая дабрачыннасць і дабрадзейнасць, павага да бацькоў і іх традыцый, паэзія, музыка, мастацтва.
Памылковасць такой пазіцыі Вялікага Канцлера відавочная. І не толькі таму, што яго праўленне прывяло народ да збяднення і галечы і ўсталявання ў краіне недаверу і ўсеагульнай падазронасці. Загана - у атручванні чалавечага розуму і сумлення, у разбурэнні станоўчых якасцей асобы, вынішчэнні годнасці і гонару чалавека. Як прароцтва для Шан Яна гучаць словы Жан Луна: "...твая радзіма тупасцю насмерць зраніць цябе". У рэшце рэшт так і атрымаецца: створаная Шан Янам сістэма дэспатызму знішчыць яго не толькі фізічна, але менавіта як свайго стваральніка. Самы апошні ўдар ён атрымае ад Хуэй-вана, сына чалавека, "...які любіў і шанаваў Шан Яна вышэй за ўсякую меру, слухаў яго як самога духа Неба..." І заб'е Хуэй-ван свайго настаўніка не за тое, што не падзяляе яго поглядаў, ён знішчае сведку "свайго другараднага пры бацьку становішча". Стваральнік сістэмы, ён сам ад яе і гіне. "Якога ж я выпусціў звера! І хто, калі, калі загоніць яго назад, у клетку?!" Шкада толькі, што вялікі чалавек зразумее гэта позна, перад самай смерцю. Шан Ян спасцігнуў, што сапраўдная веліч не ў тым, каб "патрасаць царствамі", а ў годнасці чалавека "праўдзівага, добрага і сумленнага, таленавітага ў сваёй справе..."
У сваім апавяданні У. Караткевіч пераканана развенчвае славалюбівасць людзей, якія ў пагоні за ўласным дабрабытам, славай і ўладай забываюцца пра чалавека або ігнаруюць яго думкі, пачуцці і інтарэсы. Сапраўдная веліч не ў тым, каб узвысіцца над іншымі людзьмі, сцвярджае У. Караткевіч, а каб свядома, выкарыстоўваючы ўсю моц чалавечага розуму, служыць людзям, рабіць іх жыццё цікавым і прыгожым. "Вялікі Шан Ян" - яшчэ адно пацверджанне таму, што вызначальнымі ў этычна-эстэтычнай сістэме У. Караткевіча выступаюць "сцвярджэнне высокай годнасці асобы чалавека, аб'ектыўнай каштоўнасці быцця кожнага".
Дарэчы, у пісьменніка ёсць апавяданні (напрыклад, "У шалашы", "Ідылія ў духу Вато", "Палеская рапсодыя"), у якіх апяванне кахання робіцца без алегарычнай напоўненнасці і залішняй складанасці, а як натуральны і творчы, і жыццёвы працэс. Асаблівую прыцягальнасць такім апавяданням надае адметная манера пісьменніка - насычанасць твораў паэтычным пачаткам або дыялог герояў, часцей за ўсе скупы, сціслы, але які перабіваецца лірычнымі адступленнямі і каментарыямі аўтара, таксама сціслымі, толькі па-філасофску заглыбленымі, якія нібы канцэнтруюць згустак духоўных і душэўных сіл герояў у момант найбольшага напружання іх эмоцый і праяўлення іх душэўнай сілы...
Неяк В. Каваленка даволі трапна зазначыў: "Героі яго рамантычна прыўзняты над побытам, але ў асобных эпізодах гэта рамантычная прыўзнятасць нібы не знаходзіць сабе дастатковага мастацкага самавыяўлення ў празаічнай апавядальнасці. І тады з'яўляецца ўстаўны верш, які адкрывае шырэйшыя жанравыя магчымасці для абагульнення ўзнёслых ідэй".
Яшчэ адна адметнасць лірычных адступленняў У. Караткевіча, якіх мноства ў яго апавяданнях і казках, - гэта іх маральна-эстэтычная насычанасць, разуменне пісьменнікам эмацыянальнай сілы мастацтва. "Кніг тады не было, мой сынок і мая дачухна, - пачынае ён так сваю казку "Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў". - Кгігі былі забароненыя, укінутыя пад запор, спаленыя. А вольнасці - не было. Замест кніг вольная была толькі песня, якую не так лёгка пасадзіць у папяровую клетку. (А калі і пасадзіш - застаюцца толькі літары, бяссільны водгук магутных гукаў.) Так што самай сільнай зброі ўсемагутныя магнаты не маглі нас пазбавіць, сынок. І як цяпер харошую кнігу рвуць з рук у рукі, так тады рвалі з зубоў у зубы і з глоткі ў глотку песню. А пясняр быў самай паважанай асобай" (II,482).
Яшчэ адно апісанне песні, спеваў, больш трагічнае, чым у казцы: "Ясюкевіч даўно ўжо, з вялікай трывогай, чуў недзе далёка, за змрочным чырвоным гарызонтам, а потым бліжэй і бліжэй нейкія дзіўныя гукі, спявучыя, перарывістыя, нібы залатое пілавінне падала на срэбны шчыт. Нябачны хор маленькіх, з пясчынку, чалавечкаў цягнуў сваё "а-а-а-а". Спачатку весела, потым сумна, да болю, потым нібы з адчаем і галашэннем.
Што гэта было? Звінелі званочкі на дняпроўскім поплаве? Спявалі сірэны між падводных губак ля камяністых, амытых сіняй вадою скал?
І раптам ён з жахам, ад якога ўпала сэрца, зразумеў. Спявалі пяскі. Спявала сваю песню, летучы на крылах пясчанай навальніцы, Смерць " ("Сіняя-сіняя ..." II, 290).
"Ядро рамантычнай ідэі ў мастацтве, - пісаў вядомы беларускі літаратуразнаўца У. Калеснік, - вызваленне творчай асобы ад рэгламентуючага канона, догмаў. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам ён дае правілы мастацтву (Кант), прывяло прагрэсіўных рамантыкаў да адраджэння ідэалу народнага барда, песняра, паэта-прарока, што спалучае мастацкую творчасць з місіяй нацыянальнага героя, важака, нават военачальніка..."
Блізкую да адзначанай думкі задачу, як нам здаецца, паставіў перад сабою і У. Караткевіч у празаічных творах (іх няшмат, усяго каля дзесятка), якія сам пісьменнік адзначыў як казачныя. Праўда, тут няма канкрэтнага раскладу, для каго яны прызначаюцца - для самых маленькіх чытачоў, для сярэдняга ўзросту ці для дарослых. Яны названы проста "казкі", і, на наш погляд, пісьменнік не памыліўся ў вызначэнні жанру гэтых твораў. Паводле Уладзіміра Даля - "казка, выдуманае апавяданне, небывалая і нават не могучая адбыцца аповесць, паданне". Як у такім выпадку ацэньваць, напрыклад, "Лебядзіны скіт"? Вядома, якія пакуты несла славянскім народам татара-мангольскае нашэсце: "Наперадзе яны сустракалі зялёныя палі, хаты ў садах і стракатыя гарады, а ззаду пакідалі толькі чорную пустэчу, па якой як жадаў хадзіў вецер, узнімаючы сталбы попелу. І болей нічога не заставалася на калісьці зялёнай зямлі" ("Лебядзіны скіт". II, 465). Ушчэнт была абдзёрта і зямля балотнай Русі. Усё гэта было, і ўсё стала не толькі набыткам легенд, паданняў, сказаў, але, галоўнае, стала гісторыяй народа, гісторыяй яго змагання за сваю незалежнасць. Значыць, першая пасылка казкі далёка не казачная, а рэальная, гістарычная. Возьмем другую. Ці мог хан Бату сустрэць у славянскай зямлі мудрага старца, які згадзіўся б аддаць сваё жыццё ўзамен жыцця маладых палонных людзей? Безумоўна, мог. І гісторыя ведае шмат прыкладаў (успомнім Яўпація Калаўрата з Разані), калі рускія багатыры, не шкадуючы свайго жыцця, помсцілі манголам за ўчынены разбой. Зноў жа - не казка, а гісторыя? Нарэшце, трэцяя. Адразу заўважым - легендарна-казачная: хан Бату выказаўся, што на волю адпусціць столькі людзей, колькі іх памесціцца ў скіце старца. Адзін нукер хана зазначыў, што ў ім змесціцца не больш дваццаці чалавек, другі сказаў - трыццаць пяць, трэці - пяцьдзесят. І людзі пайшлі ў скіт - прайшло і сто, і дзвесце чалавек, "прабрылі полацкія людзі, людзі з Крычава, аршанскія паланянкі і паланянкі з берагоў Адрова, вось пацягнуліся палонныя з Менеска і Ноўгарадка і з Задзвінскай зямлі, нёманскія рыбары і пінскія лучнікі і выўкавыскія бортнікі, якіх скруцілі іхнімі ўласнымі "лезівамі"... Людзі знікалі і знікалі ў скіце, "а на небе праяснялася і знікалі хмары, і праз палы пачала прабівацца зялёная маладая трава, а дрэвы зашумелі новым лісцём" (II. 469).
А над усім гэтым кружылі лебядзіныя стаі, якія ляцелі ў розныя бакі, цягнуліся на родныя гняздоўі. Людзі сталі лебядзямі, тымі казачнымі птушкамі, што заўсёды прыносяць шчасце людзям.
Адступіліся, зніклі татары. Кажуць, з таго часу Белая Русь і называецца "белай". Ад лебядзінага апярэння стала белай вопратка ў яе людзей. А кажуць і другое: быццам таму яна "белая", што пад татарамі не пабыла.
Такая вось яна, казка "Лебядзіны скіт" паводле У. Караткевіча.
Казка, якая без залішняга маралізатарства вучыць гісторыі, вучыць любіць Радзіму, развівае грамадзянскае і гістарычнае мысленне сучаснікаў, дае ім разуменне непарыўнасці славянскай еднасці, у якой суіснуюць дзень гібелі Разані і бітва пад Крутагор'ем, паўстанне ў Магілёўскай вобласці і Аршанскае падполле: "... і Цяпінскі, і Вячка, і Міхал Крычаўскі - усе яны былі ў ім. А ён быў - усе тыя людзі, што будуць Усё" (ІІ, 355).
Блізкія да "Лебядзінага скіта" сваёй філасофска-маральнай напоўненасцю казкі-навелы, казкі-роздумы "Нямоглы бацька", "Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў", "Чортаў скарб".
Слушную заўвагу ў адносінах да казак У. Караткевіча выказвае Вольга Шынкарэнка. Яна лічыць, што праз філасофскае разуменне часу і прасторы, звязанае з высокай духоўнасцю, пісьменнік змог зрабіць казку нетрадыцыйнай (хоць яна прытрымліваецца ўсіх канонаў традыцыйнай казкі), непаўторнай, прыцягваючай увагу чытача сваімі жанрава-стылёвымі асаблівасцямі. Абагульненне заключаецца ў тым, што У. Караткевіч у сваіх творах, з аднаго боку, шырока выкарыстоўвае стэрэатыпныя казачныя формулы - уступныя, знешнія і ўнутрана-медыяльныя, фінальныя, а таксама сюжэтна-кампазіцыйныя адметнасці, паэтычную гіпербалізацыю і г. д., з другога - актыўна, як аўтар, удзельнічае ў трансфармацыі распаўсюджаных сюжэтаў і матываў. Як адзначае В. Шынкарэнка, "аўтарскае ўмяшанне ў дзеянне досыць адчувальнае. Яно бачна і ў "Нямоглым бацьку", і ў "Катле з каменьчыкамі, іншых творах. Наогул, ва ўсіх тых, дзе пісьменнік вывучае і перадае праўду жыцця ў той час, калі "кожан баяўся сказаць слова".
Ведучы размову аб апавядальніцкай творчасці У. Караткевіча, нельга абысці ўвагай тыя творы, якія з'явіліся ў друку пасля яго смерці. Гэта, у першую чаргу, апавяданні "Завеі", "Белае полымя", "Пасмяротная гісторыя аднаго цецерука", "Лісты не спазняюцца ніколі". І хоць яны не дацягваюць па сваіх мастацкіх якасцях, скажам, да "Маленькай балерыны" ці "Блакіту і золаку дня", чытач знойдзе ў іх, адчуе непадробную радасць ад спаткання з караткевічаўскімі самабытнымі словамі, вобразамі, іншымі выявамі яго светабачання, зіхоткімі знаходкамі стылёвага выражэння, інтрыгуючымі элементамі сюжэтатворчасці.
Казкі, як і апавяданні У. Караткевіча, - гэта, на наш погляд, важны сродак спасціжэння аўтарам духоўнай чысціні людзей, душэўнай ураўнаважанасці розных пакаленняў беларусаў, іх традыцый, вытокаў іх патрыятызму і чалавечнасці, дабрыні і дабрачыннасці.
А для самога пісьменніка гэта яшчэ адна магчымасць паказаць чалавеку яго гістарычныя карані, растлумачыць яму, хто ж ён ёсць, навучыць яго разумець, што мінулае не толькі аплятае сваімі каранямі сучаснае, але і надае свае парасткі будучым з'явам і працэсам.
У творах малога жанру - і тут нельга не пагадзіцца з В. Шынкарэнка - Караткевіч "са скрупулёзнасцю даследчыка-аналітыка і эмацыянальнасцю лірычнага суб'екта змог перадаць самыя тонкія адценні настрояў і перажыванняў герояў, іх унутраны свет, увасобіць арыгінальныя мастацкія задумы".
Зразумела, што такія жанры празаічнай творчасці, як апавяданне, казка, не маглі выразіць ва ўсім багацці маральна-эстэтычную, этычную і філасофскую праблематыку жыцця, асабліва ў караткевічаўскім светаўспрыманні. Яго ўменне выхапіць з жыцця "жыццёвы" момант, убачыць у звычайным, напрыклад, чалавечым каханні, найвышэйшы ўзлёт чалавечага духу, нават перадаць духоўны подых эпохі праз сваё разуменне яе найбольш кульмінацыйных момантаў патрабавала іншых форм. Менавіта побач з апавяданнямі, нават першымі псіхалагічнымі эцюдамі, рапсодыямі, навеламі з іх узаемапераходамі, нараджаюцца аповесці "У снягах драмае вясна", "Чазенія", "Лісце каштанаў", раман "Нельга забыць".
Больш чым дваццаць пяць гадоў прайшло ад з'яўлення ў друку рамана "Нельга забыць" (упершыню быў надрукаваны пад назвай "Леаніды не вернуцца на зямлю"). Легендарныя Леаніды - гэта таямнічыя фасфарычныя знічкі, што апускаюцца на зямлю праз кожныя 33 гады (зноў жа сімвалічная лічба). Пра твор даволі многа пісалі крытыкі, аматары творчасці У. Караткевіча. Водгукі былі не толькі станоўчыя. Літаратурны крытык Я. Герцовіч, напрыклад, "ничтоже сумняшеся" перанёс сучаснікаў пісьменніка ў сярэдневяковую эпоху, дзе ўсе імкненні розуму былі толькі падуладны сляпому разгулу эмацыянальных страсцей. Не ўбачыў своеасаблівых падыходаў пісьменніка да спасціжэння філасофскіх асноў чалавечага існавання і крытык Чалмаеў. Ён чамусьці лічыў, што каханне, часам цяжкае, многім незразумелае - гэта "вельмі старая і памылковая канцэпцыя - гаруе, змагаецца, шукае чалавек, каб у канцы шляху прадстаць перад вышэйшым існаваннем з поўным разуменнем свайго бяссілля".
Не акцэнтуючы ўвагу на станоўчых рэцэнзіях, зазначым адну адметную акалічнасць: раман "Нельга забыць" быў той дабратворнай глебай, з якой, у рэшце рэшт, прарастуць і "Каласы пад сярпом тваім", і "Дзікае паляванне караля Стаха", і паэтычныя зборнікі "Мая Іліяда" і "Быў. Ёсць. Буду". У гэтым, здавалася б, наскрозь асабістым рамане знітавана такое багацце агульначалавечых праблем, асэнсаванне якіх на працягу многіх гадоў будзе весці пісьменніка да новых і новых творчых знаходак і адкрыццяў.
Задуму рамана, у якім бы спалучаліся ў адно сучаснасць і гісторыя (маецца на ўвазе гістарычны пралог), тлумачаць прызнанні маладога Караткевіча. "Ах, як хочацца рабіць. Яшчэ б напісаць дзесятак аповесцей, у якіх ахапіць гісторыю Беларусі з 1863 па 1963"; "...мне б вельмі хацелася, каб людзі раптам адкрылі мора паэзіі ў беларускай гісторыі, як калісьці адкрылі ў шатландскай".
Рамантычная "паромная" гісторыя, што пачалася амаль сто гадоў назад (кахаючая камандзіра паўстанцаў Усяслава Гранкевіча жанчына, спяшаецца давесці да катаў загад аб яго памілаванні і ўсё ж не паспявае да яго расстрэлу), не дала магчымасці разгарэцца вялікаму пачуццю. Але перажытае не праходзіць бясследна, памяць сэрца не гіне, яна знаходзіць свой працяг у жыцці, учынках і чалавечых адносінах нашых сучаснікаў, людзей другой паловы ХХ стагоддзя.
Так, у цэнтры рамана каханне паэта Андрэя Грынкевіча і мастака, выкладчыцы Ірыны Горавай. І не простае, не звычайнае, не юнацкае і, як часта бывае ў літаратурных творах, нават не першае. Але гэтыя абставіны чамусьці выпалі з поля ўвагі крытыкаў.
І Андрэй, і Ірына - людзі, якія на сваім жыццёвым шляху зведалі шмат трагічных нягод. Чаго варты, напрыклад, выпадак, калі на руках Андрэя напярэдадні вяселля памірае пасля аўтамабільнай катастрофы яго каханая Алена Століч. Ці яшчэ. Ірына Горава, знаходзячыся ў радах апалчэнцаў пры абароне Масквы, раптам убачыла, што на тое месца, дзе стаяў яе каханы, упала нямецкая міна, - "яшчэ паспела ўбачыць: высокі такі, чорны, маслісты слуп дыму і зямлі... І потым цемра..." ("Нельга забыць". ІІІ, 160).
Аднак і ў першым, і ў другім выпадку жыццё не спыніла свой рух. Мабыць, не зусім лагічна, што Ірына выйшла замуж і жыве з чалавекам, якога не кахае, мабыць, не трэба Андрэю Грынкевічу "дурманіць" галаву, будучы студэнтам, Марыі Крат, мабыць, яшчэ што-небудзь не так трэба было рабіць галоўным героям рамана... Але пісьменнік выбраў менавіта такі сюжэт і, на наш погляд, даволі паспяхова распрацаваў яго. І больш чым праз дваццаць пяць гадоў пасля з'яўлення ў друку раман абуджае багатыя думкі, выхоўвае культуру пачуццяў, выклікае роздум пра сэнс жыцця, пранікае ў дыялектыку эмацыянальнага і рацыянальнага.
Гэта не зусім дрэнна, калі пісьменнік аддае перавагу эмацыянальнаму пачатку. У наш рэактыўна-атамны век пра чалавечыя пачуцці, душэўныя хваляванні, эмацыянальны настрой даволі часта забываюцца. "Рацыо"-розум - вось што рухае прагрэс. І тады з'яўляюцца развагі, як у Стаўрова - аднаго з герояў рамана "Нельга забыць": "Каханне, соплі лірычныя распусцілі. У нас, брат, атамны век. Людзям няма часу ні на чытанне доўгіх кніг, ні на шпацыр пад ліпамі. У вашага цнатлівага кахання белая сукня. А час не той. Вакол не ліпы. Вакол машыны і мазут" (ІІІ, 273).
"Дзякуючы" такім вось "рацыяналістам" стаўровым грамадства дайшло да таго стану, калі трэба абараняць не каханне, а гэтыя вось ліпы, якія, як адзінокія астраўкі, зелянеюць сярод мазутнага акіяна.
Час пераканаўча сцвердзіў думку У. Караткевіча, што ў жыцці павінна быць месца і прыгожаму, і лірычнаму, і каханню ў белай сукні. Чалавек з усімі яго дабрачыннасцямі і заганамі, бедамі і радасцямі, марамі і побытавай заглыбленасцю - вось і мэта і сутнасць нашага сучаснага грамадства. І зусім не дрэнна, калі яму спадарожнічае каханне, напаўняючы штодзённае жыццё ўзвышанасцю і ўзнёсласцю. Хоць бы такое, як пра яго піша У. Караткевіч: "Гэта былі дзіўныя адносіны, якіх пакуль што амаль не бывае на зямлі. Быццам сама душа каханай перайшла ў душу каханага. Напэўна, калісь, калі на зямлі пакінуць крыўдзіць, калі не будзе моцных і слабых, калі знікнуць хлусня і непаразуменні і брыдкая гульня ў хітрыкі, калі змагацца за жынчыну будуць толькі з ёю самой - менавіта такімі будуць адносіны тых, хто захоча быць адзін з адным.
Ні ценю непаразуменняў, дабрыня да кожнага выгіба думкі другога, добразычлівае імкненне ўсё аддаць для яго, нічога не патрабуючы ўзамен, вера ў тое, што ён таксама зробіць гэта" ("Нельга забыць". ІІІ, 265). Пачуццё Андрэя "вечнае, магутнае, нязменнае" ("Нельга забыць". ІІІ, 242), якое і бывае раз у стагоддзе на зямлі, адмаўляе эгаістычнае "я", робіць яго верным, адданым і неабходным той адзінай, без якой немагчыма жыць на зямлі.
Узвышана, нават рамантычна, як палёт матылька да далёкай зоркі, разумее каханне да Андрэя і сама Ірына Горава: "Рана ці позна, а яна злітуецца з вечнага імкнення, сама пачне набліжацца да матыля. І астатнія зразумеюць: яны дарэмна ляцелі на ліхтары" (ІІІ, 150). Каханне для яе ўсё: і шчасце, і радасць, і боль, і пакута, і адчайнасць, і рашучасць ва ўчынках і рашэннях.
Станоўчым у рамане з'яўляецца і тое, што пісьменнік не паказвае кахання Адрэя і Ірыны бясхмарным, як адну цэласную ідылію - на шляху дастаткова складанасцей, пераадольванне якіх толькі ўмацоўвае веру ў адкрытасць і сапраўднасць пачуцця, высокую маральнасць герояў. Можна, вядома, запярэчыць: "Якая там маральнасць, калі адрываюць жонку ад жывога мужа?" Але такім жа можа быць і адваротнае пытанне: "Наколькі маральна жыць з тым, каго не кахаеш? І ці патрэбна такое сужыццё?" Не адзін раз жыццё давала пераканаўчыя адказы на такія пытанні. Таму і ў рамане сітуацыя з каханнем да замужняй жанчыны не выглядае надуманай ці штучнай.
Другое больш цяжкае выпрабаванне чакала герояў рамана - цяжкая хвароба сэрца Ірыны. Жыць, пакутуючы, ці рашыцца на хірургічную аперацыю (успомнім, на якім узроўні была ў 60-я гады ў нашай краіне сардэчная хірургія!), ведаючы, што яна можа закончыцца трагічна. Каханне ў гэтым выпадку аказалася бяссільным. Перамагала, на жаль, смерць. Можна было Андрэю разгубіцца, замкнуцца ў сабе, страціць веру ў жыццё. Напэўна, так бы ўсё і адбылося, калі б падзеі развіваліся паводле логікі крытычнага артыкула Я.Герцовіча - маўляў, сярэдневяковыя героі маюць куды больш шырокія інтарэсы, чым героі рамана "Нельга забыць".
А якія яны ў галоўнага героя? Няхай чытач сам зробіць выснову: менавіта ў гэты трагічны для яго час у Андрэя нараджаюцца радкі аб Рагнарадзі (паводле скандынаўскага падання, Рагнарадзі - гэта поле, на якім адбудзецца страшэнная сеча, аж да вынішчэння ўсіх людзей, пасля чаго адбудзецца ўсеагульнае забыццё). Андрэй Грынкевіч Рагнарадзі чалавецтва разумее некалькі інакш: няма смерці для таго, хто прасякнуты ўзвышанасцю кахання, хто робіць людзям дабро і змагаецца з іх прыніжэннем: "Загінуць усе, хто не хоча або не можа ўвайсці ў новае. Туды ўвойдуць добрыя і жывыя. Туды ўвойдзе Яна, зусім жывая, і ён застанецца з ёй у памяці жывых... Каханнем, любоўю, якія заўсёды патрэбны на зямлі..." (ІІІ, 331).
Пачуцці Андрэя, яго Рагнарадзі выльюцца ў такія паэтычныя радкі: