НА ПАЧАТКУ ДАРОГІ
Нястомны вандроўнік і працаўнік,
літаратар, які пастаянна і грунтоўна
працуе над сабой, чалавек невычарпальна
светлага настрою, які ўмее смяяцца як дзіця,
усёй душой любіць родных людзей, родную зямлю,
- такім яго ведаюць многія.
Янка Брыль
Творчасць Уладзіміра Караткевіча - прыкметная з'ява беларускай літаратуры XX стагоддзя. Усім лепшым, што створана гэтым пісьменнікам (а ён плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, эсэіст, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і сцэнарыст), магла б ганарыцца любая высокаразвітая сучасная літаратура.
Асаблівая заслуга Караткевіча перад беларускай літаратурай у стварэнні высакаякаснай гістарычнай прозы, дзе пісьменнік узняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, выявіў буйныя характары, здолеў раскрыць багаты духоўны свет сваіх герояў і звязаць іх асабісты лёс з лёсам народным. Гэта проза вызначаецца рамантычнай акрыленасцю і жыццёвай дакладнасцю, мастацкай культурай і патрыятычным пафасам, надзвычайнай пазнавальнасцю і гуманістычным зместам.
Караткевіч з'яўляецца адным з таленавітых і самабытных прадстаўнікоў таго пакалення беларускіх пісьменнікаў (Вячаслаў Адамчык, Мікола Арочка, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак, Алег Лойка, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Міхась Стральцоў, Іван Чыгрынаў і іншыя), якое прыйшло ў літаратуру ў другой палове 50-х - пачатку 60-х гадоў, на хвалі грамадскага абнаўлення пасля XX з'езда партыі, у спрыяльны час.
Сёння, калі многае з творчай спадчыны пісьменніка надрукавана, калі вывучаны ягоныя архівы, мы хочам далей, у параўнанні з папярэдняй нашай кнігай "Жывая повязь часоў" (1985), асэнсаваць постаць мастака. Пра Уладзіміра Караткевіча, пачынаючы з сярэдзіны 50-х гадоў, ужо нямала напісана. З'явіліся пра яго таксама кнігі Адама Мальдзіса "Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" (1990), Аркадзя Русецкага "Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць" (1991), Вольгі Шынкарэнка "Пад ветразем дабра і прыгажосці" (1995). Тым не менш узнікае пільная патрэба ізноў звярнуцца да асобы гэтага самабытнага і непаўторнага творцы.
* * *
Нарадзіўся Уладзімір Сымонавіч Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў горадзе Оршы ў сям'і інтэлігентаў. Бацька працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці пасля замужжа стала хатняй гаспадыняй. Продкі ягоныя паходзяць з беларускага Прыдняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва і іншых старажытных гарадоў. У сям'і пісьменніка захавалася паданне пра аднаго з іх (сваяка з матчынага боку і яе радні), які ўдзельнічаў у паўстанні 1863 - 1864 гадоў. Паўстанцы, якімі ён кіраваў, былі разбіты, а іх камандзіра расстралялі ў Рагачове. Караткевіч апісаў гэту гісторыю ў эпілогу аповесці "Перадгісторыя" (напісана на рускай мове, не друкавалася) і ў пралогу рамана "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць"). Праз некаторы час пасля з'яўлення рамана ў друку былі знойдзены архіўныя матэрыялы, якія сведчылі, што падобны выпадак сапраўды адбыўся ў Рагачове з Тамашом Грыневічам.
У аўтабіяграфіі "Дарога, якую прайшоў" Караткевіч пісаў: "Маці мая, Надзея Васілеўна, нарадзілася ў 1893 годзе, у дзяцінстве засталася без маці, скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве, некаторы час, кінуўшы дом, працавала вясковай настаўніцай у вёсцы Збароў, ля Рагачова, а пасля пазнаёмілася з маім бацькам, Караткевічам Сымонам Цімафеевічам, і ў 1917 годзе выйшла за яго замуж (бацька нарадзіўся ў 1887 годзе, памёр у 1959).
У сям'і нас было трох. Старэйшы брат (загінуў на апошняй, спадзяюся, што апошняй, вайне), старэшая сястра і я"1.
Моцнае ўздзеянне на хлопчыка зрабіў дзед, матчын бацька Васіль Юллянавіч Грынкевіч, які, аб чым пісаў у аўтабіяграфіі пісьменнік, "даслужыўся да павятовага казначэя і прытым быў атэіст і спачуваў марксістам". Як сцвярджае Адам Мальдзіс, у ягоным асобніку кнігі "Пра час і пра сябе" Уладзімір Караткевіч памеціў, што дзед даслужыўся да губернскага казначэя і спачуваў легальным марксістам. Гэты чалавек, "уладны, разумны і з'едлівы", які "валодаў нязмернай духоўнай і фізічнай сілай, бязмежнай энергіяй і азартам", стаў прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане "Каласы пад сярпом тваім".
Згадваючы, што ад свайго дзеда ён пачуў легенду "Маці Ветру" пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743 - 1744 гадоў, Уладзімір Караткевіч у лісце да Максіма Танка ад 27 мая 1956 года так пісаў пра яго: "Які гэта быў цікавы чалавек! Не ведаю, што яму перашкодзіла стаць сапраўдным паэтам, можа, доля сына - "дзяржаўнага злачынца", можа, яшчэ што. Праваслаўны, які быў замешаны ў мяцяжы, - гэта ж было вельмі падазрона. Але яго мова - гэта быў каскад досціпаў, прыказак, старых пахучых анекдотаў, яскравых, як вясёлка, жартаў… Трэба было паслухаць, як ён распавядае байкі пра нашых пашахонцаў - Маркавічан. Публіка рагатала да рэзі ў жываце. Больш за ўсё я шкадую, што ён так рана памёр (не стала дзеда ў ліпені 1945 года, пахаваны ён у мястэчку Карма Гомельскай вобласці. - А. В.), што я быў малы і мала што памятаю, што не запісаў гэткага цуду. Але менавіта ад яго я палюбіў прыроду, гісторыю (ён калісь рабіў раскопкі курганоў і шмат чаго цікавага распавядаў), навучыўся лавіць самоў "на квок", палюбіў бадзяцца і іншае.
А якія ён распавядаў легенды… Пра вужыную каралеву, пра чорную курыцу волатаў, пра караля мятлушкаў, пра вялікую змяю "Дзебраў" (калішняе ўрочышча Дзебры пад Магілёвам), пра Яна Прыгожага і князя Ладымяра, пра лебядзіны скіт, пра скарб аднавокага народа, пра дрэва смерці (гэтую легенду я пазней запісаў у Руклях, што пад Смаллянамі, але ў горшым, здаецца, варыянце), пра явар і каліну - мужа і жонку, пра звон, які патануў, пра горад на дне возера. І яшчэ многае-многае" ("Маладосць", 1987, № 1. С. 160).
Як бачым, дзед зрабіў прыкметны ўплыў на фармаванне светапогляду будучага пісьменніка, а дзедавы апавяданні сталі крыніцай для многіх будучых ягоных твораў.
На пытанне анкеты Таццяны Шамякінай, што з уражанняў дзяінства найбольш спрыяла развіццю яго таленту, пісьменнік адказаў: "Што спрыяла? Зноў жа асяроддзе. Сваякі (і на суседзяў шанцавала) былі людзі спявучыя, вельмі музычныя, многія з добрымі галасамі, з апавядальным талентам (здзіўляюся, чаму не стаў прафесійным спеваком бацька, пісьменнікамі - дзядзькі, асабліва адзін). Усе з гумарам і схільнасцю да іроніі (у тым ліку да самаіроніі)"2.
Пісьменнік заўважаў, што з самага ранняга ўзросту цікавіўся гісторыяй, асабліва гісторыяй Беларусі. Праз усё жыццё ён пранёс моцную любоў і да прыроды. Напрыклад, у дзіцінстве адной з любімых ягоных кніг была кніга А. Брэма "Жыццё жывёл".
У доме Караткевіча было шмат кніг: "і рэшткі дзедвай бібліятэкі, і кнігі бацькоў, і свае". Яны, праўда, згарэлі разам з хатай у Айчынную вайну. Чытаць хлопчык навучыўся ў тры з паловаю гады, а пісаць трохі пазней. Ствараць вершы пачаў год у шэсць. Крыху пазней спрабаваў пісаць апавяданні, якія сам жа ілюстраваў. Пісьменнік успамінаў, што ў дзяцінстве ён "таленты выяўляў разнастайныя: і маляваў, і ў музычную школу хадзіў (прычым абсалютны слых спалучаўся ўва мне з гэткай жа абсалютнай лянотай), але ўсе гэтыя таленты пайшлі тунна".
Яшчэ ў дашкольныя гады Караткевіч даслаў ліст Карнею Чукоўскаму. І атрымаў адказ гэтага прызнанага майстра. У ліпені 1938 года ён убачыў Янку Купалу, які адпачываў недалёка, на дачы ў Ляўках. Да вайны закончыў тры класы.
Вайна застала яго ў Маскве, куды пасля заканчэння школы паехаў да сястры, якая там вучылася ў адной з вышэйшых навучальных устаноў. Быў спачатку ў Маскве, потым на Разаншчыне, потым на Урале, у наваколлі Кунгура. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт. Доўгі час не ведаў, дзе бацькі. Праз матчыну сястру Яўгенію Васілеўну, якая жыла з мужам на Далёкім Усходзе, даведаўся, што бацькі ў Арэнбургу. У жніўні 1943 года разам з сястрой дабраўся з вялікімі цяжкасцямі да іх. У Арэнбургу скончыў шосты клас. Потым разам з маці трапіў у нядаўна вызвалены Кіеў, дзе некаторы час жыў у матчынай сястры Яўгеніі Васілеўны, якая з мужам пераехала туды з Далёкага Усходу. Амаль праз трыццаць гадоў, восенню 1972 года, ён закончыў адзін з самых аўтабіяграфічных сваіх твораў - аповесць "Лісце каштанаў", навеяную ўспамінамі пра той час.
Дзяцінства Уладзіміра Караткевіча, як і многіх яго равеснікаў, было апалена вайной. У вайну згарэла бацькоўская хата (яе пабудавалі ў 1939 годзе, а да гэтага наймалі палову дома ў яўрэя Тылевіча), загінуў у 1941 годзе на фронце старэйшы брат Валерый, фашысты расстралялі ягоную жонку Вольгу, павесілі ў мястэчку Карма ў маі 1942 года сваячку Арцём'еву з дзецьмі.
Калі вярнуліся Караткевічы з эвакуацыі ў Оршу, то спачатку наймалі кватэру ў царкоўнага старасты, а потым купілі ў вёсцы хату, перавезлі ў горад і ў канцы лета 1946 года засяліліся ў яе. Хлопчык зведаў голад, холад і ўсе нястачы першых пасляваенных гадоў. Іншы раз было так холадна, "што часам хацелася памерці, абы толькі цябе пахавалі ў печцы". Але ўсё гэта не заглушыла ў ягонай душы цягі да вершаў. У школьныя гады разам са сваімі аднагодкамі Караткевіч выпусціў некалькі нумароў рукапіснага часопіса "Званочак", на старонках якога былі змешчаны некаторыя яго вершы, а таксама прыгодніцкая аповесць "Загадка Неферціці". Пазней пісьменнік з удзячнасцю згадваў настаўніцу рускай мовы і літаратуры Кацярыну Іванаўну Грыневіч, якой паказаў некаторыя свае вершы і якая падтрымала яго. Яна арганізавала драматычны гурток у школе.
Яго сябар школьных гадоў Леанід Крыгман успамінаў ("Полацак", 1991, № 9), што Валодзя ў свае 14 гадоў меў энцыклапедычныя веды па літаратуры і гісторыі, што настаўніца матэматыкі паставіла яму двойку па сваім прадмеце і пакінула на другі год у восьмым класе ("магу сведчыць, хаця матэматыка і не была яго любімым прадметам, але ён ведаў яе не горш іншых, каго перавялі ў наступны клас"), што ён меў фенаменальную памяць, а ягоныя тагачасныя творы "былі напісаны настолькі таленавіта і па-майстэрску, што многія, хто пачыналі пісаць у альманах (рукапісны часопіс "Званочак". - А. В.) разам з ім, скончылі займацца гэтай справай", што ён у гогалеўскім "Рэвізоры" граў Добчынскага і што ён быў не толькі добрым акцёрам, але ўжо ў восьмым класе амаль поўнасцю напісаў першы варыянт п'есы "Млын на Сініх Вірах".
Як зазначыў Караткевіч у аўтабіяграфіі, "напісаў я тады, думаю, не менш за дзвесце вершаў... Цяпер усё гэта недзе згубілася, і пашкадаваць аб ім пэўна няма чаго". Сапраўды, многае, што напісаў Караткевіч у школьныя гады, нам невядома. Але нешта і засталося. Так, у хатнім архіве пісьменніка захоўваюцца рукапісы напісаных на рускай мове ў 1945 - 1946 гадах навелы "Рабіна", апавядання "Багун-трава", легенды "Любоў Мааў", артыкула пра А. К. Талстога і артыкула на беларускай мове пра Францішака Багушэвіча, якія сведчаць, што ўжо ў той час закладваліся трывалыя падваліны яго мастацкай творчасці.
У 1949 - 1954 гг. Уладзімір Караткевіч вучыўся на рускім аддзяленні філалагічнага факультэта Кіеўскага універсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. Свае студэнцкія гады пісьменнік успамінаў "са змешаным пачуццём глыбокай пяшчоты і сораму. Пяшчоты - таму, што была навука, старыя рукапісы, кнігі, музеі, музыка, дзяўчаты, сябры, свае і чужыя вершы. Сораму - таму, што нярэдка даводзілася тады сустракацца са звычайнай вульгарызацыяй навукі." Пазней ён згадае тыя гады ў аповесці "У снягах драмае вясна" (1957), напіша пра іх і ўвогуле пра свою повязь з украінскай зямлёю ў эсэ "Абраная" (1982), а таксама ў эсэ пра Шаўчэнку "І будуць людзі на зямлі" (1964), пра Лесю Украінку "Saxifraga" (1917), у нарысе пра Кіеў "Мой се градок!" (1882) і ў іншых сваіх творах.
Караткевіч моцна любіў Украіну і яе народ. Ён казаў: "Я нарадзіўся на Дняпры, і ён у Кіеў цячэ з майго сэрца". У фармаванні і развіцці таленту Караткевіча Кіеву належыць асаблівае месца. Там ён чытаў творы Катула, Сафокла, Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Норвіда, Дастаеўскага, Буніна, Ясеніна, Грына, Купалы, Гарэцкага, Гаруна, усю літаратуру пра паўстанне 1863 - 1864 гадоў, разнастайныя старадрукі і перыёдыку 20-х гадоў. У гэтым старажытным горадзе, багатым гістарычнымі і культурнымі традыцыямі, змог глыбей зразумець мінулае ўсходнеславянскіх народаў. Там ён меў большыя магчымасці пазнаёміцца з лепей упарадкаванымі бібліятэкамі і архівамі. Менавіта там вучыўся ў многіх высокакваліфікаваных выкладчыкаў (А. А. Назарэўскага, А. І. Бялецкага, Л. А. Панамарэнка, С. І. Маслава). І яшчэ за адну рэч Караткевіч быў удзячны тым гадам. Пазней пісьменік адзначыў, што здалёку ён асабліва палюбіў Беларусь і яе людзей. І менавіта тады ўзнікла ў Караткевіча задума напісаць кнігу пра паўстанне 1863 - 1864 гадоў на тэрыторыі Беларусі і Літвы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Студэнцкія гады былі для Караткевіча часам пошукаў і станаўлення як асобы і творцы. Пасля першага курса, летам 1950 года, ён стварыў у Оршы першы варыянт аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха". А пасля другога курса, 29 ліпеня 1951 года, у аршанскай раённай газеце "Ленінскі прызыў" былі надрукаваны вершы "Здесь будет канал" і "Якубу Коласу". Адзін з іх быў на рускай мове, другі - на беларускай.
У канцы чэрвеня 1952 года Уладзімір Караткевіч наведаў з сябрам-аршанцам, студэнтам Беларускага політэхнічнага інстытута Валянцінам Краўцом, радзіму Янкі Купалы. Пасля паездкі даслаў нарыс "Вязынка" і суправаджальны ліст жонцы паэта Уладзіславе Францаўне.
Пра тое, што ў Караткевіча да лета 1952 года быў ужо немалы мастацкі набытак, сведчаць і ягоныя творы, якія ён даслаў у той час для ацэнкі Якубу Коласу. Гэтыя творы пад назвай "Казкі і легенды маёй Радзімы" занялі 129 старонак агульнага сшытка.
Якубу Коласу былі дасланы казкі "Лебядзіны скіт", "Вужыная каралева", "Аўтух-дамоўнік", "Казка пра Пятра-разбойніка", "Надзвычайная котка", "Мужык і дзіва аднавокі", "Рыбі цар", "Пан тванны, шляхціц багняны", "Ноч", "Куцька", "Вераб'ёва цешча", "Старая казка", вершы "Здаецца ўсё як раней была", "Калі з эфіра голас далятае", "Машэка", "Казка пра сноп", "Ноч", "На рацэ", "Вясновая непагода", "П'юць галубы блакіт із каляіны", вершы на рускай мове "Воўк" і "Якуб Ваўкалака", апавяданні "Дзядуля" і "Паляшук".
Усё гэта, за выключэннем казкі "Надзвычайная котка", якая пазней была значна дапрацавана і атрымала назву "Чортаў скарб", і верша "Машэка", пры жыцці пісьменніка не друкавалася. Вершы на беларускай мове, казкі "Лебядзіны скіт", "Чортаў скарб", апавяданне "Паляшук" увайшлі ў першы і другі тамы ягонага Збору твораў у васьмі тамах (1987 - 1991).
Да гэтых твораў быў прыкладзены ліст, у якім Караткевіч пісаў: "З маленства я звык лічыць Вас прыкладам і таму звяртаюся да Вас і ні да каго больш. Калі знойдзеце магчымым - напішыце мне, ці варта мне прадоўжваць". Невядома, ці прачытаў творы маладога пісьменніка пясняр. Несумненна, аднак, тое, што яны вызначаліся прыкметнымі мастацкімі вартасцямі. У іх выявіліся многія характэрныя адзнакі стылю Уладзіміра Караткевіча. Восенню 1952 года Караткевіч да 70-годдзя Якуба Коласа даслаў яму з Кіева ліст, дзе шчыра і сардэчна павіншаваў з юбілеем. Гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа (вопісы 110, 90).
Пра цікавыя і плённыя мастацкія набыткі Караткевіча ў студэнцкія гады сведчаць таксама створаныя ў той час на рускай мове апавяданні "Сабачая радасць", "Прафорг Каралёў", аповесць "Перадгісторыя", а таксама многія вершы на беларускай і рускай мовах. Пісаў ён таксама на ўкраінскай і польскай мовах. У аўтабіяграфіі пісьменнік згадваў, што ў тыя гады ён разам з адным студэнтам напісаў на рускай мове п'есу ў вершах "Кар'ера Косці Лыкадрала", у якой высмейваліся тагачасныя універсітэцкія парадкі, шкадаваў, што гэта п'еса згубілася.
Ён прызнаваўся: "Як ні дзіўна, я не хацеў быць літаратарам. Вершы пісаў для сябе. А ў будучым хацеў быць літаратуразнаўцам". Пра сур'ёзнасць і шматграннасць навуковых інтарэсаў Караткевіча сведчаць праблемы, якімі ён займаўся ў студэнцкія гады: "Багдановіч і сучаснасць", "Моўная стыхія Пушкіна", "Цёмныя месцы "Слова", "Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы", "Авакум і літаратура расколу", "Справа пра "Саборныя дзеянні".
На некаторыя лекцыі не хадзіў, а замест таго шмат працаваў у публічнай бібліятэцы. За гэта, а таксама за самастойнасць думак меў непрыемнасці з боку універсітэцкага кіраўніцтва. Пазней згадаў у аўтабіяграфіі, што ўжо на другім курсе не было ў яго ілюзій адносна асобы Сталіна, аб чым паклапаціўся адзін з яго дзядзькоў (Садавы Мікалай Аляксандравіч, 1893 - 1965, муж бацькавай сястры Вольгі Цімафееўны. - А. В.), які ў 1939 годзе вярнуўся з турмы і да арышту быў загадчыкам аблана на Камчатцы. І таму на пахаванне Сталіна ў сакавіку 1953 года Караткевіч паехаў і падбіў на паездку хлопцаў з пакоя "не з-за смутку, а каб убачыць уласнымі вачыма. І ўбачыў. І, разам з хлопцамі, памагаў санітарам выцягваць з даўкі людзей. І трапіў у пераплёт у Веташным завулку ў дзень пахавання. А гэта ўжо не пакідала ніякіх сумненняў і выклікала адно жаданне: "хутчэй бы скончылі з усім гэтым". І таму калі ў 1956 годзе адбылося выкрыццё культу асобы Сталіна, то Караткевіч перенёс яго лёгка.
Асабліва ўсё абвастрылася ў жыцці Караткевіча пасля абароны ім дыпломнай працы пра сацыяльныя казкі і легенды ва ўсходнеславянскім фальклоры: "Толькі дзякуючы таму, што мяне падтрымалі настаўнікі (А. А. Назарэўскі і нябожчык А. І. Бялецкі), я атрымаў вышэйшую адзнаку, але шлях у аспірантуру быў закрыты".
Адам Мальдзіс у сваёй кнізе "Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" спасылаецца на ўспаміны Фларыяна Няўважнага, вядомага польскага літаратуразнаўца і перакладчыка, які вучыўся ў Кіеўскім універсітэце разам з Караткевічам, сябраваў з ім. Няўважны згадваў, што Валодзя "ў дзень смерці Сталіна ўстроіў у інтэрнаце дэманстрацыйнае застолле. Потым, калі сталі прыпіраць да сцяны не толькі яго, але і сяброў, баронячы іх, выкручваўся: з гора..." Па словах Фларыяна Няўважнага, "у Кіеўскім універсітэце Караткевіч быў душой курса, яго сумленнем. Адны яго вельмі паважалі, іншыя ненавідзелі, пабойваліся, бо маглі атрымаць здачу. Пра сілу, мужнасць і прынцыповасць Валодзі хадзілі ва універсітэце легенды (напрыклад, як уратаваў ад хуліганаў Бялецкага)".
Пасля заканчэння універсітэта два гады працаваў настаўнікам у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці. Вясной 1955 года здаў экзамены кандыдацкага мінімуму "і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з'явілася задумка аб рамане на тую самую тэму". Караткевіч з удзячнасцю ўспамінаў і універсітэт, і вёску. Працуючы настаўнікам, марыў вярнуцца на Беларусь.
Ён згадваў: "Напісаў я за дзевяць год - горы. Нават трагедыю белым вершам, жахліва тр-рагічную. Але друкавацца і не думаў. У канцы першага года маёй настаўніцкай работы адбылося, аднак, нечаканае. Мінскі сябра (Станіслаў Карпенка, студэнт Беларускага політэхнічнага інстытута. - А. В.) папрасіў мяне даслаць яму вершы, пачытаць. Я даслаў, як бывала і раней. А ён панёс іх у часопіс "Полымя".
І раптам улетку 1955 года я атрымаў нумар часопіса са сваім вершам "Машэка". Гэта пераламіла мой лёс. Потым з'явіліся яшчэ вершы".
У біяграфіі, напісанай 17 верасня 1964 года, Караткевіч сцвярджаў, што свайму мінскаму сябру ён даслаў два сшыткі з вершамі. Той жа адзін сшытак занёс у часопіс "Полымя", а другі - "нашаму вядомаму старому паэту" (Кандрату Крапіве. - А. В.). І апавядае далей: "Адбылося дзіва. Ці то стары (а ў нас з ім былі потым не зусім дрэнныя адносіны) быў нечым раздражнёны, ці то мы з ім былі абсалютна рознымі людзьмі, але ён напісаў мне такі разносны ліст, якога, па-мойму, не атрымліваў ніколі і ніхто... Урэшце, ён параіў мне кінуць гэту справу. І гэта супала з маім тайным жаданнем. Я адказаў, што кідаю, але раздражнёны бурклівым тонам яго ліста (безадносна да мяне)... папрасіў яго... быць уважлівым да тых, хто не графаман, абараняць іх, калі можна... І кінуў. За пяць месяцаў я напісаў раздзел дысертацыі і ніводнага вершаванага радка".
Сапраўды, з'яўленне ў сёмым нумары часопіса "Полымя" за 1955 год верша "Машэка" паўплывала на лёс Уладзіміра Караткевіча. У тым жа 1955 годзе ў кнізе "Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта" быў надрукаваны яго нарыс "Вязынка". 25 лістапада 1955 года з Лесавічаў ён пісаў Уладзіславе Францаўне, жонцы Янкі Купалы: "Вы цяпер нешта накшталт маёй хроснай маці: першы мой выступ у вялікай прэсе быў зроблены дзякуючы Вам".
Публікацыі верша "Машэка" і нарыса "Вязынка" акрылілі Караткевіча. Яго заўважылі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У верасні 1955 года быў удзельнікам рэспубіканскай нарады маладых пісьменнікаў у Мінску, дзе высока ацанілі ягоныя вершы.
Нямала звестак пра сябе і пра сваё тагачаснае жыццё паведаміў ён у лістах да Максіма Танка, напісаных у 1955 - 1957 гадах (упершыню апублікаваны ў часопісе "Маладосць", 1987, № 1). Разам з лістамі дасылаў Максіму Танку і свае паэтычныя творы, хацеў, каб той ацаніў іх. Вось што пісаў Караткевіч 12 лістапада 1955 года: "Пішу - і вось што дзіўна: да ўсяго даходзяць рукі... Думак шмат. Тут і пра сучаснасць, і пра мінулае... Ах, як хочацца рабіць! Яшэ б напісаць дзесятак аповесцей, у якіх ахапіць гісторыю Беларусі з 1863 па 1963". З Максімам Танкам як з прызнаным майстрам, як з галоўным рэдактарам часопіса "Полымя", дзе з'явіліся першыя ягоныя вершы, Караткевіч дзеліца самымі запаветнымі думкамі і марамі.
Так, у лісце ад 27 мая 1956 года ён пісаў: "Т. Вялюгін (рэдактар аддзела паэзіі часопіса "Полымя". - А. В.) кажа пра маю кепскую мову. Я гэта сам ведаю, але ж скуль мне яе ўзяць, добрую мову? Я выжываю памылкі, але проста з крывёю. Орша адносна мовы наогул не запаветная зямля. Там штат русіцызмаў, там блытаюць канчаткі роднага і, часам, меснага склону і г. д. Да таго ж і сям'я. Бацька размаўляе заўсёды на дыялекце, мова няправільная. Маці, калі захоча, можа вельмі добра гаварыць, асабліва калі распавядае пра старыя часы і розныя напаўанекдатычныя выпадкі. Але часцей за ўсё яна размаўляе па-руску, беларускія словы ўжываючы для асаблівай выразнасці. Што ж паробіш, патомная інтэлігенцыя. Іншым разам гэта ў яе бывае вельмі прыгожа і арыгінальна, але літаратурную мову я ўсё ж ведаю кепска".
І далей, адзначаючы сваю асаблівую любоў да гістарычных вершаў, ён заўважае: "Дарэчы, пра гісторыю ў нас амаль ніхто не піша. Вершы яшчэ ёсць... А вось гістарычнага рамана ў нас фактычна зусім няма... А мне б вельмі хацелася, каб людзі раптам адкрылі мора паэзіі ў беларускай гісторыі, як калісці адкрылі ў шатландсай".
Уладзімір Караткевіч меў у той час значныя і маштабныя задумы. Так, у лісце да Максім Танка ад 20 чэрвеня 1956 года ён выказваў занепакоеначць, што ў беларусаў няма такога літаратурнага тыпу, які ёсць у іншых народаў, напрыклад, Фаўст, Уленшпігель, віцязь, апрануты ў шкуру тыгра. Але верыў, што такі літаратурны тып, які "лепш за ўсё адбівае асноўныя рысы нацыянальнага характару, сэрца народа, яго імкненні і нават дробныя, другарадныя рысы", павінен з'явіцца. Сцвярджаў, што героем беларускай нацыянальнай эпапеі можа быць чалавек, які жыў на Беларусі ў эпоху Рэнесансу, і што ў беларускай літаратуры ёсць "толькі адзін вобраз, прыдатны выканаць гэтую ролю". Гэта Люцыян Таполя з аднайменнай паэмы Танка.
Караткевіч ярка і маляўніча апісаў у лісце жыццё гэтага героя.
Не слабла творчая актыўнасць пісьменніка і ў 1956 - 1958 гады, калі ён працаваў настаўнікам у 8-й школе Оршы, хоць часам і наракаў, што праца ў школе адымае час ад творчай дзейнасці. Так, у лісце да дзядзькі М. А. Садавога ад 8 снежня 1957 года ён пісаў: "А задум у мяне столькі, што калі б была свабода і калі б далі мне гадоў шэсцьдзесят жыцця - напісаў бы сто тамоў. Далібог. Я іх магу нават прадаваць і не стану бяднейшым.
Вось бліжэйшыя задумы: кніга апавяданняў, раман пра 1905 год (які зараз пішу), сатырычная камедыя, 2 - 3 задумы паэм.
Пасля гэтага вазьмуся за "Сямейныя паданні роду Яноўскіх", цыкл невялікіх аповесцей, памеру "Станцыйнага наглядчыка" (дай божа каб было хоць у сотую долю гэтай сілы) пра гісторыю беларускай шляхты. Аповесці будуць і пацешныя, і трагічныя, і хітрыя, і страшэнна-ўсялякія. Я ўжо раблю накіды, і, пакуль што, цікава атрымліваецца.
А калі зраблю і гэта - засяду за "Век" - цэлую эпапею, у якую павінны ўвайсці паўтара дзесятка раманаў і якая ахопіць гісторыю Беларусі з 1860 года да нашых дзён.
Дай бог нашаму цяляці ваўка спаймаці".
Ліст напісаны на рускай мове, апошні сказ - на беларускай.
Уладзімір Караткевіч, адчуваючы ў сабе незвычайныя творчыя сілы, як і яго папярэднікі Максім Гарэцкі і Кузьма Чорны, таксама выношваў задуму стварыць цыкл кніг пра жыццё свайго народа на працягу значнага прамежку часу. У 104-й папцы хатняга архіва пісьменніка захоўваецца ліст паперы ў лінейку, дзе ён падаваў тыя кнігі, якія марыў напісаць і якія маглі б скласці 78 тамоў:
1 - 2 - Вершы
3 - Легенды
4 - 5 - Паэмы
6 - Раман у вершах
7 - 8 - Апавяданні
9 - 10 - Аповесці
11 - 15 - Раманы гістар. [ычныя]
16 - 20 - Раманы сучасныя
21 - 35 - Серыя "Век"
36 - 37 - Казкі і літ. [аратура] для дзяцей - у стылі Г.-Х. Андэрсена
38 - 39 - Фантастычнае
40 - 43 - П'есы
44 - 45 - Запісы фальклору
46 - 47 - Мемуары
48 - 49 - Шляхі (дарожныя нататкі)
50 - Малая спад. [арожная] кніжыца
51 - 52 - Крытыка
53 - 56 - Гіст. [орыя] бел. [арускага] мастацтва [арх. [ітэктура], жывап. [іс], муз. [ыка], скульпт. [ура]]
57 - 58 - Біяграфіі
59 - 61 - Гісторыя Белай Русі
62 - 64 - Пераклады
65 - 67 - Ліставанне
68 - Пегас дыбкі ("Пегас", "Пегас б'е задам", "Утаймаваны Пегас", "Перакітаіць кітайцаў")
69 - Паляўнічае
70 - Гіст. [орыя] бел. [арускай] літаратуры
71 - 72 - Кінасцэнарыі, лібрэта
73 - 75 - Публіцыстыка. Навука
76 - Вы, беларусы (прызыў да іх вярнуцца)
77 - Абарона мовы беларускай
78 - Кніга пра працу пісьменніка (тэорыя літаратуры)
На гэтым лісце ёсць памета: 11 гадоў 75 дзён пры катаржнай нагрузцы.
Пра тое, што пісьменнік натхнёна і сапраўды катаржна працаваў, сведчаць яго далейшыя творы. Так, у сакавіку 1957 года была закончана п'еса "Млын на Сініх Вірах", у канцы мая - аповесць "У снягах драмае вясна". Узнікаюць і з'яўляюцца ў перыядычным друку таксама шматлікія вершы.
У 1957 годзе Уладзіміра Караткевіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў. У 1958 годзе выйшаў з друку зборнік вершаў "Матчына душа". У першай палове і летам 1958 года закончыў аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" і "Цыганскі кароль", напісаў многія вершы і апавяданні.
У 1958 - 1960 гады вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. "Літаратурныя курсы, - згадваў пісьменнік, - шмат далі мне самой сваёй атмасферай, глыбінёй спрэчак, сяброўствам, шырынёй далягляду". Там напісаў сваю другую кнігу "Вячэрнія ветразі" (1960), некалькі апавяданняў і гістарычную аповесць "Сівая легенда", якія разам з напісанай раней аповесцю "Цыганскі кароль" склалі трэцюю яго кнігу "Блакіт і золата дня" (1961). У Маскве быў задуманы першы яго раман "Леаніды не вернуцца да Зямлі", надрукаваны пад назвай "Нельга забыць" у часопісе "Полымя" ў 1962 годзе.
На Вышэйшых літаратурных курсах ён захапіўся кіно і пачаў працаваць над сцэнарыямі. У 1960 - 1962 гады вучыўся ў Маскве на Вышэйшых сцэнарных курсах. Масква, як і Кіеў, таксама істотна ўплывала на фармаванне Караткевіча як асобы і мастака.
У пачатку 1963 года атрымаў у Мінску аднапакаёвую кватэру на вуліцы Чарнышэўскага, д. 7, кв. 57. Праз некаторы час з Оршы пераехала да яго жыць маці. Вясной 1967 года атрымаў з ёю двухпакаёвую кватэру на вуліцы Веры Харужай, д. 48, кв. 26. Восенню таго ж года ў Брэсце на чытацкай канферэнцыі па ягонай творчасці пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педінстытута Валянцінай Браніславаўнай Нікіцінай (дзявочае Ватковіч; 1934 - 1983), сваёй будучай жонкай. З ліпеня 1969 года яна працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Караткевіч узяў шлюб з ёю 19 лютага 1971 года. Вясной 1973 года разам з маці і жонкай засяліўся ў трохпакаёвую кватэру на вуліцы Карла Маркса, д. 36, кв. 243.
У 60-я гады з асаблівай сілай раскрыўся талент Уладзіміра Караткевіча. У гэты час ён напісаў раманы "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць") (1960 - 1962), "Каласы пад сярпом тваім" (1962 - 1964), "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (1965 - 1966), аповесці "Сівая легенда" (1960), "Зброя" (1964), "Чазенія" (1966), апавяданні "Маленькая балерына" (1961), "Барвяны шчыт" (1963), "Сіняя-сіняя" (1964), легенду "Ладдзя Роспачы" (1964), п'есу "Кастусь Каліноўскі" (1963), нарысы "Казкі Янтарнай краіны" (1962), "Званы ў прадоннях азёр" (1969) і іншыя творы, выдаў зборнік вершаў "Мая Іліяда" (1969). Творы пісаў у Оршы, Маскве, Мінску, Доме творчасці "Каралішчавічы", Рагачове ў дзядзькі Ігара Васілевіча Грынкевіча, Чалябінску, дзе жыла з сям'ёй сястра Наталля Сымонаўна Кучкоўская, і ў іншых мясцінах.
Аўтабіяграфія "Дарога, якую прайшоў" (1 снежня 1964 г.) заканчваецца так: "Калі б мне ўдалося пасля "Каласоў" напісаць некалькі раманаў і аповесцей і давесці дзею да нашых дзён, я б лічыў, што справа жыцця зроблена. Але да гэтага так далёка! Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, - многа або мала, але да канца".
Нягледзячы на ўсе нягоды, натхнёна і плённа працаваў у 70-я і ў першай палове 80-х гадоў.
Караткевіч быў нястомным вандроўнікам. З сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый шмат падарожнічаў па Беларусі і за яе межамі, два разы быў у Польшчы (1971, 1977), тры разы ў Чэхаславакіі (1973, 1975, 1979).
Незадоўга да сваёй смерці (не стала пісьменніка 25 ліпеня 1984 года) ён, нібы развітваючыся, наведаў блізкія і дарагія мясціны. З'ездзіў у Рагачоў, у Кіеў на юбілейную сутрэчу выпускнікоў Кіеўскага універсітэта, у Вязынку. 12 ліпеня накіраваўся з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, у падарожжа па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна і адкуль ён вярнуўся 20 ліпеня ў Мінск.
А перад гэтым, у маі, закончыў складанне і вычытку зборніка паэзіі "Быў. Ёсць. Буду" (выйшаў у 1986 годзе) і кнігі п'ес "Старыя беларускія хронікі" (выйшла ў 1988 годзе).
На пачатку 60-х гадоў вуснамі Андрэя Грынкевіча, галоўнага героя рамана "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць"), пісьменнік выказаў сваю творчую праграму: "Мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб'ездзіць разам усю Беларусь, адшукаць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя. Яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага... Ты прыкладзеш да гэтай кнігі веды, а я так выкладу яе, каб яна чыталася запоем, як легенда..."
Да апошніх дзён свайго жыцця Уладзімір Караткевіч пісаў гісторыю свайго народа, ягонага мастацтва, культуры, духоўнага жыцця. І многае, што задумаў у юнацкія гады, здзейсніў.