GSpay - iatp merchant account provider. Выгодная и надежная аренда серверов на ваших условиях.

Галоўная

Жыццяпіс

Бібліятэка

Галерэя

Успаміны

Крытыка

Музей

Архіў

Гасцёўня

E-mail

Анатоль Верабей

ГАРМОНІЯ ХАРАСТВА І ПРАЎДЫ

Шырокае прызнанне на Беларусі і далёка за яе межамі прынесла Уладзіміру Караткевічу ягоная проза.
Прыход у беларускую літаратуру такога пісьменніка, як Караткевіч, быў заканамерным і абумоўленым працэсам развіцця самой літаратуры, а таксама ўзроўнем грамадскага і духоўнага жыцця той эпохі, якая нарадзіла мастака. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі востра адчулі, што літаратура не зможа паўнакроўна развівацца, не асвоіўшы мінуўшчыны свайго народа.
І ў далейшым родная гісторыя прыцягвала ўвагу Міхася Зарэцкага, Кузьмы Чорнага, Юркі Віцьбіча, Язэпа Дылы, Барыса Мікуліча і многіх іншых беларускіх пісьменнікаў. Аднак не ўсё задуманае яны маглі здзейсніць у часы таталітарнага рэжыму. Таму да пачатку 60-х гадоў для беларускай прозы былі прымальныя словы Максіма Танка, які ў 1936 годзе ў "Лістках календара" пісаў: "А пакуль што некранутай цаліной у нас ляжыць гістарычная тэма, чакаючы свайго Вальтэра Скота, Сянкевіча…" Сёння ж падстаў для такога сцвярджэння няма. Караткевіч з'яўляецца, па сутнасці, заснавальнікам беларускай гістарычнай раманістыкі. Ён стварыў высокамастацкую беларускую гістарычную прозу, абудзіў у грамадскасці пачуццё нацыянальнага гонару, цікавасць і любоў да гісторыі Беларусі.
Прафесар Карлава універсітэта Вацлаў Жыдліцкі ў "Слоўніку пісьменнікаў Савецкага Саюза" (Прага, 1977, т. 1) пісаў: "Як гістарычныя, так і сучасныя сюжэты ён (Уладзімір Караткевіч. - А. В.) настройвае рамантычна, даючы перавагу ў першым выпадку класічнаму вальтэрскотаўскаму рамантызму, у другім - "неарамантызму" з яго значнай доляй лірызму і казкавай паэтычнасцю".
Слушна пра Караткевіча пісаў Уладзімір Конан: "Асаблівую цікавасць уяўляюць яго дзве глыбока абгрунтаваныя ў творчасці ідэі: непераўзыходзячая каштоўнасць жыцця кожнага народа, нацыі, яе культуры, асобнага чалавека і погляд на гістарычную мінуўшчыну свайго народа як на актуальнае і значнае для сучаснасці" ("Знамя юности", 30 лістапада 1980 г.). Пра гэта гаварыў і сам пісьменнік: "У падзеях мінулага - нашы карані. А дрэва без каранёў не можа ні існаваць, ні тым больш прыносіць плады" ("Літаратура і мастацтва", 21 ліпеня 1967 г.).
Аляксей Талстой адзначаў: "У кожным мастацкім творы, у тым ліку - у гістарычным рамане, у гістарычнай аповесці - мы цэнім перш за ўсё фантазію аўтара, які ўзнаўляе па абрыўках дакументаў, што дайшлі да нас, жывы малюнак эпохі і асэнсоўвае гэту эпоху"1. Караткевіч з'яўляецца якраз тым аўтарам, мастацкая фантазія якога ўзнавіла многія крытычныя і пераломныя перыяды беларускай гісторыі.
Пісьменнік дасканала ведаў і па-мастацку адлюстроўваў падзеі далёкай мінуўшчыны. Ён жыў гісторыяй, яна была арганічнай часткай ягонага духоўнага жыцця, ягонай істоты, з'яўлялася ягонай стыхіяй і ягоным натхненнем. Уладзіміра Караткевіча цікавіла гісторыя пераважна як прытча, легенда, паданне. Ён шырока абапіраўся на творчы вымысел, не капіраваў з навуковай дакладнасцю гістарычныя падзеі і факты, а ствараў мастацкі летапіс роднай зямлі. Гісторыя яго цікавіла ў тым плане, які ўплыў зрабіла яна на духоўнае жыццё народа, на яго грамадскую свядомасць. 24 верасня 1980 года пісьменнік запісаў: "Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць яна, непераходзячая, сталая вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным і ў вялікім" ("Полымя", 1989, № 1).
Для пісьменніка важна было паказаць той час, пра які ён пісаў, раскрыць адносіны паміж людзьмі, перадаць іх псіхалогію, іх жыццё. Характэрная адзнака творчай манеры аўтара пры ўзнаўленні падзей далёкай мінуўшчыны - фальклорна-рамантычны падыход да гістарычных падзей, увага да гістарычнай легенды.
Да сярэдзіны 50-х гадоў, калі ў беларускіх перыядычных выданнях пачалі з'яўляцца вершы Караткевіча, ён ужо нямала стварыў празаічных твораў. Так, у 28-й папцы хатняга архіва пісьменніка захоўваецца "Літаратурны дзённік Караткевіча Уладзіміра", агульны сшытак, дзе змешчаны рукапісы навелы "Рабіна", артыкулаў "Аляксей Канстанцінавіч Талстой", "Некалькі слоў пра Францішка Багушэвіча як вялікага песняра Беларусі і прадстаўніка крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры 2-й паловы ХIХ стагоддзя", апавядання "Багун-трава", легенды "Любоў Мааў" і верша ў прозе "Каштаны". Гэтыя творы напісаны на рускай мове, артыкул пра Багушэвіча - на беларускай. Узніклі яны ў першыя пасляваенныя гады. Напрыклад, паметы сведчаць, што артыкул пра Багушэвіча быў напісаны 16 сакавіка 1946 года, а верш у прозе "Каштаны" - 31 сакавіка 1950 года ў Кіеве.
Ключом да разумення творчасці пісьменніка, яго эстэтычнай праграмы і мастацкіх схільнасцей могуць стаць словы, выказаныя ў артыкуле "Аляксей Канстанцінавіч Талстой": "Першай вартасцю ўсякага твора павінна быць высокая сучаснасць, якая адказвала б на ўсе пытанні часу і рухала б грамадства наперад. Гэта самае галоўнае, але гэту сучаснасць не трэба разумець вузка. Гэта не значыць, што мы абавязкова павінны браць сюжэт з нашых дзён. Не, усякі гістарычны твор можа і павінен выяўляць многае з таго, што думаюць сучасныя людзі. Чалавек жа амаль заўсёды мучыўся аднымі і тымі ж пытаннямі… Другой вялікай вартасцю з'яўляецца арыгінальнасць і свежасць тэмы, ідэі, рыфмы і рытму… Трэцяя найвялікшая вартасць - выразная, сціслая, зразумелая мова, сапраўдная мова часу, у які створаны твор, ці мова, якой будуць гаварыць у гэтай краіне… І яшчэ ўсякі паэт павінен заўсёды і ва ўсім знаходзіць прыгажосць… Пятай найвялікшай вартасцю з'яўляецца любоў да радзімы, але не тая, якую выказваюць на словах, а сапраўдная любоў, глыбокая і сумленная… І шостая вартасць: займальны сюжэт, які забяспечвае даходлівасць нават да людзей, якія не любяць сумнага". І ў ранніх, і ў пазнейшых творах пісьменнік імкнуўся ўвасобіць гэтыя палажэнні.
Несумненнымі мастацкімі вартасцямі вызначаецца навела "Рабіна". У ёй адзінокі стары, седзячы каля каміна, у якім палаюць дровы, расказвае маладой дзяўчыне пра сваё каханне, што зведаў ён у шаснаццаць гадоў да значна старэйшай за яго жанчыны, любімай песняй якой была "Рабіна". Праз шмат гадоў, напрыканцы свайго жыцця, апавядальнік думае пра тое, што ніхто не прымае ўсур'ёз каханне шаснаццацігадовага дзіцяці, "хотя натура такого ребенка гораздо сложнее натуры взрослого человека", згадвае, як ён, закаханы, клаў ёй на акно любімыя кветкі васількі, як і яго любімай песняй стала яе любімая песня "Рабіна".
Аднак неўзабаве адбылася падзея, якая моцна паўплывала на далейшы лёс хлопчыка. Аднойчы, вяртаючыся з гасцей, ён апынуўся на адных санях з ёю і з артыстам Аляксандравым, які заляцаўся да яе. Да артыста ў хлопчыка непрыязныя адносіны. І калі ён, яшчэ амаль дзіця, убачыў іх закаханыя пагляды, то яму стала невыносна балюча. Не суняўся гэты боль і тады, калі ён узяў у фурмана пугу і лейцы і пагнаў коней.
А потым яна заспявала сваю любімую журботную песню, і хлопчык падцягнуў ёй: "Но нельзя рябине к дубу перебраться…" Калі скончылася песня, яна цяжка прамовіла, што гэта нібы пра яе склалі. Аляксандраў жа холадна і спакойна адказаў, што няпраўда ўсё гэта і што свет не без добрых людзей. Хлопчыка абурылі такія разважанні. Ён думае, што яна, аслепленая сваім каханнем, не зразумела, дакладней, не пачула гэтых слоў. Потым, калі яны прыехалі дамоў, ён даў тры аплявухі Аляксандраву і выклікаў яго на дуэль. Але той адмовіўся ад дуэлі, спасылаючыся на вельмі вялікую іх розніцу ў гадах. Апавядальнік жа гэта ацаніў як ягоную баязлівасць. Пасля ўсяго, што здарылася ў тую зімовую ноч, хлопчык на некалькі гадоў нібы скамянеў, аглух і памёр.
І хоць прайшло шмат часу, але па-ранейшаму ён кахае яе. Згадвае, што яна дзесяць гадоў таму як памерла, а каля двух дзесяткаў гадоў таму ён сустрэўся з ёю, замужняю жанчынай. Перад іх развітаннем яна хацела нешта сказаць яму, але прамаўчала. Ён яшчэ і зараз не ведае, ці кахала яна яго хоць крыху.
Апавяданне "Рабіна" напісана лёгка і свабодна, нібы на адным дыханні. Пісьменнік добра перадаў у ім нюансы душэўных перажыванняў падлетка, яго глыбокае, да самазабыцця, пачуццё і адначасова крыўду і боль ад нераздзеленага кахання. У кульмінацыйнай частцы твора тонка раскрыты душэўныя пакуты героя, створаны маляўнічы зімовы пейзаж, дадзена пластычнае і дынамічнае апісанне хуткай язды. Шматзначнай і лаканічнай атрымалася канцоўка: "Камин пылает. Холодно". У гэтым раннім апавяданні Караткевіч выказаў нешта вельмі сваё, уласнае, запаветнае, перажытае. Але разам з тым адчуваецца тут і пэўны налёт кніжнасці, штучнасці і надуманасці, што выявілася і ў апісанні ўмоў, у якіх існуе герой, і часткова ў яго паводзінах, складзе думак і пачуццяў.
Прывабны і цэльны вобраз пажылой жанчыны Каваліхі створаны ў апавяданні "Багун-трава". Заўважым, што гераіня гэтага апавядання і Тэкля Каваль з п'есы "Млын на Сініх Вірах" шмат у чым падобныя. Галоўная гераіня апавядання збірала і ведала травы, лячыла людзей. Як добрую працаўніцу, якая пры гэтым умела весяліцца і вышываць, яе паважалі ў вёсцы. На зыходзе лета 1941 года Каваліха, помсцячы гітлераўцам за іх злачынствы, атруціла багуном некалькі нямецкіх афіцэраў, якія сустрэліся ў яе хаце. Пісьменнік знайшоў цікавыя дэталі для абмалёўкі душэўнага стану сваёй гераіні. Разгубленая прыходам немцаў, яна хавае ў скрынцы на гарышчы фотакартку свайго сына, генерал-маёра, які недзе ваюе з ворагам. А калі спусцілася з гарышча, то пачала маліцца перад іконай, хоць амаль не верыла ў бога і не малілася шмат гадоў. Апанаваная нянавісцю да акупантаў, яна нібы шукае падтрымкі ў сына, калі глядзіць на яго фота. Заўважае пры гэтым пучок багуну, а потым здзяйсняе сваю помсту. Удалай мастацкай знаходкай пісьменніка з'яўляецца тое, што на пачатку апавядання, над адступаючымі чырвонаармейцамі, і ў канцы, калі Каваліху расстрэльваюць, яна бачыць у небе журавоў і чуе іх журботныя крыкі.
Але апавяданне не пазбаўлена схематызму і павярхоўнасці, асабліва ў абмалёўцы ворагаў, адмоўных персанажаў і ў паказе першых дзён нямецкай акупацыі. Напрыклад, сацыялагічна-спрошчана і тэндэнцыйна глядзіць аўтар на селяніна Трафіма. Ён выступае як былы падкулачнік, чалавек паскудны і падлізлівы, які разам з богабаязлівай жонкай і прыдуркаватым сынам сустракае прыход немцаў хлебам-соллю і які ў далейшым прыслужвае акупантам. Перабольшанымі ўяўляюцца магчымасці мінскай дзяўчыны, якая адправіла на той свет трыццаць сем нямецкіх афіцэраў (Каваліха падслухала гутарку пра яе п'яных нямецкіх афіцэраў). У апавяданні выявіліся характэрныя адзнакі твораў пра вайну ў тагачаснай савецкай літаратуры.
Майстэрствам пазначана легенда "Любоў Мааў". У ёй пісьменнік звярнуўся да гісторыі Старажытнага Егіпта і ўславіў каханне. Нібы Песня Песняў, гучаць наступныя радкі: "Ты, которая прекраснее всех людей, ты, сияющая ярче, чем звезды Востока, когда начинается год счастья. Воистину сияют дивно твои глаза и блестящая кожа твоя благоухает, как нард".
Лірычны талент пісьменніка дасканала раскрыўся і ў такім творы, як верш у прозе "Каштаны". У ім аўтар разважае пра маладыя каштанавыя дрэўцы, якія, у адрозненне ад старых каштанаў, хутчэй імкнуцца распусціцца ранняй вясной, хоць яшчэ могуць быць і замаразкі. Апавяданне завяршаецца шчырым і пранікнёным прызнаннем, па сутнасці, жыццёвай і творчай праграмай аўтара: "И я бы хотел до конца дней своих в думах и чувствах быть этим молоденьким каштанчиком, так торопящимся жить и любить, так доверчиво протягивавшим свои клейкие, сморщенные листочки навстречу яркому весеннему солнцу".
У студэнцкія гады былі створаны і апавяданні на рускай мове "Сабачая радасць", "Прафорг Каралёў" і эцюд "Бетховен", рукапісы якіх таксама захоўваюцца ў хатнім архіве пісьменніка, у 17-й папцы. У першым з іх дакладна і тонка перададзены душэўны стан студэнта, які хацеў выратаваць пакалечанага сабаку. Апавяданне "Прафорг Каралёў", дзе аўтар расказаў пра студэнцкае пасляваеннае жыццё ў адным з гарадоў на Беларусі, не пазбаўлена павярхоўнасці і зададзенасці ў паказе ваеннай і пасляваеннай рэчаіснасці. Узрушана і глыбока перададзена сутнасць асобы і музыкі вялікага кампазітара ў эцюдзе "Бетховен".
У той час Караткевіч стварыў і такія цудоўныя лірычныя імпрэсіі на рускай мове, як "Скрыпка пяе", "Клён", "Рукі (музыка)", у якіх сцісла і выразна перадаў радасць кахання, журбу ад страты блізкага чалавека і чароўную сілу музыкі.
Хутчэй за ўсё ў канцы 40-х ці на пачатку 50-х гадоў узнікла аповесць на рускай мове "Перадгісторыя". Напісана яна на абодвух баках старонак канцылярскай кнігі, мае малюнкі-ілюстрацыі аўтара. Рукапіс яе захоўваецца ў 28-й папцы хатняга архіва пісьменніка.
Аповесць складаецца з трох частак. У першай частцы падзеі адбываюцца, як піша пісьменнік, "много-много столетий назад в неведомой далекой стране". Дзеянне другой часткі разгортваецца на той жа самай зямлі праз некалькі стагоддзяў пазней. І ў невялікім заключным раздзеле, своеасаблівым эпілогу "Каля сценкі", апісваецца пакаранне смерцю паўстанцаў 1863 года і іх камандзіра Грынкевіча.
Відаць, аповесць "Перадгісторыя" з'яўляецца першым буйным празаічным творам Уладзіміра Караткевіча. Паміж яе раздзеламі назіраюцца стылёвыя адрозненні, адчуваецца незакончанасць, пэўная кампазіцыйная нескампанаванасць, асабліва паміж першымі часткамі і заключнай "Каля сценкі". Аб'ядноўвае ж твор моцнае патрыятычнае пачуццё.
На самым пачатку аповесці пісьменнік захоплена і з любоўю апавядае пра мудрых, сумленных і працавітых людзей. Яны пад напорам моцнага і жорсткага племені іншых людзей, якія былі закаваны ў жалеза і гаварылі на чужой мове, вымушаны былі пакінуць родны край і перасяліцца ў мясціны, непрыгодныя для жыцця, балоцістыя, зарослыя дрымучым лесам і гарыстыя. Людзі абжылі гэты суровы край і зрабілі яго сапраўдным раем. Але іх шчасце і радасць скончыліся тады, калі на іхнюю краіну пачалі нападаць ворагі, апранутыя ў жалезнае адзенне, з чорнымі крыжамі на белых мантыях і з пунсовым палотнішчам, дзе была выява чалавека ў вянку з калючак. Праз пяць гадоў здарылася страшнае. У бітве з жалезнымі людзьмі на Чыстым полі загінулі апошнія ваяры Лясной краіны. Адчуваючы немінучы канец, важак Ян Вераск аддае сыну свяшчэнны сцяг Бранібора, дзе была выява конніка, які імчаў Наперад, і загадвае выратаваць яго або ўтапіць у твані.
Узрушана і велічна, у стылі "Слова пра паход Ігаравы" аўтар прамаўляе: "Солнце Бранибора закатилось… Ночь, страшная ночь позора и смерти нависла над страной. О, солнце Бранибора, куда ты скрыло свои лучи, оставив народ в этой черной ночи сирым и обездоленным". Сын важака выратаваў сцяг. Эмацыянальнай і рытмізаванай мовай пісьменнік апісвае тое, што ён убачыў на роднай зямлі: "И Ян шел по стране, где нигде не слышалось смеха, где везде царили слезы и ад мучений, где половина людей была мертва, а другая плакала над трупами… И везде он видел одно горе и слезы… И с ужасом шагал Ян по этой несчастной земле".
Захопнікі рабавалі паняволеную зямлю, знішчалі яе культуру і навязвалі сваю, душылі паўстанні. Памерла ўсё, не памерла толькі несмяротная душа народа. У дыме і агні праходзілі гады і стагоддзі.
У першай частцы Уладзімір Караткевіч не назваў дакладнае месца дзеяння. Але думаў хутчэй за ўсё пра славян. Пад прышэльцамі-заваёўнікамі можна разумець крыжакоў і іх патомкаў. Тут пісьменнік спрабаваў зразумець усеагульныя, глабальныя праблемы людскога быцця, адносін паміж народамі. І ён змог, асэнсоўваючы грамадскія працэсы, узняцца да значных сацыяльна-мастацкіх абагульненняў. У першай частцы моцна раскрыўся талент Караткевіча як пісьменніка рамантычнага тыпу мыслення, што выявілася ў сцвярджэнні патрыятычнага ідэалу, экспрэсіўнасці і лірызме апавядання, фальклорна-легендарным паказе рэчаіснасці.
І ў другой частцы аповесці дамінуе лірыка-рамантычная танальнасць. Але, у адрозненне ад папярэдняй, у ёй большая ўвага нададзена прыгодніцкаму элементу. Тут у цэнтры аўтарскай увагі студэнт, а потым магістр Свайнвесенскага універсітэта Ян Вар. Яго, як аўтара цікавага даследавання "Пытанне пра культуру, якая насаджваецца гвалтоўным шляхам", хочуць пакінуць для далейшай навуковай працы ва універсітэце. Гэта Яна цешыла. Але яму надакучыла шматгадовае сядзенне за старымі каменнымі сценамі над пыльнымі фаліянтамі. І ён хоча спачатку пабачыць свет, які яму быў амаль невядомы, а потым падумае, чым заняцца. Ян - славянін, нязначнага паходжання і небагаты. У двухгадовым узросце страціў бацькоў, якія памерлі ад чумы. Потым яго выхоўвала цётка, якая выпадкова разбагацела.
Характар героя раскрываецца ў роздуме пра лёс свайго народа, у каханні да арыстакраткі Нісы, у адносінах з людзьмі, якія яго акружаюць. Ян Вар з пачуццём уласнай годнасці паводзіць сябе пад час сутычкі і дуэлі з фанабэрыстым гвардзейскім афіцэрам Рынгенаў. Потым, ратуючыся, пакідае горад. Нібы высакародны вандроўны рыцар, ён абараніў сялян ад здзекаў упраўляючага, выратаваў Яна Касу, аднаго з паўстанцкіх кіраўнікоў. Аўтар не толькі любуецца сваім героем, ідэалізуе яго, але і закранае важныя моманты нацыянальна-культурных і сацыяльна-палітычных адносін у грамадстве, дзе выяўляюцца каланіяльныя імкненні пануючай нацыі і адраджэнцкія тэндэнцыі паняволенага народа.
Мужна і гераічна паміраюць паўстанцы 1863 года ў эпілогу "Каля сценкі". Іхні камандзір, дваранін Грынкевіч, і яны, сяляне, годна вядуць сябе каля могілкавай сцяны ў апошнія хвіліны жыцця. Ім вельмі балюча пакідаць гэты свет. Адбываецца кароткі допыт, а потым выконваецца прысуд.
Вось да стала, за якім сядзіць афіцэр, падыходзіць ціхі хлопец. На пытанні адказвае стрымана і годна, але так прыгнечана, так абыякава. Хлопцу вельмі хочацца жыць. Але калі ён чуе традыцыйнае "халоп", яго твар горда крывіцца, і ён прамаўляе: "Не, я не хлоп. Дзякуй богу, дыхнуў я хоць на міг сапраўднага паветра… Вам ім ня дыхаць. Яно маё". Заўважым, што ў гэтым эпілогу словы сялян пададзены па-беларуску. Грынкевіч у такую цяжкую хвіліну падтрымлівае сваіх паплечнікаў ці то стрыманым словам, ці то гучным выкрыкам. Усё меней становіцца хлопцаў. Апошні з іх крычыць на развітанне: "Смялей, сябра. Ты ж з намі нават зараз".
Прыйшла чарга і да Грынкевіча. Ён чуе ветлівы і спачувальны папрок афіцэра, як гэта ён, прадстаўнік старога дваранскага роду, змог пайсці з гэтым быдлам. Патэтычна і гнеўна Грынкевіч адказвае, што яму сорамна за сваё званне, якое маюць і многія нягоднікі. Прамаўляе словамі Каліноўскага, што ў нас няма шляхты, у нас усе роўныя. І потым дадае пра высокае званне - просты чалавек. Кідае афіцэру зласлівыя і гнеўныя словы.
Грынкевіч выступае як героіка-рамантычны герой. Аднак ягоныя словы, звернутыя да афіцэра, гучаць у пэўнай ступені рытарычна і нават лаянкава. Тым самым зніжаецца мастацкая вартасць гэтага надзвычай глыбокага і змястоўнага вобраза.
Перад самым расстрэлам Грынкевіч хацеў крыкнуць салдатам, якія глядзяць на яго са спачуваннем, каб не былі дурнямі. Але палічыў, што не варта крычаць. І ў гэту крытычную хвіліну, на мяжы быцця і небыцця, падумаў: "Ну, а теперь просто, без бравады". І далей аўтар плённа развівае гэты такі цэласны і гарманічны характар.
Грынкевіч перад пакараннем быў як у сне. Думкі наплывалі адна за адной. Паўстанне разгромлена. Ён убачыў каля могілкавай агароджы бярозы і таполі. Успомніў тую, з якой сустрэўся ў бярозавым гаі, якая была падобна на бярозку і якая стала потым ягонай жонкай. Яна не пакрыўдзілася, калі ён пакінуў яе і пайшоў у рушэнне. Яму страшна ўсё ж такі паміраць. Гучыць залп. Салдаты не трапілі, толькі ранілі яго. Выскаквае і страляе з пісталета афіцэр. Грынкевіч думае пра сябе, што ён не мог паступіць іначай. Ён павінен быў бараніць Радзіму. У адваротным выпадку "я не мог бы жить, я чувствовал бы себя подло, глядя в глаза моему народу, перестал бы любить себя, и тогда наша любовь имела бы более печальный конец, чем сейчас".
На балючай, трагічнай ноце заканчваецца твор. Чорная пустата ахутала ўсё навокал. Зацеплілася думка, што ён выжыве, залечыць раны і прадоўжыць барацьбу. Узнікла святло. Праз агонь, змрок і смерць прыйдуць людзі ў блакітную краіну і будуць шчаслівыя. Ён чуе гукі "Месяцавай", "Рэквіема", якія выконвае яна. Свядомасць ягоная поўніцца дзівосным і чароўным пачуццём: "Хорошо заснуть у тебя на руках. Любимая. Как я счастлив! Как хорошо жить!"
І ў фінале - з нізкіх хмараў імжыць халодны дождж. Лекар падыходзіць да знявечанага цела, якое ляжала каля сцяны і абдымала зямлю. Канстатуе смерць.
Гістарычны вопыт народа, яго чароўную, дзівосную душу ўвасобіў Уладзімір Караткевіч і ў творах пад назвай "Казкі і легенды маёй Радзімы", дасланыя для ацэнкі Якубу Коласу. Народная творчасць заўсёды была трывалым і надзейным падмуркам для пісьменніка. У лісце, прыкладзеным да гэтых твораў, ён заўважыў, што казак у яго "ёсць яшчэ з паўсотні, дзесятак песень і іншае", выказаў шкадаванне, "чаму толькі не намагаюцца фалькларысты запісаць усё гэта", бо "яно ж перад новымі інтарэсамі адступае".
Думаецца, што Караткевіч ужо тады, на пачатку творчага шляху, разумеў значнасць казкі для выхавання ў дзяцей любові да радзімы, далучэння іх да беларускай мовы. У гэтым плане Уладзіміра Караткевіча можна параўнаць з Г.-Х. Андэрсенам, які праз свае казкі ўзняў прэстыж дацкай мовы і культуры.
Як вядома, асоба чалавека ў значнай ступені фармуецца ў дзяцінстве, асабліва ў пачатковыя пяць гадоў. Тое, што будучы пісьменнік пачуў яшчэ да вайны ад свайго дзеда, ён удала апрацаваў і ўвасобіў у казках "Лебядзіны скіт" і "Вужыная каралева". У першай з іх расказаў пра падзею, якая адбылася вельмі даўно, калі татары напалі на рускую зямлю. Яны рухаюцца з нарабаваным багаццем і з палоннымі. Хан Бату параўноўвае народ са статкам, "у якім кожная жывёла думае толькі аб тым, каб есці другіх і не быць з'едзеным", здзекліва выказваецца пра палонных, якія хутка забудуць мову сваю і сваю зямлю, лічыць, што яны памерлі ўжо. Яму пярэчыць паэт Юсуфі. Тады хан для падмацавання сваіх аргументаў прапануе старому, якога яны ўбачылі каля скіта, зрабіць выбар: аддаць сваё жыццё дзеля выратавання людзей альбо - наадварот. Стары згаджаецца памерці, але просіць пакінуць жывымі столькі палонных, колькі змесціцца ў ягоным скіце. Хан згаджаецца. У скіт зайшлі ўсе палонныя і вылецелі адтуль белымі лебедзямі. Стары кажа, што ён прыняў "слёзы і гора цэлай зямлі". І яшчэ ён "верыў і любіў. Калі хоць адзін чалавек астаўся на роднай зямлі - яна не загіне". Стары ператварыўся ў камень, "з-пад якога тачыліся слёзы, збягалі ў ручаёк, струменьчыкам беглі да возера". У страху ворагі кінуліся прэч "з гэтай страшнай зямлі, дзе плачуць нават камні і змагаюцца нават слабыя".
У канцы казкі пісьменнік заўважае, што з таго часу Белую Русь назвалі "белай", бо ад лебядзінага апярэння стала белай вопратка ў яе людзей. А яшчэ кажуць, што яна таму "белая", бо пад татарамі не пабыла.
Як цудоўны апавядальнік з дзівоснай фантазіяй раскрыўся Караткевіч у казцы "Вужыная каралева", дзе расказана трагічная гісторыя пра прыгожую дзяўчыну Яліну і пра яе мужа, вужынага караля (такім яго, прыгожага прынца, зрабіў злы чараўнік), а таксама пра іх дзяцей, сыноў Дуба ды Ясеня і дачок Бярозу ды Асінку. Яліна са спазненнем пакахала вужынага караля, не выратавала яго ад злых чараў. Яна і яе дзеці ператварыліся ў дрэвы.
Уладзімір Караткевіч арганічна засвоіў казачныя сюжэты, вобразы і матывы, добра перадаў народную мараль і этыку. Выказваў схільнасць пераважна да апрацоўкі чарадзейных, легендарных і казак пра жывёл.
Патрыятычная па змесце "Казка пра Пятра-разбойніка". Не было даравання разбойніку за тое, што ён забіваў простых людзей. Ніякія далейшыя добрыя справы не маглі пазбавіць яго ад балячак на целе і трохпудовых жорнаў, якія ён, выконваючы параду зямлі і раскайваючыся, уздзеў на сваю шыю, каб вызваліцца ад ранейшых злачынстваў. І толькі тады, калі забіў чалавека, які на матчыну магілу пляваў і зямлю родную лаяў, зніклі балячкі і рассыпаліся ў друз жорны.
Па-рознаму выказваў пісьменнік сваю любоў да роднай зямлі. У канцы 70-х гадоў у казцы "Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў" ён расказаў пра таленавітага музыку Алеся Бан-Жвірбу. Разважаючы пра сутнасць ягонага высокага мастацтва, напісаў: "Калі ты не складзеш такой песні ў гонар Радзімы і волі, вайны і любові, - шэлег табе цана".
Казку "Надзвычайная котка" пазней Караткевіч дапрацаваў і назваў "Чортаў скарб" (упершыню апублікавана ў часопісе "Бярозка", 1974, № 10). Гэта казка набыла шырокую вядомасць. У ёй аўтар займальна і цікава расказаў пра чорта, які так сваволіў у сялянскай хаце, што гаспадарам ад яго жыцця не было. Іх, бедных, выручыў павадыр з мядзведзем. Яны спыніліся на начлег у той хаце. Ноччу чорт пачаў ласавацца паранай рэпай. Лушпайкі кідаў уніз. А там ляжаў мядзведзь. Ён пачаў іх падбіраць, есці і пры гэтым сапці і чмякаць. Чорту гэта не спадабалася. І ён, думаючы, што там котка, пхнуў мядзведзя нагой. А той схапіў чорта і добра яго адкалашмаціў. Баючыся кошкі, чорт пакінуў хату і болей не сваволіў у ёй. Неўзабаве сустрэўся з селянінам і паведаміў, што ў падпечку ягонай хаты знаходзіцца скарб. Гаспадар выкапаў той скарб і разбагацеў.
У гэтай казцы пісьменнік традыцыйны фальклорны сюжэт напоўніў арыгінальнымі вобразамі і дэталямі, стварыў каларытныя і яркія малюнкі. Напрыклад, вясёлай і маляўнічай атрымалася тая сцэна, дзе мядзведзь дубасіў чорта: "Пакрыўдзіўся Мішка. Згроб чорта ў ахапак, сцягнуў з прыпечка і давай яго мяць, давай яго прасаваць, давай яго лапамі валтузіць ды калашмаціць, давай абходжваць, лупцаваць, малаціць ды дубасіць, давай яго за рогі круціць як сідараву казу ды дзерці смяротным боем". У пазнейшым варыянце казкі аўтар прывёў некаторыя пазнавальныя звесткі. Напрыклад, паведаміў, што падзеі, якія ён апісвае, адбыліся так даўно, калі на Беларусі не было бульбы, а замест яе парылі рэпу ці бручку. Растлумачыў сэнс прыказкі "Шчасліваму і чорт дзяцей калыша".
У самыя неверагодныя сітуацыі трапляюць героі казак Уладзіміра Караткевіча. З лагоднай усмешкай расказаў ён у казцы "Мужык і дзіва аднавокі" пра кемлівасць і вынаходлівасць селяніна. Ён хоць і быў п'яны, але здолеў заінтрыгаваць пачварную істоту, якая хацела яго з'есці, потым праехацца на ёй, сумесна выпіць з ёй пляшку гарэлкі і, нарэшце, заманіць яе ў бутэльку і закрыць там коркам.
Натуральнасцю размоўнай інтанацыі, пластычнасцю малюнкаў, багаццем фантазіі характарызуюцца і дасланыя Якубу Коласу, як вызначае аўтар іх жанр, "з вобразаў казак", якія ўзніклі з павер'яў ці асобных фрагментаў казак. Гэтыя творы невялікія па аб'ёме. У іх сцісла і лаканічна расказваецца пра таямнічы свет і ўчынкі валадароў ці насельнікаў падводных глыбінь і балотных прастораў ("Рыбі цар", "Пан тванны, шляхціц багняны"), паказваецца ў гумарыстычнай форме, як верабей справіў памінкі па сваёй цешчы ("Вераб'ёва цешча"), даецца фантастычна-міфалагічная замалёўка начнога пейзажу ("Ноч") ці раскрываецца каханне лясной царэўны да пастуха ("Старая казка"). Гэтыя творы напоўнены светлым і чыстым, часам элегічна-эмацыянальным ці гарэзліва-жартаўлівым пантэістычным пачуццём.
Шэраг цікавых казак стварыў пісьменнік у 70-я гады і на пачатку 80-х гадоў ("Верабей, сава і птушыны суд", "Кацёл з каменьчыкамі", "Нямоглы бацька", "Вясна ўвосень" і іншыя). Ім уласцівы натуральнасць гучання, займальнасць сюжэта, пазнавальнасць, наяўнасць народных маральна-этычных крытэрыяў у ацэнцы рэчаіснасці. Пісьменнік паспяхова выкарыстоўвае казачныя вобразы і матывы. Канцоўка ў яго казках часцей за ўсё шчаслівая.
Караткевіч з'яўляецца аўтарам уступнага артыкула "А бадай вам цікава было" да зборніка беларускіх народных казак "З рога ўсяго многа" (1968). У яго пераапрацоўцы выдадзены зборнік "Казкі" (1975).
Жывы і прываблівы вобраз старога васьмідзесяцігадовага селяніна стварыў пісьменнік у апавяданні "Дзядуля". Стары Ян Рыгоравіч ачуняў пасля доўгай хваробы, але лекар забараніў яму працаваць. І ён, чалавек, які прывык да працы, адчувае сябе непрыкаяным і непатрэбным. Усе дарослыя паехалі ў поле, а яго пакінулі сцерагчы хату і ўнукаў. Ён падправіў прызбу, замяніў падгніўшую дошку ў плоце, абрэзаў адзіную недагледжаную яблыню, "але рукі патрабавалі сапраўднай працы, і дзед з зайздрасцю прыпамінаў тыя дні, калі нявестка нават лаялася за тое, што яму няма калі зрабіць гэтыя рэчы". Каб заглушыць свой душэўны неспакой, бярэ малую ўнучку і накіроўваецца за сяло. Думае пра сваё пражытае жыццё, расказвае дзяўчынцы шмат дзівосных рэчаў пра звяроў, птушак і раслін. Але стары ажыў душою толькі тады, калі адчуў, што ён, як ніхто іншы, зможа дапамагчы меліяратарам, якія вырашылі асушыць іх гнілое балота, бо гэта балота ён ведаў лепш за ўсіх вяскоўцаў.
У апавяданні добра абмаляваны душэўны стан героя, дакладна перададзены ягоныя адносіны і дыялогі з унучкай, аднавяскоўцамі, старшынёй калгаса, меліяратарамі. Пісьменнік не проста апаэтызаваў селяніна-працаўніка, а стварыў гарманічны вобраз чалавека, умудронага жыццём, добрага, клапатлівага, паважанага іншымі і жыццелюбівага. Увасобіўшы народны вопыт, якраз такі чалавек можа сказаць: "Паміраць збіраешся, а жыта сей". Але ў асобных выпадках, напрыклад, ва ўнутраных маналогах героя, часам гучыць не ягоны голас, а голас аўтара. У выніку пісьменнік не раскрывае характар знутры, а расказвае пра свайго героя, нібы глядзіць на яго збоку. Магчыма, твор атрымаўся крыху расцягнутым. Але ўсё гэта не зніжае тых вартасцей, якія ёсць у апавяданні.
Пра трагедыю, якая адбылася восенню 1863 года ў глухім палескім сяле, дзе спыніўся на адпачынак патрапаны ў сутычках з інсургентамі атрад царскіх войскаў, расказаў пісьменнік у апавяданні "Паляшук". У адну з тых цёмных начэй нехта падпаліў стайню і склад з амуніцыяй і зброяю. Праз некаторы час нехта падкінуў у пакой капітану Румянцаву і паручыку Барзіловічу па змяі. Румянцаў "выкруціўся толькі цудам", а паручык памёр. Падазрэнне за ўчыненае ўпала на палешука, якога салдаты знайшлі ў ваколіцах сяла пад карэннямі старога дрэва ў нары.
Караткевіч лаканічна апісаў грамадскую сітуацыю пасля разгрому паўстання, калі "выпаўзла на свет тое, што раней старанна хавалі: здрада, падлога і мярзотны жах". Нікчэмнымі былі і паводзіны капітана Румянцава, рускага з-пад Калугі, і паручыка Ратча, выхадца з тутэйшых мясцін. Першы з іх, сумленны ваяка, прамовіў за гарэлкаю: "Дзярмо. І палячочкі, і гэтыя вашы, паручык Ратч, палескія вылюдкі. Ды, калі праўду казаць, дык і мы такія ж, калі яшчэ не горшыя. "Душыцелі".
Здавалася б, у ягонай знявечанай і спустошанай душы прачнулася сумленне. Але гэта хутчэй за ўсё бравада п'янага і абыякавага да ўсяго чалавека, які неўзабаве прыме рашэнне расстраляць палешука, каб іншым не было павадна бадзяцца са зброяю ў недазволеных месцах.
Як тупых, абмежаваных жывёл успрымаў жыхароў глухіх палескіх імшараў Ратч. Ён "любіў селяніна сваіх беларускіх абшараў, пакорнага, рэлігійнага, набітага забабонамі да мазга касцей і, разам з тым, моцнага, вытрымлівага". Такая замілаваная і высакамерная панская любоў не перашкаджала Ратчу бачыць і вартасці ў палешукоў.
Вось і гэты арыштаваны дзікун. Ён годна адказвае на пытанні афіцэраў. Потым, чакаючы пакарання, спявае ў пуні зусім не жаласлівыя, а гнеўныя песні. Ён падобны да арла, пасаджанага ў клетку. Паводле ягоных уяўленняў, бога нельга саджаць у каменную будку касцёла ці царквы, ён "у кожнай былцы, і ў лясах, і ў багне - паўсюль". Перад расстрэлам паляшук стаў казаць малітву. А потым, як дайшло да яго тое, што з ім можа здарыцца, пачаў прасіць не забіваць яго. За гэта панам афіцэрам ён дасць шмат грошай. Тыя згадзіліся. Калі з зямлі былі выкапаны непрыдатныя для ўжытку пятроўскія раменныя грошы і іншае "багацце" палешука, моцна абурыліся. Паляшук жа, калі зразумеў, што яго расстраляюць, казаў, што гэта ён падпаліў і што іх, прышэльцаў і злых людзей, не міне кара. Чым больш гаварыў паляшук, тым больш Ратч быў чамусьці ўпэўнены, што ён не вінаваты. А Румянцаву здалося, што асуджаны саскнарнічаў і не паказаў ім сапраўдны скарб.
Салдаты, якія закапалі знявечанае цела палешука, асудзілі паноў-афіцэраў, якія паквапіліся на грошы бедака. Адзін з іх прамовіў: "А я ўпэўнены, што калі б там хоць дваццаць сапраўдных рублёў было - яго б выпусцілі жывым. Вось чаго грошы варты… Кажуць, палячышкі, палешукі, а мне здаецца, што калі паны на такое здатны, дык нам з гэтых палешукоў прыклад браць трэба, а не біць іх".
Афіцэры ледзь адышлі ад месца страты, як заўважылі жанчыну ў лахманах і з трыма малалетнімі дзецьмі. Яна залямантавала. Вечарам афіцэры смяротна перапіліся.
У апавяданні "Паляшук" пісьменнік расказаў пра адзін трагічны эпізод, які адбыўся пад час паўстання 1863 года. Ён дасканала перадаў і атмасферу той пары, і характары сваіх герояў. Многія вобразы і дэталі ўражваюць сваёй мастацкай і псіхалагічнай напоўненасцю. Напрыклад, паляшук, якога вялі на расстрэл, у забыцці пакінуў у калюжы адзін поршань. І Ратчу непрыемна было потым глядзець на яго нагу, якая хутка пачырванела ад холаду. Гэты поршань нібы ўспамін пра чалавека, якога ўжо не стала, апісваецца ў далейшым: "На сцежцы, на шляху ляжаў поршань палешука, вада яшчэ не наліла яго з коптурам, і ўнутры плаваў жоўты асінавы лісток".
Як рэальны, жывы чалавек намаляваны ў творы паляшук. Не супрацьстаўляюцца, а хутчэй за ўсё ўзаемадапаўняюць адзін другога афіцэры Румянцаў і Ратч. Апошні можа выказаць сумненні ў тым, што паляшук невінаваты, але не выратуе яго. У канцы апавядання ён дакарае Румянцава, што той вінаваты ва ўчыненым. На што п'яны субяседнік зусім слушна адпарыраваў: "А чым вы за мяне лепшы?" Гневам і болем поўняцца заключныя радкі твора: "Над хатамі раўла навальніца, сыпала дажджом на загубленае ў лясах сяло, чорнай сажай крыла ўсё навокал, і ў яе плачы чуўся і перадсмяротны стогн, і лямант кабеты, і грамавы рык народнай крыўды і помсты". Тут створаны канкрэтна-індывідуалізаваны і адначасова планетарна-маштабны малюнак.
Інтэнсіўныя мастацкія пошукі вёў Уладзімір Караткевіч у другой палове 50-х гадоў. Вясной 1956 года ў Лесавічах ён стварыў невялікія апавяданні пра звяроў і птушак "Сойка", "Як абуджаецца жанчына", "Качка", "Джэк", "Куцька", "Мядзведзь", "Тры вароны", якія аб'яднаў у нізку пад назвай "Нямыя браты" (рукапісы іх захоўваюцца ў 17-й папцы хатняга архіва пісьменніка). Да гэтых твораў прымыкаюць створаныя тады ж і вершы ў прозе "Кветкі", "Сонцаварот", "Зімовы прыцемак", "Простае", "Разбітае сэрца" (упершыню надрукаваны ў часопісе "Маладосць", 1990, № 11), дзе апісаў прыродныя з'явы і перадаў свае пачуцці.
У нізцы "Нямыя браты" не проста расказваецца пра норавы і звычкі звяроў і птушак. У апавяданнях адчуваецца прысутнасць чалавека, што відаць і тады, калі аўтар з'яўляецца дзейнай асобай, і тады, калі выступае пабочным назіральнікам. Апавядальнік выкарыстоўвае як рэалістычную манеру пісьма, так і ўмоўна-фантастычныя сродкі. І тады ён можа пагаварыць з мядзведзем ці перадаць гутарку трох варон. Праўда, у асобных з іх ("Куцька", "Мядзведзь") празмерна асабісты пачатак выступае лішнім, штучным і парушае тым самым мастацкую цэласнасць твора. Так, цікавым і пазнавальным уяўляецца паведамленне пра мядзведзя, які еў горкія лячэбныя травы, каб ачысціць перад зімовай спячкай свой страўнік ад паразітаў, бо ў адваротным выпадку ён у бярлозе дачасна пазбавіцца тлушчу і ўстане ў лютым. Толькі дысанансам выступае жаданне апавядальніка запрасіць мядзведзя ў сваю хату, наліць яму гарэлкі і даць закусіць, а потым, калі пойдзе, пазычыць яму палку ад сабак і ліхтарык. І ўвогуле, у канцы замалёўкі раіць Мішку, каб той занадта не надзіраўся, бо апавядальнік узамен можа прапанаваць патрэбнае лякарства.
Стыхіяй для Уладзіміра Караткевіча была прырода і гісторыя. Тады ж, у сакавіку 1956 года, у Лесавічах ён стварыў легенду "Маці Ветру", прысвечаную паўстанню 1743 - 1744 гадоў на Крычаўшчыне. Аднак пра гэты твор скажам крыху пазней, калі будзем разглядаць напісаную на пачатку 80-х гадоў драму "Маці ўрагану".
Уласны вопыт і вопыт свайго пакалення ўвасобіў Уладзімір Караткевіч у аповесці "У снягах драмае вясна". Напісаў яе ў маі 1957 года ў Оршы. Надрукавана пасля смерці пісьменніка. Спачатку ў 1988 годзе ў часопісе "Полымя". А ў 1989 годзе выйшла асобным выданнем.
Узнікла аповесць на хвалі грамадскіх перамен, якія адбыліся пасля выкрыцця культу асобы Сталіна. Асноўныя яе падзеі адбываюцца ў 1952 годзе. На самым пачатку аўтар піша, што "пачалося гэта ў канцы лютага тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят другога года ў вялікім горадзе, дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала гарластая і хударлявая, дасціпная і яхідная парода людзей, якіх завуць студэнтамі".
Аповесць "У снягах драмае вясна" - твор аўтабіяграфічны. І хоць не названы горад, у якім адбываецца дзеянне, але гэта, безумоўна, Кіеў. Многія персанажы мелі сваіх прататыпаў. Напрыклад, у Яне Паважным, аднакурсніку і сябру Караткевіча, пазнаецца Фларыян Няўважны, вядомы польскі перакладчык і даследчык украінскай і беларускай літаратур. Мелі сваіх прататыпаў таксама іншыя героі твора.
Шмат узяў ад пісьменніка і галоўны герой Уладзіслаў Берасневіч. Заўважаецца падабенства іх імёнаў і прозвішчаў. Берасневічу, як і аўтару, у 1952 годзе было 22 гады. Ён таксама не хадзіў на нецікавыя лекцыі, а замест гэтага працаваў у бібліятэках. Не ведаў, кім ён будзе, навукоўцам ці паэтам. Рыхтаваўся да паступлення ў аспірантуру, але ў выніку сфабрыкаванай дэмагогамі і кар'ерыстамі справы паехаў настаўнічаць у вёску Вавуліцкі Млын. Караткевіча пры падобных абставінах таксама не прынялі ў аспірантуру, і ён пасля заканчэння універсітэта працаваў у Лесавічах каля Тарашчы.
Ёсць і біяграфічныя адрозненні паміж аўтарам і галоўным героем. Берасневіч, напрыклад, у гады вайны быў партызанскім сувязным, а потым на камсамольскай рабоце ў Заходняй Беларусі. Ёсць іншыя адрозненні. Аднак галоўным з'яўляецца іх духоўная блізкасць. Як і Караткевіч, Берасневіч усебакова адораная, высакародная і дзейсная натура. Ён ведае сусветную культуру і фальклор. У яго свае ацэнкі творчасці Дастаеўскага, Гамсуна, Ніцшэ. Лічыць, што марксізм не застылая догма. Маральны максімаліст і сумленны чалавек, ён многае не прымае ў тагачаснай рэчаіснасці. Адмоўна ставіцца да таго, што ў аспірантуру бяруць у большасці выпадкаў не па прынцыпу таленавітасці, а зусім па іншых прынцыпах. Яму не падабаецца стаўленне дзяржавы да некаторых народаў і пэўных грамадскіх з'яў. Берасневіч не прымае палажэнняў артыкула аднаго аўтара, дзе сцвярджаецца, што "абуджэнне самасвядомасці Італіі пры Гарыбальдзі або Русі пры Пушкіне - станоўчая з'ява, а абуджэнне самасвядомасці Лабановіча - толькі што "не хавае ў сабе асаблівай небяспекі". Герой думае пра нараджэнне ў асобным чалавеку і ў народзе гэтай самасвядомасці.
Берасневіча, у якога было "стыхійнае разуменне прыгожага, неабходнага і лішняга ў карціне", засмучае, што няма славутага на ўвесь свет беларускага мастацтва. Кажа, што калі б ён быў мастаком, то маляваў бы сваё, роднае так, каб слёзы на вочы наварочваліся. "І яшчэ, - сцвярджае герой, - намаляваў бы паляну, а на ёй папараць. І ўсю гэту папараць сонца святлом заліло, стаіць яна светла-зялёная. А ў папараці на конях б'юцца Ян Прыгожы і Балотны Уладар. За спіною ва Уладара - дрыгва, за спіною Яна - родныя лясы. І Ян - гэта народ".
Акрылены шчырым каханнем, ён думае зрабіць шмат карыснага ў жыцці. Берасневіч вядзе актыўныя духоўныя пошукі. Прыгажосць і значнасць яго асобы раскрываецца ў каханні, вучобе, працы, адносінах з людзьмі. Ён выступае як рамантык, летуценнік, які марыць пра ідэальнае і прыгожае жыццё ў будучым, калі на Венеры будзе знішчаны вуглякіслы газ, стане цёпла, і там можна будзе праводзіць першую сусветную нараду камуністычных паэтаў. І адначасова гэта рэаліст, які можа даць канкрэтныя практычныя парады пры пабудове стадыёна ці шмат зрабіць для абнаўлення побыту ў Вавуліцкім Млыне.
У пасляслоўі да першага кніжнага выдання твора Адам Мальдзіс слушна зазначыў: "У аповесць укладзены значны змест. Гэта мужная і шчырая споведзь юнака, што сумленна ўваходзіць у сапраўднае жыццё. І напісаны твор вопытнай спрактыкаванай рукой". Сапраўды, жывымі ўяўляюцца вобразы, праўдзіва абмаляваны адносіны паміж людзьмі, дакладна перададзена ў творы тагачасная грамадская атмасфера. Берасневіч моцна і пяшчотна кахае Алёнку, здзяйсняе сапраўдны подзвіг, калі ратуе Сяляўку.
Ён творчая, інтэлектуальна і духоўна багатая натура. Таму і не прымае лекцыі дагматыка Холадава. У выніку наспявае канфлікт. Любімы выкладчык студэнтаў Маркевіч перасцерагае Берасневіча, хоча, каб той трошкі ўтаймаваў свой халерычны тэмперамент, бо можа здарыцца бяда. І яму, "чалавеку легкадумнаму і, па маладосці год, трошкі самаўпэўненаму", даверліваму і душэўна чыстаму, не ўдалося пазбегнуць канфлікту з той сістэмай і з тымі парадкамі, яркім увасабленнем якіх з'яўляецца дэмагог і кар'ерыст Маркіч.
Ужо на самым пачатку Берасневіч інтуітыўна не прымае Маркіча, камсамольскага сакратара курса, маральна супрацьлеглага яму чалавека, які хоць і "гаварыў заўсёды правільныя словы - нейкай мяртвячынай аддавалі яны ў яго". Праўда, душэўная дабрыня героя стрымлівала яго ад рэзкай і адмоўнай ацэнкі гэтай постаці. Так, у размове з сябрам, які асуджае Маркіча, Берасневіч кажа: "Ён не такі ўжо благі хлопец. Можа, я, праўда, яго не ведаю? Я яму таксама не вельмі давяраю, антыпатычны ён мне".
Маркіч - небяспечнае і заканамернае параджэнне несправядлівага грамадскага ладу. На сходзе ён беспадстаўна абвінавачвае Берасневіча, патрабуе выключыць таго з камсамола і універсітэта. Берасневіч і ў гэты крытычны момант, каб зменшыць незаслужанае пакаранне, не пайшоў на кампраміс, не пакаяўся. Наадварот, ён мужна і смела бароніць свае прынцыпы і ўласную чалавечую годнасць: "І вы ведаеце мяне, вы ведаеце, я не зрабіў ніводнага ўчынку, які можна было б назваць варожым учынкам, учынкам чалавека, які ненавідзіць нашу рэчаіснасць. Маё жыццё чыстае перад камсамолам, перад дзяржавай. Калі я думаю, што ў нас ёсць цемрашалы, якія імкнуцца парушыць еднасць нашых народаў, - я кажу гэта проста ў вочы, і гэта не азначае, што я лічу цемрашаламі ўсіх. Калі я люблю сваю радзіму - гэта яшчэ не нацыяналізм".
Берасневіч адкрыта выступіў супраць маркічаўшчыны, сваімі паводзінамі і словамі нібы разбудзіў ад летаргічнага сну Маляўку, знайшоў падтрымку ў сваіх сяброў, іншых удзельнікаў сходу. На жаль, вымушаны быў пакінуць універсітэт, адмовіцца ад аспірантуры. Яго пакінула Алёнка.
Аднак няўмольнай была хада гісторыі. Скончылася і сталінская "зіма". Сваімі словамі і ўчынкамі герой набліжаў вясну грамадскага абнаўлення. У эпілогу Караткевіч піша: "Чатыры гады мінула, адбыліся вялізныя змены ў дзяржаве, і з кожнай зменай Берасневіч адчуваў, што гэта яго думка, што робіцца яго справа і сама дзяржава робіцца ўсё больш і больш роднай яму, без ранейшых непаразуменняў. І маркічаў ставала ўсё менш, бо новае патрабавала, каб кіраўнік проста працаваў і займаўся гаспадаркай, а не мянціў языком на зборах. Стала спакайней на сэрцы". Берасневіч сутракаецца з Алёнкай, каб ужо больш ніколі яе не страціць.
Уладзімір Караткевіч стварыў цікавы твор пра студэнцкае жыццё пачатку 50-х гадоў. Праўда, псіхалагічна непераканаўчымі выглядаюць асобныя ўчынкі герояў, часам павярхоўна раскрываюцца характары, аднабакова вырашаецца канфлікт. Тым не менш твор захапляе і ўражвае трапнасцю і багаццем дэталяў, дасканаласцю мовы, тонкасцю і глыбінёй у раскрыцці душэўных перажыванняў герояў, у адлюстраванні студэнцкага асяроддзя, у перадачы духу і каларыту таго часу.
Тэматычным багаццем вызначаюцца апавяданні Уладзіміра Караткевіча, створаныя ў канцы 50-х гадоў. Некаторыя з іх, як, напрыклад, "Завеі", "Лясная гісторыя", "Госць прыходзіць на золкім світанні", "Подыхі продкаў", "Аліва і меч", "Пасмяротная гісторыя аднаго цецерука", "Белае полымя", "Лісты не спазняюцца ніколі", пры жыцці пісьменніка не друкаваліся. Розная мастацкая вартасць гэтых твораў. Аднак усе яны напісаны вопытнай рукою.
Праўдзіва і натуральна перададзены людскія адносіны і пачуцці ў апавяданні "Завеі". Героя-апавядальніка на другі дзень пасля вяселля ўзялі на фінскую вайну, што было для яго дзіўным і незразумелым. Ён думаў пра пакінутую ў далёкай вёсцы жонку. Але скончылася тая вайна. Разам з іншымі апынуўся ў Ленінградзе, чакае адпраўкі да эстонскай мяжы. Просіць у камандзіра роты адпусціць на тры дні дамоў. Той зразумеў чававека. Бярэ ягоны дамашні адрас, кажа, што дасць яму тэлеграму, каб ён дагнаў іх у дарозе. Герой са спазненнем прыехаў цягніком на станцыю. Дарогі замецены снегам. Да яго вёскі дваццаць кіламетраў. Туды ўжо тры дні ніхто не ездзіў. Але апавядальнік вырашыў ісці. З выключным майстэрствам апісаў аўтар гэта падарожжа свайго героя. Праз цемру, снег і завіруху ён, зняможаны і аслабелы, дабраўся да роднай хаты, дзе яго чакала толькі што прынесеная тэлеграма.
Героі апавяданняў Караткевіча дзейнічаюць у незвычайных, але разам з тым і ў вельмі рэальных абставінах. Так, у апавяданні "Лясная гісторыя" добра расказана пра дружбу трох хлопцаў (двух старшакласнікаў і студэнта), пра іх любоў да прыроды. Яны два тыдні жывуць у багушэўскіх лясах, начуюць каля вогнішча, збіраюць баравікі, ловяць рыбу, адпачываюць, весяляцца, трапляюць у розныя гісторыі. Хлопцаў глыбока абурае тое, што апошнім часам у наваколлі пабольшала браканьераў. Аднаго з іх, дваццацішасцігадовага Пашку, які раніў ласіху, яны добра правучылі: зрабілі яму "самалёт", паклалі на спіну доўгую лату і прывязалі да яе рукі. Абадраны і ледзьве жывы, ён толькі праз два дні вярнуўся з лесу ў вёску. Але з таго часу перасталі гучаць стрэлы ў спустошаных лясах і пушчах.
Пісьменнік выступаў за беражлівае стаўленне да прыроды. Варварскае знішчэнне лясоў асудзіў ён і ў тагачасным вершы "Рэзервацыя" (надрукаваны ў часопісе "Маладосць", 1990, № 11), дзе зазначыў, што "кожны стук нахабнай сякеры" адзываецца ў ягоным сэрцы, заклікаў людзей зберагчы лясное багацце, бо ў адваротным выпадку
Свет наш стане, як Марс, пустыняй,
На палетках выгарыць хлеб,
Душы стануць роўна-пустымі,
Як бязмежны і нудны стэп,
Абмялеюць светлыя рэкі,
Вымруць, вымруць у пушчах звяры.
Знікне, знікне з жыцця чалавека
Да лясных вандраванняў парыў.
Неадлучны ад прыроды і стары ляснік Гаўрыла з апавядання "Пасмяротная гісторыя аднаго цецерука". Ён сумленна, у працы, пражыў жыццё. Хораша перададзена ягонае паляванне на цецерукоў, якіх ён потым завёз у мястэчка і прадаў на базу. Аднак па іроніі лёсу аднаго з гэтых цецерукоў спажыў у рэстаране ягоны сын Паўлюк, кандыдат навук, дэмагог і псеўдавучоны. Дробязнымі і нікчэмнымі мяшчанскімі інтарэсамі жыве таксама і Калібераў, сябар Паўлюка. Іхняя сустрэча, паводзіны і п'яная гутарка перададзены ў другой частцы апавядання. Як і ў іншых творах, і ў гэтым апавяданні дакладна і ў рэальных жыццёвых абставінах выпісаны характары герояў. Праўда, твор не пазбаўлены апісальнасці і сюжэтна-кампазіцыйнай нескампанаванасці. Не атрымала ў ім належнага ўвасаблення і думка пра адрыў некаторых інтэлігентаў ад народа, з якога яны выйшлі.
Мужныя і аддадзеныя сваёй справе людзі паказаны ў апавяданні "Белае полымя". Пісьменнік прысвяціў яго свайму дзядзьку М. А. Садавому, які перад вайной працаваў у органах народнай асветы на Камчатцы. Падзеі апавядання адбываюцца на пачатку 30-х гадоў. Андрэй Падкова як начальнік аблана ў чарговы, пяты раз аб'язджае на сабаках усе школы, што раскінуліся на бязмежных прасторах Камчаткі і Чукоткі. Ужо трэці дзень бушуе завея. Занесены снегам, ён ляжаў у палатцы і згадваў родную Наваградчыну, думаў пра сваю працу і яе карысць для людзей, што насялялі тундру.
Потым, калі завея скончылася, сабакі давезлі яго да чукоцкага стойбішча. Там сустрэўся з настаўніцай. Колькі гадоў таму яна, кволая дзяўчына, прыехала з Беларусі ў гэты край. Качавала разам са стойбішчам і вучыла дзяцей. З-за нядбайнасці чыноўнікаў ад асветы аказалася без сшыткаў, чарніла і алоўкаў. Дзеці вымушаны былі пісаць палачкамі на снезе, а веды па іншых дысцыплінах засвойваць праз параўнанне з прадметамі, якія іх акружалі. Дзяўчына асвоіла чукоцкую мову. Яна высокай і добрай думкі пра людзей, сярод якіх жыве. Суровае жыццё Поўначы загартавала яе фізічна і духоўна. Падкова пераканаўся, што ў выхаванцаў Антаніны Сяргееўны выдатныя веды. Раздаў дзецям са свайго запасу сшыткі і алоўкі. Вырашыў пакараць вінаватых у раёне і паабяцаў даслаць самалётам усё неабходнае для вучобы.
Як бачым, геаграфія дзеяння твораў Караткевіча даволі шырокая. Зазначым, што ў апавяданні "Белае полымя" не экзатычнымі, а пераканаўчымі і праўдзівымі выглядаюць апісанні жыцця і побыту людзей Поўначы. Як сапраўдны мастак і пісьменнік-гуманіст расказаў пра іх з любоўю і павагай.
Уладзімір Караткевіч закранаў і паспяхова вырашаў у сваіх творах самыя розныя праблемы. У апавяданні "Госць прыходзіць на золкім світанні" ён расказаў пра пакручасты лёс таленавітага мастака Антося Доўгага, які застаўся ў акупаваным немцамі горадзе. Натхнёна маляваў карціны, увасабляў тагачасную рэчаіснасць на сваіх палотнах. Акупанты хочуць, каб ён супрацоўнічаў з імі. Мастак не прымае іхняй прапановы. Тады яны падсылаюць да яго правакатара. Доўгі "раскусіў" яго і выдаў немцам. А тыя па-езуіцку падалі ў прэсе і па радыё гэты ягоны ўчынак як гераічны. Каб ачысціцца ад такога паклёпу, мастак пачынае забіваць немцаў, пакідае на месцы забойстваў запіскі, што гэта ён учыніў забойствы і што яго беспадстаўна абылгалі ворагі. Немцы выявілі месца знаходжання Доўгага. Ён шмат знішчае ворагаў і гіне.
Пісьменнік добра перадаў духоўныя і мастацкія пошукі Доўгага ў даваенны час і ў перыяд акупацыі, паказаў значнасць яго постаці як творцы і асобы. Аднак у другой палове апавяданне атрымалася расцягнутым. Перабольшанай уяўляецца колькасць забітых героем ворагаў. Асобныя сцэны атрымаліся прыгодніцка-павярхоўнымі ці меладраматычнымі. Усё гэта пэўным чынам зніжае мастацкую вартасць твора.
Шчырым, пранікнёным пачуццём і высокай паэзіяй прасякнута імпрэсія "Подыхі продкаў", народжаная пасля наведвання пісьменнікам славутай царквы Пакрава на Нерлі: "І калі я памру, калі рот мой, што спяваў і цалаваў, калі рукі мае, што стваралі і лашчылі, будуць тло і прах, нябачны мой подых застанецца ў гэтых белых сценах, як подых тысяч забытых продкаў".
Памета да апавядання "Аліва і меч" сведчыць, што яно было закончана 14 чэрвеня 1959 года ў Оршы. Упершыню надрукавана ў часопісе "Маладосць" (1990, № 11) да 60-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Падзеі твора адбываюцца ў грамадзянскую вайну, дакладней, летам 1920 года, калі Чырвоная Армія наступала на Варшаву. У штаб прыехаў з фронту Арсен Воўкаў. Просіць дапамагчы войску. Кіраўніцтва вырашыла накіраваць яго ў Маскву, да Леніна, каб ён завёз даклад пра становішча ў заходніх губернях. Воўкаў - патомны інтэлігент, былы гімназіст. У суправаджэнне яму даюць матроса Шлыка. Начуюць яны ў лесапрамыслоўца Маеўскага. Адны, як прамалінейны і малапісьменны Шлык, лічаць яго буржуем, эксплуататарам. Другія прытрымліваюцца іншай думкі.
Наведвальнікі ўбачылі, што два пакоі Маеўскага былі загрувашчаны скульптурамі, вазамі, карцінамі, сталёвымі даспехамі, рэдкімі калекцыямі зброі, старых кніг і тканін. Гаспадар кватэры паведаміў, што, каб набыць гэта, ён аддаў усе свае грошы. Ён сапраўды лесапрамысловец. Але высякаў лясы толькі спелыя і пераспелыя. Не быў драпежнікам. Пярэчыць Шлыку і на канкрэтных прыкладах даказвае, што не быў і эксплуататарам, кажа яму: "Навучыцеся глядзець на людзей як на людзей. Не трэба быць просталінейным, бо вы шкодзіце рэвалюцыі больш, чым я. Пакуль мала чалавечых існаванняў у вашых руках - вы карысны. Вы незаменны дыпкур'ер, вы цудоўны разведчык. Вы верны і мужны. Але дай вам у рукі гэтыя існаванні - вы будзеце тыран і таму вораг рэвалюцыі. І сумны будзе ваш канец". Далейшая гісторыя савецкай дзяржавы яскрава паказала, наколькі слушнымі і прарочымі сталі гэтыя словы.
Былы гімназіст Воўкаў убачыў у гэтым чалавеку самаахвярнага збіральніка і захавальніка беларускіх мастацкіх каштоўнасцей. Маеўскі сцвярджае, што ўсе прыгнечаныя і зняважаныя чакалі рэвалюцыю. Але гнеўныя, выкрывальныя інтанацыі змяняюцца на пяшчотныя і ласкавыя, калі ён паказвае Воўкаву сваю калекцыю і расказвае пра яе. Шмат любові, цеплыні, захаплення і страсці было ў словах гаспадара, які апавядаў пра ўсё тое, што ён выратаваў і збярог.
Воўкаў заўважыў у вачах гаспадара кватэры і выраз зацяжной, непасільнай, гадамі сабранай стомы. Маеўскі, чалавек магутнага целаскладу, сапраўдны волат, прамаўляе: "Я стаміўся трымаць на плячах цяжар, які павінен несці цэлы народ". Маеўскі выступае як волат духу і адначасова як асоба глыбока трагічная. Гэта адзін з рэдкіх, яркіх і самабытных вобразаў у беларускай літаратуры.
Па-свойму глянуў Уладзімір Караткевіч у апавяданні на Леніна. Сустрэча Воўкава і Шлыка з Леніным адбылася ў рабочым кабінеце, а прадоўжылася за сяброўскім частаваннем у яго на кватэры. Воўкава, які дакладваў пра становішча на фронце і на Беларусі, а потым адказваў на пытанні, уразіў ягоны "ўсеабдымны, амаль нечалавечы па ёмістасці розум". Леніна цікавіла многае - харчразвёрстка, адносіны католікаў да савецкай улады, асаблівасці жыцця народа, нацыянальныя і рэлігійныя праблемы, пытанні культуры. Красамоўна гучыць і ягонае прызнанне: "І мы ж не чысценькія. Нас у трох лyгавых вадах варыць трэба, каб рэлігійнасць вывесці, ханжаства, хамства, бюракратызм".
На кватэры ў Леніна з харчоў была толькі вобла. Тады Шлык дастаў здабытыя ў дарозе кавалак сала, палову бохана счарсцвелага хлеба і дзесяткі тры бульбін, якія неўзабаве былі спечаны ў плітцы. Паабедаўшы, Ленін зазначыў, што даўно так смачна не еў, заўважыў: "Сорамна быць сытым, калі народ галадае... Самы страшны, самы небяспечны вораг рэвалюцыі - карупцыя, перараджэнства".
Пад час гутаркі Воўкаў расказаў кіраўніку савецкай дзяржавы легенду пра сваю родную зямлю. Там апавядалася, што калі людзі таго райскага куточка папрасілі ў бога яшчэ і добрых начальнікаў, то ён не задаволіў іх просьбу. Ленін быў у захапленні ад гэтай легенды. Воўкаў згадаў і пра Маеўскага, не як пра рабаўніка, а як пра беларускага Трацякова, які выратаваў мастацкія каштоўнасці не толькі нацыянальнай, але і сусветнай вартасці. Шлык запярэчыў, што Маеўскага як мільёншчыка і эксплуататара трэба расстраляць, што ў Воўкава "нянавісць да гадаў толькі асабістая". Ленін асудзіў Шлыка, заўважыў, што і мільёншчыкаў адрозніваць трэба, што нядрэнна, калі асабістая нянавісць змацоўвае грамадскую. Заўважыў: "Тое, што ў мяне стралялі, - гэта, таварыш, мая справа. У мяне стралялі. За народ дараваць нельга, а за Ульянава - ён сам даруе". Ленін згадаў пра свайго старэйшага брата Сашу, які быў пакараны смерцю. Пасля чаго Ленін зразумеў, што такая несправядлівая і варожая народу сістэма павінна быць знішчана.
Звяртаючыся да Шлыка, прамовіў: "Дык вось, таварыш, вы самі бачыце, што ў мяне больш "асабістых падстаў" на нянавісць да ўсіх гэтых... мільянераў. І, аднак, я ўмею адрозніваць Рабушынскіх і Няклюдавых ад Бахрушыных і Маеўскіх. Не пашкодзіла б і вам умець рабіць гэта".
Ленін перадаў Воўкаву лісткі, у якіх напісаў, каб дом Маеўскага быў адведзены пад музей, каб знайшлі патрэбныя сродкі, адвялі старому пры музеі два пакоі, прызначылі яго пажыццёвым дырэктарам музея, далі добрую пенсію і спецпаёк. Сваім неведвальнікам ён сказаў: "І мы павінны паважаць лепшае нават у старым". У канцы іх размовы патухла святло. Гаспадар запаліў свечку і правёў гасцей. Апавяданне заканчваецца сімвалічным апісаннем: "На пляцоўцы ён стаяў з падсвечнікам у руцэ, асвятляючы ім шлях".
Відаць, Уладзіміра Караткевіча не варта дакараць за пэўную ідэалізацыю Леніна. Пісьменнік, як і героі ягоных твораў, таксама быў дзіцем свайго часу. Так, і ў аповесці "У снягах драмае вясна" Берасневіч з ягоным крытычным і аналітычным розумам прыхільна ставіўся да ленінскай палітыкі. Прываблівы вобраз Леніна стварыў Караткевіч і ў вершы "Ленін калыша дзіця", які быў надрукаваны ў 1960 годзе. Зрэшты, мера ідэалізацыі таксама бывае рознай. Думаецца, што ў апавяданні "Аліва і меч" аўтар не толькі любуецца і захапляецца Леніным, але і паказвае яго як рэальнага, зямнога чалавека, спрабуе зразумець сутнасць ягонай асобы. І ў гэтым вартасць твора.
У апавяданні "Маленькая балерына" (закончана 1 мая 1961 года) Уладзімір Караткевіч звярнуўся да вобраза Сталіна. Гэты твор таксама быў надрукаваны пасля смерці пісьменніка, спачатку з'явіўся аўтапераклад на рускую мову ў часопісе "Нёман" (1987, № 8), а потым - на беларускай ("Маладосць", 1988, № 1). Падзеі апавядання адбываюцца ў другой палове 30-х гадоў у Маскве. Галоўная гераіня, "маленькая, танюткая, чымсьці падобная на дзяўчо ў свае васемнаццаць год", танцуе ў оперным тэатры. На самым пачатку і неаднаразова ў далейшым аўтар сцвярджаў, што яе любілі ўсе. "Маленькая" яшчэ не ведала жыццёвых навальніц, яе вочы шырока і даверліва глядзелі на свет, твар свяціўся шчырай усмешкай, "уся яна была суцэльнай адданасцю людзям, і душа яе раскрывалася насустрач кожнаму чалавеку з чаканнем аднаго толькі дабра".
Захопленая любімай працай і ўлюбёная ў жыццё, яна, як і многія тады, не магла зразумець жахлівага сэнсу, закладзенага ў плакаце, дзе была намалявана "рука ў калючай рукавіцы", якая "трымала за глотку маленькага разлезліка з надзвычай подлай мордай".
"Маленькую" ўсе шкадавалі і аберагалі. Яе каханы паведаміў, што арыштавалі ягонага дзядзьку, але не сказаў, што той памёр у турме тыдзень таму. Дзяўчына верыла, што адбылася памылка і ўсё абыдзецца, "яна адчувала сябе так, быццам амаль нічога не змянілася на зямлі". Верыла наіўна і ў тое, што яе сусед, якога арыштавалі ноччу, паехаў у далёкую камандзіроўку.
Не змянялася яе жыццёвая плынь. Але аднойчы яна, Ніна, атрымала права ўдзельнічаць у канцэрце, што меўся адбыцца ў Крамлі. Там яе прыкмеціў Сталін, які пасля выступлення запрасіў дзяўчыну да сябе ў ложу, пагаварыў, а потым паказаў палаты старажытных цароў.
З таго часу Ніна пачала выступаць амаль на ўсіх канцэртах у Крамлі. Расквітнеў яе талант. А Сталін знаходзіў час пагутарыць з ёю. Ён зачараваны талентам, дабрынёй, шчырасцю, душэўнай чысцінёю і адкрытасцю гэтай дзяўчыны. Яна ж да яго, "нягледзячы на амаль бязмежную любоў і павагу, адчувала часам невыразнае пачуццё шкадавання".
Пасля аднаго вельмі ўдалага выступлення Сталін праводзіць Ніну дамоў. Па дарозе, у машыне, выказвае сваё захапленне ёю, прамаўляе, што "мала каму можна верыць", што "чалавеку нельга верыць пасля дваццаці пяці" і што яна сваёй шчырасцю абуджае "ў кожным веру ў людзей". Пры развітанні дзяўчына вельмі ўсхвалявана прасіла і пераконвала яго: "Не думайце, што людзям нельга верыць... Вы не думаеце гэтага шчыра, вы не можаце так думаць!"
Вяртаючыся ў горад, Сталін не мог пазбыцца цяжкіх думак, а потым згадаў сваё дзяцінства і юнацтва: "На хвіліну ён падумаў, што аддаў бы ўсю ўладу за некалькі год маладосці. Улада не прыносіць шчасця". Узнікла сумненне: "А можа, я наогул нарабіў занадта " Але ён адразу "загасіў гэтую думку". Потым супакоіўся: "Нічога. Для астатніх маё імя - сцяг. І за яго яны пойдуць праз агонь і ваду... Для будучыні". І далей: "Думка суцяшала, і ён задрамаў у машыне, гэты цяжкі, грузны чалавек, падобны ў гэтую хвіліну на соннага сапсана, чалавек, які не меў ужо ні шчасця, ні кахання, ні веры, ні радасці аддацца добрым пачуццям другіх, ні даверу да людзей - нічога. Акрамя бязмежнай улады, роўнай якой яшчэ не было на зямлі. Ён не ведаў, што ўладараць і над ім, штучна пераконваючы ў зламыснасці навакольнага свету, падтрымліваючы жах перад усім і веру ў тое, што чужую руку адвядуць ад яго дзесятак адзіна верных, адзіна адданых".
Гэтая светлая і чыстая дзяўчына на імгненне абудзіла ў ягонай спустошанай і стомленай душы добрыя думкі, усведамленне, што ўлада не прыносіць шчасця. Прабліснула нават сумненне ў правільнасці сваіх паводзін. Але ён адразу адкінуў яго і апраўдаў сябе, што прынясло яму суцяшэнне. Караткевіч піша пра Сталіна як пра чалавека, які страціў у жыцці ўсё, акрамя бязмежнай улады. Ён выступае як трагічная і адначасова як жахлівая асоба.
З выключным майстэрствам апісана ў апавяданні сцэна масавага людскога псіхозу ў палацы. Выконваецца ўрачыстая песня ў гонар Сталіна. Дзівосныя гукі мелодыі зачаравалі прысутных, у тым ліку і "маленькую", якая глядзела на яго і на залу праз вочка, зробленае ў завесе. Калі скончыўся спеў, то лікуючы натоўп рынуўся да ложы, дзе знаходзіўся ён. "Маленькая" заўважыла, што на шляху натоўпу стаў ланцужок шэрых людзей, якія пачалі адштурхоўваць тых, што лезлі наперад. Яна падумала, што ён заступіцца, спыніць гэтую агіднасць. Але ён знік з ложы. Заднія напіралі на пярэдніх. А тых білі і адганялі назад шэрыя. І невядома было, чаго крычалі і плакалі пярэднія, ад болю ці ад захаплення. "Маленькая", "адчуваючы, што здарылася нешта непапраўнае, што ўвесь яе маленькі свет любові да гэтага чалавека даў трэшчыну, раптам сціснула далонькамі скроні і разрыдалася так нясцерпна і несуцешна, як можна рыдаць толькі на мяжы юнацтва, калі жыццё ўпершыню пакрыўдзіць цябе". Праз паўтара года пасля гэтых падзей, у кастрычніку сорак першага года, яна абараняючы Маскву, загінула.
Пад час грамадскага і духоўнага абнаўлення, 1 лістапада 1961 года, відаць, пад уздзеяннем вестак пра вынас з маўзалея цела І. Сталіна, узнік верш "Выносьце з сэрца саркафагі":
Пакуль не ўмерла праўды прага,
Пакуль не зведалі бяду, -
Выносьце з сэрца саркафагі,
Выносьце саркафагі з душ...
("Полымя, 1989, № 1)
Як сталы пісьменнік з адметным лірыка-рамантычным талентам раскрыўся Уладзімір Караткевіч у апавяданнях "Як звяргаюцца ідалы", "У шалашы", "Блакіт і золата дня", "Карней - мышыная смерць", "Лятучы Галандзец", "Ідылія ў духу Вато", аповесцях "Цыганскі кароль" і "Сівая легенда", якія склалі першы ягоны зборнік прозы "Блакіт і золата дня" (1961). Выхад гэтай кнігі прыхільна сустрэлі ў сваіх рэцэнзіях "Проза паэта" Барыс Клюсаў ("Маладосць", 1961, № 12) і "Лірычнае натхненне празаіка" Валянціна Гапава ("Літаратура і мастацтва", 29 чэрвеня 1962 г.). Валянціна Гапава, напрыклад, зазначыла, што "палымяны лірызм, глыбокі псіхалагізм у стварэнні характару, майстэрства дэталі - вызначальныя рысы паэтычнай прозы Ул. Караткевіча".
У творчасці Уладзіміра Караткевіча арганічна спалучыліся лірычнае і гераічнае, авантурнае і фантастычнае, будзённае і незвычайнае, рэальнае і таямнічае. Героі першых ягоных друкаваных твораў дзейнічалі ў незвычайных і адначасова рэальных абставінах.
Проста і натуральна пісаў празаік у апавяданні "Блакіт і золата дня" пра чыстае, празрыстае неба і бясконцую роўнядзь веснавой паводкі на Палессі, з любоўю і цеплынёй апавядаў пра нараджэнне першага вялікага кахання ў Наталькі і Юркі, пра чалавечыя адносіны, думкі, перажыванні і пачуцці, пра непаўторнасць і прыгажосць жыцця. Пісьменнік уславіў родную зямлю і яе людзей. Жыццё, нібы палеская веснавая паводка, выйшла з берагоў і, здаецца, захапіла спрадвечнае людское быццё і ўвесь таямнічы і чароўны сусвет, запоўніла ўсю існасць закаханых - яго і яе.
Заўважым, што ў часопісным варыянце апавяданне мела назву "Каўчэг". Таму нельга не пагадзіцца з Віктарам Каваленкам, які ў сваёй кнізе "З пазіцый сучаснасці" (1982) адзначыў, што "недзе ў сваёй падтэкставай глыбіні вобраз каўчэга нясе ідэю маральнага выратавання". Нам думаецца, не толькі ідэю маральнага выратавання, але і пантэістычную, язычніцкую ідэю яднання, зліцця з вечнай, таямнічай і чароўнай прыродай: "Азораная ззяннем паходняў, абкружаная шматкаляровымі карагодамі чаўноў згасала і танула ў водах адразу за імі імгненная праява. Дрэвы закрылі яе, паглынулі воды і цемру, і адразу стала ясна, што тая праява чужая, што на шмат кіламетраў няма нічога, акрамя воднай роўнядзі, вычварнай вязі плыняў, пены ў вірах, пагружаных у ваду лясоў і цішыні.
І па гэтых водах, па залітай вадою зямлі імчаў толькі адзін іхні човен, іхні каўчэг. Недзе, напэўна, былі іншыя чаўны, але для гэтых двух нікога не існавала".
Пісьменнік бачыў у жыцці выключнае, рэдкае, незвычайне. Напрыклад, у апавяданні "Лятучы Галандзец" з цеплынёй і сімпатыяй паказаў сустрэчу двух, здавалася б, зусім розных людзей - даверлівага, непасрэднага і крыху наіўнага паэта Лявона Касачэўскага і разумнай, з цвёрдым характарам і выразнай жыццёвай пазіцыяй артысткі Марыі Якубовіч.
У апавяданні пераканаўча раскрыты людскія характары, напрыклад, у спрэчцы прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Згадваючы Лявона Касачэўскага і ягоныя адносіны да жыцця, рэжысёр Грабоўскі сцвярджае, што "чалавек-рамантык... у наш век тое самае, што жывы мамант". З ім не згаджаецца крытык Моршч: "Мы, напэўна, самі вінаваты ў тым, што рамантызм вымірае: не прызвычаіліся бачыць прыгажосць нават у бочцы з зялёнай вадою ля плота, нават у зламанай вярбе... А такія, як ён, заўсёды трошкі дзеці. Ён чакае, ён верыць - і жыццё пойдзе яму насустрач... А мы, суровыя практыкі, застанёмся ў дурнях і з практычнага боку".
У гэтым апавяданні выявіліся некаторыя эстэтычныя прынцыпы творчасці Караткевіча, у прыватнасці ягоныя адносіны да рамантычнага ў жыцці і мастацтве. Каб не зачарсцвець душой, сцвярджаў пісьменнік, трэба верыць у легенды, не страчваць светлага і чыстага ўспрыняцця рэчаіснасці. Лявон Касачэўскі, які не лічыў сябе рамантыкам, а "хіба што шукаў незвычайнага, без якога нельга, цяжка, нудна жыць", дачакаўся свайго шчасця. І прынёс яго іншаму, блізкаму і дарагому чалавеку.
Пісьменнік у сваіх першых друкаваных апавяданнях з тонкім мастацкім густам раскрыў складаныя інтымныя перажыванні ("У шалашы"), дакладна абмаляваў працэс пазнання навакольнага свету Алёнкай, якой яшчэ не споўнілася двух год ("Як звяргаюцца ідалы"), стварыў праўдзівы вобраз дзівакаватага чалавека, які ў гады вайны здолеў здзейсніць подзвіг ("Карней - мышыная смерць"). Гэтыя творы сведчылі пра майстэрства пісьменніка, ягонае ўменне раскрыць людскія характары, духоўнае жыццё сваіх герояў. Праўда, залітаратуранымі выглядаюць у апавяданні "Лятучы Галандзец" эпізод з легендарным караблём "Лятучы Галандец" і сцэна знаёмства Касачэўскага з артысткай Якубовіч. Часам у апавяданні "Ідылія ў духу Вато" аўтар злоўжываў эрудыцыяй, што абцяжарвала сюжэт твора, уплывала на раскрыццё характараў.
Высокай рамантыкай, жывымі людскімі страсцямі і водарам гісторыі напоўнены апавяданні "Кніганошы", "Сіняя-сіняя", "Дрэва вечнасці", "Залаты бог" і іншыя, створаныя ў пазнейшыя часы.
Драматычнае светаўспрыманне і патрыятычны пафас - галоўныя, вызначальныя рысы і навелістыкі Караткевіча. На малой плошчы апавядання пісьменнік умее перадаць значную думку, скандэнсаваць гаму пачуццяў і перажыванняў, выпісаць псіхалагічна дакладныя і праўдзівыя чалавечыя характары.
Трагедыя беларускага народа ў 80-я гады ХІХ стагоддзя паказана ў апавяданнях "Кніганошы" (1962) і "Сіняя-сіняя" (1964).
Уладзімір Караткевіч - выдатны апавядальнік. Апісанні ягоныя надзвычай паэтычныя, эмацыянальныя і сэнсава насычаныя. Ён захоплівае ўжо з першых радкоў. Своеасаблівы запеў, напрыклад, да апавядання "Кніганошы": "...У сасновым лесе - маліцца, у бярозавым - любіцца, у дубовым - волю каваць, у яловым - душу д'яблу прадаваць.
Гэты лес быў яловы". Прыведзеным радкам уласцівы эмацыянальная прыўзнятасць, рытмічная зладжанасць і сімвалічнасць.
Пасля такога фальклорна-рамантызаванага зачыну аўтар адразу ўводзіць у атмасферу таямнічых і драматычных падзей, апавядаючы, што і мухаморы ў гэтым лесе былі крывавыя, і з рыжыкаў, калі іх збіць нагою, "тачылася рудая кроў", і чырвоныя ягады журавін нагадвалі кроплі крыві. Гэта пейзажнае апісанне з'яўляецца не проста фонам, а стварае пэўную эмацыянальную і сэнсавую афарбоўку для ўсяго далейшага апавядання.
Тут узаемадзейнічаюць рамантычнае і рэалістычнае. Паводле законаў рамантычнай паэтыкі кантрастна пададзены вобраз прапаршчыка пагранічнай заставы Алега Буткевіча, які любіў іграць на флейце, "выконваў загады, чакаў подзвігу і марыў пра рамантычнае каханне". І каханне ў яго сапраўды было рамантычным: ён сустракаецца з простай вясковай дзяўчынай Ганусяй. Людзям з кардона, дзе служыць Буткевіч, было загадана як найпільней несці службу, бо ў апошні час праз граніцу пачалі пераносіць многія забароненыя кнігі. Сярод кніг на літоўскай, рускай і польскай мовах трапляліся і такія, што былі пісаны тутэйшай гаворкай. Пісьменнік нагадвае пра афіцыйную забарону беларускай мовы. Ужо ў самім выданні кніг на беларускай мове - крамола. Ды і сярод тых, што забілі цара, былі два тутэйшыя.
Караткевіч дае псіхалагічна дакладныя, індывідуалізаваныя характары. Пад уздеяннем жыццёвых абставін мяняецца і Буткевіч, разбураюцца ягоныя рамантычныя мроі. Моцнае ўздзеянне на паручыка зрабілі словы Карча, вопытнага кніганошы, які прыйшоў па труп свайго сына, забітага пры пераходзе граніцы. Стары, за якім даўно палююць як за вопытным кантрабандыстам, гаворыць, што Буткевіч (па вачах відаць) не выдасць яго. Кніганоша хоць сам і непісьменны, але кнігі любіць. Таму і сыну хацеў перадаць сваю любоў да кніг (той навучыўся чытаць). А прозвішча старога Кірыла Туравец, нібы Кірыла Тураўскі. "Толькі таго за кнігі хвалілі", - са скрухай прызнаецца стары. Нават прозвішчам свайго героя пісьменнік імкнецца сцвердзіць несмяротнасць і сілу народнага духу, пераемнасць перадавых нацыянальных эстэтычных і духоўных традыцый. Караткевіч паказвае абуджэнне простага люду, раскрывае ягонае імкненне да праўды і асветы. Кірыла Туравец гаворыць, што простыя людзі чытаюць і малітоўнікі, бо "яны хочуць разумець малітвы".
Аднойчы ў час пераходу мяжы стары натрапіў на варту. З корабам, поўным кніг, ён кідаецца з урвішча ўніз і гіне. Велічна і трагічна гучаць наступныя радкі: "Чалавек ужо нерухома ляжаў на прыбярэжным жвіры, а кнігі ўсё яшчэ падалі. Цяжкімі турманамі куляліся па камянях адхону, лёгкімі галубамі ляцелі ў паветры.
І многія - лебедзямі плылі па вадзе".
Пісьменнік звяртаецца да рамантычных прыёмаў пісьма часцей за ўсё ў кульмінацыйных сітуацыях, пра што сведчаць і прыведзеныя вышэй заключныя радкі ў сцэне гібелі старога кніганошы.
Нібы эстафету з рук загінуўшых брата і бацькі прымае прафесію кніганошы Гануся. І для Буткевіча рамантычная любоўная гісторыя набывае іншы, больш значны сэнс. Ён збіраецца пайсці ў адстаўку і дапамагаць Ганусі.
У апавяданні "Сіняя-сіняя" для васьмігадовай арабскай дзяўчынкі Джамілі, якая знемагае ў Сахары ад смагі і гарачыні, няздзейсненай марай, чароўнай казкай і раем уяўляецца такі край, дзе ёсць многа-многа вады і зялёнай травы. Таму яна вельмі здзіўлена, чаму яе знаёмы, пажылы ўжо чалавек, пакінуў такую зямлю. А гэта быў паўстанец 1863 - 1864 гадоў, які пасля паражэння паўстання вымушаны быў пакінуць гэту так званую "сваю зямлю".
Галоўны герой апавядання Пятрок Ясюкевіч, "былы беларус, былы паўстанец, былы вандроўнік", з трывогай і болем успамінае свой край. Ён думае пра іншых удзельнікаў паўстання: адны загінулі, другіх жыццё раскідала па розных кутках зямлі. Вобраз тыповы для таго часу. Колькі іх, знаёмых і незнаёмых герояў (Ігнат Дамейка, Мікалай Судзілоўскі, Бенядзікт Дыбоўскі, Канстанцін Ельскі і многія-многія іншыя), якія былі ў ссылцы ці пакінулі сваю радзіму і якія сталі выдатнымі вучонымі, нястомнымі падарожнікамі і ўдзельнікамі шматлікіх геаграфічных экспедыцый, змагарамі за шчасце і волю іншых народаў!..
Твор напісаны ў лепшых класічных традыцыях. Прыгадаем апавяданне Генрыка Сянкевіча "Наглядчык маяка". Галоўны герой твора паляк Скавінскі, удзельнік паўстання 1863 - 1864 гадоў, таксама апынуўся ў эміграцыі. У многіх кутках зямлі ён змагаўся за вызваленне іншых народаў. Прыйшла старасць. Апошнія гады свайго жыцця ён рашыў правесці на востраве ў Карыбскім моры, на спакойнай пасадзе захавальніка маяка. Усё было добра. Але аднойчы ён атрымаў паэму Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш". Скавінскі, просты салдат, які ўвесь час быў у паходах, не чытаў гэтага твора. Паэма ўзрушыла яго, выклікала прыемныя і балючыя ўспаміны пра далёкі пакінуты край. Зачытаўшыся паэмай, ён забыў запаліць маяк. У выніку адзін карабель сеў на мель. Герой траціць працу, адпраўляецца ў далейшыя вандраванні па свеце.
Нешта аналагічнае атрымалася і ў апавяданні Уладзіміра Караткевіча "Сіняя-сіняя". Роспыт дзяўчынкі ў Петрака Ясюкевіча пра далёкі край выклікаў у таго трывожныя і неспакойныя ўспаміны: "Зямля-зямля!
З атлусцелымі панамі, з бяздушнымі ўладарамі душ, з хлуснёй, са спаласаванымі мужыкамі, з апляванай, забароненай мовай.
Але яшчэ і з паплавамі, і з сінімі вербалозамі на берагах рэк. Няхай няшчасная, няхай забітая і абылганая, але свая, найлепшая ў свеце". Тут выяўлены і замілаванне Ясюкевіча да роднай зямлі, і глыбокая журба, і боль.
Нібы ў сне, згадвае Пятрок і пра тое, калі іх прыціснулі да Доўгай Кручы на Дняпры, як раўлі гарматы і людзі падалі са стромы ў ваду. Глыбокім трагедыйна-філасофскім зместам, роздумам пра сваю радзіму і яе лёс у кантэксце грамадскіх і сацыяльных катаклізмаў, што адбыліся на зямлі, напоўнены і Петраковы думкі, якія аднойчы ўзніклі ў яго каля егіпецкіх пірамідаў: "Усё адно людзі гінуць і народы гінуць, і працэс гэты няўхільны, а на зямлі не застаецца нічога, акрамя магіл". Праз усмешку сфінкса, які шмат перажыў і шмат пабачыў на сваім вяку, вартымі жалю і марнымі здаліся Петраку высілкі і спробы людзей нешта змяніць у жыцці. І тым не менш як выклік сфінксу ў герою абуджаецца прага жыць і захаваць для будучыні гэтую кволую дзяўчынку, што вярнула яму радзіму, якую нельга страціць і да якой трэба вярнуцца, каб прадоўжыць пачатую справу.
Галоўны герой твораў Караткевіча - ваяўнічы гуманіст. Напрыклад, Івар, герой апавядання "Барвяны шчыт" (1963), актыўна пратэстуе супраць таго, што спусцілі ваду з азёр - нічога ад гэтага не прыдбана, а страчана многае. Ён дамагаецца і таго, каб бульбяныя палеткі не знаходзіліся на месцы пахавання старажытных рускіх воінаў, якія загінулі ў сутычцы з татарамі. Івар адчувае глыбокую і непарыўную духоўную еднасць з тымі, хто загінуў дзеля будучага жыцця. І памяць пра іх павінна быць святой: "А каб не яны, каб не нашы беларускія хлопцы ў Крычаве і пад Крутагор'ем - уся зямля стала б вось такой". Гэтыя воіны за нашу будучыню заплацілі сваім жыццём. І тады, здавалася б, зусім бяскрыўдныя заклікі асобных людзей пра неабходнасць жыць толькі сённяшнім днём становяцца проста антыгуманнай безадказнай бравадай. Вось ужо сапраўды: не страляй у сваё мінулае з пісталета, бо яно ў цябе выстраліць з гарматы.
Станоўчыя героі пісьменніка ўнутрана падобныя. І дзякуючы якраз гэтаму яны здольныя многа выйграваць ва універсальнасці і ўсеагульнасці. Іх духоўнае багацце і хараство, маральная чысціня і беззаганнасць, вернасць перадавым грамадскім і эстэтычным ідэалам прывабліваюць і хвалююць. Героі шмат разважаюць, думаюць, перажываюць, але ў той жа час і дзейнічаюць, змагаюцца. Гэта натуры мэтанакіраваныя, душэўна адкрытыя, шчырыя, неспакойныя, сумленныя, высакародныя, інтэлектуальныя. Пісьменнік часта звяртаўся да недастаткова яшчэ распрацаванага ў беларускай літаратуры вобраза інтэлігента.
Героі Караткевіча часта шукаюць гармоніі ў тыпова рамантычных сферах - у каханні і ў прыродзе. Яны часта ўцякаюць самі ад сябе. І яны надзвычай прагныя да жыцця. Гэта можна сказаць пра Івара з "Барвянага шчыта", Валерыя Палецкага з "Залатога бога" і Севярына Будрыса з "Чазеніі". Пісьменнік пранікае ў самыя патаемныя закуткі чалавечай душы, імкнецца сцвердзіць ідэальнае і прыгожае ў чалавеку. Наколькі складаныя і няпростыя людскія адносіны, сведчыць апавяданне "Залаты бог" (1963).
У Крым прыехала адпачыць Тэкля Данілаўна, звычайная беларуская жанчына, якая пражыла доўгае і цяжкое жыццё. Разам са сваімі калегамі прыязджае на поўдзень і яе сын Валерый, таленавіты малады вучоны, знешне вельмі прыгожы. Там ён сустракае сваю колішнюю сяброўку Агату, прыгажуню, якая не захацела выйсці за яго замуж. Маці Валерыя занепакоена лёсам свайго сына. Яна ведала, як цяжка было яму два гады таму, калі яго, апантанага навукай, у крытычны момант не зразумела тая, з кім ён хацеў быць. Маці жадае Валерыю такую жанчыну, якая магла б і ў горы і ў бядзе застацца з ім.
Валерыя таксама адольваюць самыя супярэчлівыя думкі. Ён то цягнецца да Агаты, то ўцякае ад яе. Відаць, і ў само імя Агаты Караткевіч укладвае пэўны сэнс. Гэта нібы той халодны і прыгожы каменьчык агат, напалову каштоўны, не болей. Аднак пісьменнік паказвае складанасць узаемаадносін паміж Валерыем і Агатай. Каханне прыносіць чалавеку радасць і боль, яно ўздымае яго да бясконцых і чыстых вяршынь людской велічы, надае веру ў свае сілы і кідае ў цёмныя прорвы адчаю, прыгнятае чалавека.
Калі разглядаць апавяданне "Залаты бог" па законах рэалістычнага мастацтва, то пісьменніка можна дакараць за пэўную ідэалізацыю як галоўнага персанажа, так і другарадных. Аднак твор неабходна ацэньваць паводле тых прынцыпаў, на грунце якіх ён створаны. І тады стане відавочным, што аўтар змог дасканала перадаць тонкія душэўныя перажыванні сваіх герояў, сцвердзіў не толькі ідэальнае ў іх характарах, але і раскрыў іхняе, такое натуральнае і простае, імкненне да звычайнага людскога шчасця, да суладнасці і гармоніі як ва ўласных узаемадачыненнях, так і ў адносінах да прыроды. Такога прачытання вымагае і падзагаловак апавядання - "З цыкла "Казкі мора". Выключнае, незвычайнае, чароўнае тут набывае асаблівую ролю, хоць і разгортваецца дзеянне пры зусім рэальных абставінах.
У лісце ад 28 студзеня 1974 года да Мірдзы Абала, вядомай латышскай даследчыцы літаратуры і перакладчыцы, Уладімір Караткевіч так растлумачыў сутнасць вобраза галоўнага героя: "З-за славалюбства паскорыў канец маці, змучыўся з бабай, пакрыўдзіў Ларысу, забуўся, што жыве для іншых, як гэта належыць чалавеку, амаль не загубіў сябе. Сэрца было, ды толькі ён забыў яго дзеля дробязяў. І першым крокам да збавення віны было выратаванне хлапчука, а другім - рукі, працягнутыя да абуджэння ад любоўнага дурману, які вісеў над ім.
Вось у чым сутнасць рэчы, а зусім не ў курортным рамане"2.
У прозе Уладіміра Караткевіча выразна выяўляюцца рамантычныя тэндэнцыі, асабліва тады, калі спакойнае, аб'ектывізаванае апавяданне змяняецца пранікнёным страсным пачуццём, калі на ўсю моц раскрываецца лірычны талент мастака. А лірычнае, суб'ектыўнае найчасцей увасабляецца ў выключным, значным, рамантычным. Пафасам захаплення, радасцю жыцця прасякнута апавяданне "Дрэва вечнасці" (1966), асабліва старонкі, прысвечаныя Палессю і палешукам: "Палессе! Ты ўсё - бясконцая і вечная паэма. Кожная лясная рэчка твая - драмлівы рэчытатыў ліры. Кожнае тваё ўрочышча - урачысты хор магутных галасоў. Кожнае дрэва тваё - Песня Песняў. Кожная галіна пад ветрам - неўміручы радок. І кожны свепет на дзічках тваіх - ода гэтаму вялікаму небу, на якім зараз ласкавыя і чыстыя адценні вечара".
Гэтыя радкі гучаць як натхнёная і ўрачыстая паэма. Пісьменнік захапляецца палескімі краявідамі. Узвышана-рамантызавана малюецца і "дуб Крывашапкі", Вечнае Дрэва: "Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, усё раўней і танчэй угору, дасканалы ў сваёй велічнай зграбнасці, стаяў сярод лесу, сярод сыноў сваіх, унукаў, праўнукаў, далёкіх нашчадкаў лясны волат".
Падкрэсліваючы выключнасць дрэва, пісьменнік так яго характарызуе: "вышэй за ўсе дрэвы ўзносілася над светам не дужа густая, але магутная верхавіна і некалькі велізарных, як бярвенні, галін", "вышэйшы за ўсё на зямлі", "ён толькі ля верхавіны шырыў недзе ў саміх нябёсах магутныя свае лапы". І вось такое канкрэтна-індывідуалізаванае і адначасова рамантычна-абагульненае апісанне чаруе сваёй гармоніяй і дасканаласцю. Ёсць у гэтым урыўку і гіпербалізаваная вобразнасць, і рытмічная зладжанасць, і інверсійны лад мовы, і пранікнёнае пачуццё.
Сваёй вечнасцю і неўміручасцю гэтае дрэва паяднала часы - мінуўшчыну і сучаснасць. Яно было сведкам многіх падзей з нашай гісторыі. "Крый божа, - зазначае пісьменнік, - стаць яму сведкам вайны атамнай, сведкам канца чалавецтва і сваёй смерці разам з ім".
Творчасць Уладзіміра Караткевіча напоўнена драматычным зместам, што абумоўлена трывожным і балючым роздумам мастака над лёсам як асобнага чалавека, роднага народа і ўвогуле чалавецтва, так і душэўным разладам, што часцей за ўсё ўласціва творцам рамантычнага тыпу мыслення, разладам паміж думкай і эмоцыяй, рэальнасцю і ідэалам. Але разам з тым яго творчасць надзіва жыццесцвярджальная. І пісьменнік верыць, што Дрэва Вечнасці не можа загінуць. "Гэтага не павінна быць. Гэтага не будзе, - пераканаўча сцвярджае мастак. - Залог гэтага - мудрыя чалавечыя вочы, чорныя рукі і апошні водсвет захаду на вяршыні Дрэва Вечнасці".
Вось яна, тая прага ідэалу, вера ў несмяротнасць чалавека і прыроды, што ахоплівала сэрцы і душы многіх рамантыкаў. І вось тое захапленне светам, што так уласціва Уладзіміру Караткевічу.
Пісьменніку, здаецца, падуладныя ўсе сферы жыцця. Пасля праходжання ў жніўні - верасні 1965 года вайсковых збораў у газеце Ціхаакіянскага флоту "Боевая вахта" з'явіліся ў яго аповесць "Чазенія" (1966) і апавяданне "Вока тайфуна" (1970). Апошняе расказала пра няпросты лёс мічмана Сцяпана Дубаўца, які страціў у вайну бацькоў і ў дзіцячым узросце трапіў на карабель. У свае трыццаць дзевяць гадоў служыць на тральшчыку, разам з іншымі знішчае міны, якія засталіся ў вадзе пасля вайны. Начальства і калегі па працы ўспрымаюць яго як сур'ёзнага, акуратнага службіста і як сухара, пазбаўленага пачуцця гумару. Асабістае жыццё ў яго не склалася. Думаючы пра значна маладзейшую за яго дзяўчыну Жэню Арсенцеву, якая працуе на метэастанцыі, ён непрыязна і раўніва ўспрымае свайго саслужыўца і земляка-беларуса Анатоля Каню, маладога прыгожага хлопца, які свеціцца радасцю і дабрынёй і які таксама пакахаў Жэню. Маўкліваму, не вельмі прывабнаму Дубаўцу стала ў такой сітуацыі невыносна балюча. Набліжаецца бура. Сонца яму здалося такім жа страшным, як і колькі гадоў таму, калі яны трапілі ў "вока тайфуна", спакойную і ціхую роўнядзь вады, вакол якой на многія дзесяткі міль бушаваў тайфун. І вось гэты чалавек, стрыманы і скупы на словы, у крытычны момант кідаецца ў ледзяную ваду, адводзіць ад карабля міну і ратуе Каню. Суровая марская стыхія выхавала характар мічмана. Для Дубаўца такія паводзіны з'яўляюцца натуральнымі і будзённымі.
Хораша апісана ў апавяданні "Краіна Цыганія" (1969) ушанаванне на Палессі цыганамі свайго вярхоўнага суддзі, які ўтапіўся год назад, ратуючы беларускую дзяўчынку. Любоў да прыроды, цікавыя звесткі пра жыццё звяроў прысутнічаюць у апавяданні "Былі ў мяне мядзведзі".
Уладзімір Караткевіч быў летапісцам не толькі айчыннай гісторыі. У апавяданні "Вялікі Шан Ян" (1970, упершыню надрукавана ў 1990 годзе ў зборніку "Шляхам гадоў", укладальнік У.Мархель) ён звярнуўся да постаці дзяржаўнага дзеяча Старажытнага Кітая, які жыў у 390 - 338 гады да нашай эры і які правёў рэформы, што садзейнічалі ўмацаванню цэнтральнай улады і дэспатычнай дзяржавы. Шан Ян быў адным з заснавальнікаў філасофскай школы законнікаў (легістаў). Асноўныя палажэнні сваёй тэорыі сфармуляваў у трактаце "Кніга правіцеля вобласці Шан". Легісты выступалі за тое, каб усе намаганні народа былі засяроджаны на зямлі і вайне. Распрацоўвалі таксама вучэнне пра ўзнагароды і пакаранні як самыя эфектыўныя метады выхавання народа, пры гэтым пакаранням адводзілася галоўная роля.
Аўтар паказвае, як пасля смерці цара Сяо Гуна, у якога Шан Ян быў галоўным саветнікам, ён ратуецца і накіроўваецца да новага ўладара, каб далей увасабляць у жыццё свае ідэі. Сустракаецца каля невялічкага вогнішча ў полі са смяртэльна хворым вандроўным вучоным Жун Лунам. Шан Ян выдае сябе за купца. Аднак Жун Лун здагадваецца, з кім размаўляе, бо склад думак і паводзіны выдаюць ягонага знаёмага.
Вандроўны вучоны выкрывае і асуджае трактат Шан Яна. Вось ён прыводзіць вытрымкі з ягоных палажэнняў: "Калі народ слабы - дзяржава моцная, калі дзяржава моцная - народ слабы. Таму аслабляй народ... Калі гасудар праводзіць палітыку, ненавісную народу, народ слабее". І потым пераканальна сцвярджае: "Няпраўда. Гэта часовая моц. Тады дзяржава моцная, калі моцны ўвесь люд, да апошняга чалавека. Іначай, калі моцны адзін цар ды купка ягоных сянаў, тады рана ці позна дзяржава грыміць дагары глінянымі нагамі. Калі вучоны і годны не знаходзіць месца - сорам кіраўніку. Калі на яго месцы падлюга - сорам правіцелю. Дай простаму народу тое, што ён жадае; пазбаў таго, што адвяргае, - іначай шчасце табе здрадзіць."
Шан Ян запальчыва пярэчыць, што вучэнне шмат у чым вернае, што павінен быць правіцель. Вандроўны вучоны адказвае, што без правіцеля нельга, "але і ён павінен быць чалавекам і не глядзець на падданага, як разбойнік на ахвяру, не бачыць ва ўсім зла", не павінен ён знішчаць мудрацоў, вучоных, паэтаў, мозг і сумленне краіны, цвет народны, а іншых, якія, "імкнучыся да славы, губляюць у сабе чалавека", разбэшчваць выгадамі.
Нельга, на яго думку, апраўдаць тыя сродкі, якія выкарыстаў Шан Ян для стварэння вялікай дзяржавы. Красамоўна гучаць словы вандроўнага вучонага: "Ён зрабіў гэта. Вялікую, страшную, магутную... бедную дзяржаву. Пудзіла ўсіх народаў, а перш за ўсё - свайго. Каменная пачвара, жалезнае пудзіла на гліняных нагах. Бо ногі - гэта народ. І калі-небудзь тыя ногі спатыкнуцца... Вось і прыйдзе час страшнага гневу". Глыбокі і прарочны сэнс закладзены ў гэтых словах.
Вучоны выкрывае ідэі Шан Яна. Кажа, што нашчадкі праклянуць яго. Праўда, будуць і такія мярзотнікі, якія возьмуць на ўзбраенне ягоны трактат. Але іх таксама пракляне народ. Сапраўды, нямала было ў гісторыі людской цывілізацыі тыранаў накшталт Чынгісхана, Івана Жахлівага, Гітлера ці Сталіна, хто цаной вялікай крыві і жорсткасці ствараў імперыі зла. Але прыходзіў час, і гэтыя імперыі рушыліся.
Сумным быў канец і ў Шан Яна. Ён ўбачыў крах сваёй ідэі. Неўзабаве ягоны вучань, які добра засвоіў урокі свайго настаўніка, выдаў яго. Новы правіцель таксама быў пароджаны той сістэмай ідэй. Ненавідзячы Шан Яна за свае ранейшыя прыніжэнні, ён загадвае кінуць таго пад баявыя калясніцы.
Пісьменнік асудзіў у гэтым творы войны, тыранію і дэспатызм, усё тое антыгуманнае, за што выступаў Шан Ян. Мастак паказаў Шан Яна як заканамерную ахвяру ягонай жа ўласнай тэорыі. У апавяданні "Вялікі Шан Ян" знайлші далейшае выяўленне праблемы, да якіх Уладзімір Караткевіч звяртаўся ў апавяданні "Маленькая балерына".
Свабодай формы, разнапланавасцю ў перадачы адносін паміж людзьмі, натуральнасцю выкарыстання калядных песень вызначаецца апавяданне "Калядная расподыя" (1973). Галоўны герой Мікола Ласевіч стаў неблагім інжынерам. Але яшчэ ў студэнцкія гады ён зразумеў, што памыліўся ў выбары прафесіі. Ягонае прызванне - музыка, народныя песні. І ён, выхадзец з палескай глыбінкі, што не змог у свой час атрымаць музычную адукацыю, бо "да бліжэйшага піяніна было дваццаць вёрст, а да бліжэйшай музычнай школы - каля трыццаці", каб хоць часткова кампенсаваць тое, дзеля чаго быў створаны, увесь свой вольны час аддаў збіранню палескіх народных песень. Сабраныя ім, "самадзейным кампазітарам", народныя песні былі выдадзены. Іх, а таксама ягоныя ўласныя песні спявалі, хвалілі. Напетыя ім у кампаніі, за келіхам віна, мелодыі "мэтры" ад музыкі выкарыстоўвалі ў сваіх творах. А Мікола адчуваў, што "песня была сапсутая надуманай, ненатуральнай і непатрэбнай апрацоўкай", суцяшаў сябе, што магло быць і горай.
У апавяданні "Калядная рапсодыя" пісьменнік заўважыў і паказаў трагедыю і нерэалізаванасць чалавечай асобы, вырванай з прызвычаенага ёй асяроддзя, закрануў праблему лёсу народнага мастацтва, раскрыў інтымныя перажыванні. Трапіўшы ў іншыя ўмовы, герой адчувае сябе непрыкаяным, страчвае каханую дзяўчыну, якая жыла ў роднай вёсцы. Толькі праз некаторы час змог духоўна акрыяць. Ён сустрэўся з іншай дзяўчынай, пазбавіў яе і сябе ад адзіноты, зразумеў, што няма вяртання назад.
Патрятызм, рамантычнае светаўспрыманне, вольны палёт фантазіі, адчуванне глыбіні, цырыні і багацця народнага жыцця сталі вызначальнымі рысамі творчасці Караткевіча. Ён пісаў страсна і зацікаўлена, па-свойму глядзеў на падзеі, звяртаўся не толькі да значных, істотных, але часам і да кур'ёзных момантаў айчыннай гісторыі. Напрыклад, у сатырычна-гумарыстычнай аповесці "Цыганскі кароль" (1958) закрануў факт існавання ў канцы ХVІІІ стагоддзя на Гродзеншчыне цыганскага "каралеўства".
Матэрыялы для аповесці ўзяў з нарыса Адама Кіркора "Народнасці Літоўскага Палесся і іхняе жыццё", змешчанага ў трэцім томе "Живописной России" за 1882 год, і напоўніў іх рэаліямі тагачаснага жыцця, смешнымі і гарэзлівымі, пацешнымі і трагічнымі, вясёлымі і сумнымі. Сакавітымі, у духу "фламандскай школы", фарбамі малюе стравы і гулянкі ў "палацы" Якуба Знамяроўскага, каларытна, у гумарыстычна-гратэскным плане, падае сцэны адной "з самых славутых войнаў, якія вёў кароль Якуб Першы".
Пісьменнік не толькі з'едліва характарызуе цыганскае "каралеўства", выкрывае недарэчную сістэму дзяржаўнага кіравання, але і разважае пра гістарычны лёс Беларусі, закранае істотныя пытанні сацыяльна-грамадскага быцця. Паказальныя ў дадзеным выпадку словы медыкуса: "Не краіна, а плод шалёнай фантазіі бога... Не грамада, а чалавечы статак. Вось прыпомні мае словы: яшчэ і новае стагоддзе не настане, а гэтая гнілая дзяржава знікне з зямлі... І хоць бы дзе агеньчык! Па ўсёй зямлі маўчыць хлоп". Медыкус - гэта alter ego аўтара. Ягоныя выказванні прасякнуты трывогай і болем за родны край, напоўнены шматзначным сэнсам: "На нашай зямлі дрэнна жывецца вучоным, асабліва калі яны беларусы", "мы - гной пад нагамі чужынцаў".
Медыкус асуджае рэнегацтва шляхты, лічыць, што кожны народ мае такі ўрад, якога сам варты. І разам з тым кажа пра веліч свайго народа, верыць у яго вызваленне, у яго духоўныя і стваральныя сілы.
Гістарычнай памяццю і патрыятычным зместам прасякнута аповесць "Сівая легенда" (1960), падзеі якой адбываюцца на Магілёўшчыне (галоўным чынам на Рагачоўшчыне ў кісцянёўскім замку, а ў канцы твора і ў самім Магілёве) у пачатку XVII стагоддзя, пасля Люблінскай (1569) і Брэсцкай (1596) уній, калі адбывалася паланізацыя беларускага насельніцтва.
Падзеі і галоўныя героі аповесці народжаны фантазіяй мастака. Выключэнне складае Леў Сапега, які, праўда, толькі эпізадычна прысутнічае ў канцы твора. Аднак аўтар здолеў перадаць атмасферу таго часу, калі частымі былі паўстанні сялян супраць феадальнага прыгнёту.
Адно з такіх паўстанняў узначаліў Раман Ракутовіч. За яго адмовіўся аддаць замуж сваю прыгонную дзяўчыну памесны феадал Кізгайла, бо тое захацела зрабіць ягоная жонка Любка, якая кахае Рамана. І тады Раман уздымае сялян на паўстанне. Не толькі асабістая крыўда прымусіла яго пайсці на гэта, але і пратэст супраць сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту. Патомны дваранін, ён у простым народзе ўбачыў высокія грамадзянскія і маральныя якасці: "Мужык - станавы хрыбет усяму", - гаворыць Ракутовіч. Вернасць народу азначае для яго вернасць роднай зямлі, Бацькаўшчыне.
Караткевіч з належнай мерай рамантычнай ідэалізацыі адлюстроўвае тагачасную рэчаіснасць, паказвае працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа, вызначае яго нацыянальны характар. Вывады і назіранні пра беларускі народ пісьменнік укладвае ў вусны швейцарца, наёмнага салдата Канрада Цхакена. Той захапляецца мужнасцю беларусаў, якія здолелі "адбіцца ад татар і сто год, абяскроўленыя, супраціўляліся Літве". Цхакен разважае: "Я не бачыў больш незласлівага, лагоднага і кампанейскага народа. І я не бачыў горшых паноў, чым тыя, што стаяць над ім". І далей зазначае: " Я не бачыў людзей больш ахайных, чым русіны... гэтыя людзі надта адчувальныя да абразы".
У аповесці дасканала пададзены батальныя сцэны штурму, абароны і захопу замка, яскрава намаляваны хваляванні віруючага натоўпу ў Магілёве. Закранута такая праблема, як падзел беларусаў на каталікаў і праваслаўных (Кізгайла і ягоная жонка Любка). Натуральна гучаць у творы вайсковыя каманды Цхакена пры мушкетнай стральбе яго падначаленых і словы з прашэння беларускага народа на сейм, прачытаныя Раманам. Аповесць насычана патрыятычнай сімволікай. Раман Пакутовіч выступае нібы герой народнага эпасу. У апісанні Рамана як вершніка на белым кані, апранутага ў барвяны плашч, са старадаўнім двухручным мячом у руцэ ўвасобіліся герб "Пагоня" і спалучэнне святых для беларускага пратрыятычнага сэрца белага і чырвонага колераў. І потым, калі паўстанне было разгромлена, на гэтай, як піша Караткевіч, "богам праклятай, лютай, грэшнай зямлі" ганьбаваліся і былі пакараны і сам вершнік, змагар і абаронца людзей, і ягоныя меч і шчыт, і ягоная каханая, якая ўспрымаецца як дзяўчына і як сімвал Беларусі.
Аповесць "Сівая ленеда" гучыць як пратэст супраць дэспатызму, жорсткасці і рэнегацтва, здрады радзіме. Асабліва трагічна паказана пакаранне Ракутавіча і яго каханай Ірыны. Юнаку адсеклі кісці рук, а дзяўчыну асляпілі. Але яны не здрадзілі свайму пачуццю. Нельга не далучыцца да заключных слоў, сказаных Цхакенам: "Божа, злітуйся над зямлёю, што нараджае такіх дзяцей". Так пранікнёна і балюча сказаць пра аслепленую і абязручаную Беларусь мог сапраўдны талент
У 1960 - 1962 гады быў створаны раман "Леаніды не вернуцца да Зямлі", які пад назвай "Нельга забыць" надрукаваны ў часопісе "Полымя" (1962, № 5 - 6). Планавалася выданне кнігі "Леаніды не вернуцца да Зямлі", куды павінны былі ўвайсці аднайменны раман і аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха". Аднак якраз тады ў Маскве пачаліся нападкі на мастакоў-абстракцыяністаў. Кампанія цкавання іншаверцаў перакінулася і ў Мінск. Караткевіча абвінавацілі ў абстрактным гуманізме і ў іншых грахах. У выніку восенню 1963 года набор кнігі быў рассыпаны. Асобнае кніжнае выданне рамана з'явілася на беларускай мове толькі ў 1982 годзе, праз дваццаць гадоў пасля першадруку. Заўважым, што ў 1975 годзе раман, перакладзены Вацлавам Жыдліцкім на чэшскую мову, быў выдадзены ў Празе.
Адкрываецца твор псіхалагічна насычаным і дынамічным пралогам, дзе пісьменнік, абапіраючыся на сямейнае паданне пра свайго родзіча, удзельніка паўстаўння 1863 года, апісвае той час, калі паўстанне ўжо затухала. Праўда, разрозненыя групы паўстанцаў яшчэ блукалі па лясах. Яны былі ўжо не такімі баяздольнымі, як раней, тым не менш пагроза для ўрадавых войскаў яшчэ існавала. Таму парог на Дняпры ахоўваўся ротай салдат. Тут, у бурлівую жнівеньскую ноч 1863 года, і разгортваюцца трагічныя падзеі.
Начальнікам заслона прызначаны Пора-Леановіч, капітан, беларус па паходжанні. У дапамогу яму прыслалі на кардон капітана Горава, рускага, карэннага масквіча. Гораў не падазраваў, што ён знаходзіцца тут для перасцярогі, бо Пора-Леановічу, як выхадцу з тутэйшых зямель, камандаванне не давярала. Але калі Гораў, увогуле сумленны чалавек, наіўна верыў у дабрачыннасць манарха і ў разумнасць існаваўшага ладу, то Пора-Леановіч - фігура трагічная, складаная і супярэчлівая. Усведамленне віны перад народам, якому ён здрадзіў, пякучы боль за зняважаную і прыгнечаную родную зямлю нараджалі ў яго пакалечанай душы гнеў і пагарду да сябе і да ўсяго свету. Вось чаму ў яго прызнаннях і выказваннях так многа з'едлівага сарказму, горкай іроніі і цынізму: "Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя. Здрада, атрута, данос, а пасля нож, бізун, турма... І не трэба соромецца... Галоўнае - стаць на той бок, які выйграе". Ён не мог да канца задушыць у сабе голас сумлення. Духоўна надломлены і спустошаны, па-ранейшаму працягваў іграць ролю чалавека, абыякавага да ўсякай маралі, да жыцця і людзей. Падпарадкоўваючыся статуту, Пора-Леановіч не перапраўляе праз бурлівую раку жонку кіраўніка аднаго з паўстанцкіх атрадаў Усяслава Грынкевіча, якая везла асуджанаму на смерць мужу памілаванне. Граф Мураўёў, які хацеў, каб яго лічылі высакародным, дае памілаванне мужу гэтай прыгожай жанчына, а сам пасылае фельд'егера з загадам хутчэй пакараць Грынкевіча, загадваючы пры гэтым Пора-Леановічу затрымаць на пераправе ягоную жонку.
Усяго гэтага не ведаў Юрый Гораў. Употай ад Пора-Леановіча на чаўне ён перапраўляе праз раку жанчыну. Але ўжо было позна. Усвядоміўшы тое, што здарылася, Гораў выклікае на дуэль Пора-Леановіча і забівае яго. Паміраючы, Пора-Леановіч прамаўляе: "Дзякуй вам... Дзякуй..." Перад самай смерцю ён зведаў хвіліны духоўнага ачышчэння і адначасова адчуў фатальную наканаванасць, непазбежнасць сваёй смерці.
Паром і жахлівая вераб'іная ноч былі, як піша пісьменнік, водападзелам жыцця Горава. Ён пайшоў у адстаўку.
Праз тры гады пасля гэтага здарэння Гораў вяртаўся з палявання. І раптам у начным небе з'явіліся тысячы знічак: адны знікалі, іх змянялі другія. Знікалі знічкі - Леаніды, знікаў халодны фосфарна-зялёны зорны дождж, які павінен падаць на Зямлю праз кожныя трыццаць тры гады. І вуснамі свайго героя аўтар гаворыць: "Так і мы гінем тысячамі, і невядома, ці з'явяцца нашы браты, ці з'явімся мы самі на зямлі яшчэ раз... Леаніды! Сэрца жадае вас". Леаніды не вярнуліся ў дзевяноста дзевятым годзе, напярэдадні ХХ стагоддзя, не вернуцца, пакуль ёсць на Зямлі войны, смерць, зло, боль і несправядлівасць.
Гэты пралог з'яўляецца нібы сувязным звяном паміж мінуўшчынай і сучаснасцю, паміж лёсам жонкі Грынкевіча і Горава і іх далёкіх нашчадкаў, Ірыны Горавай і Андрэя Грынкевіча, якія жылі амаль што праз сто гадоў пасля таго здарэння на пароме. Знічкі хоць і знікаюць, але ў бясконцай галактыцы доўга мігціць яшчэ іхняе святло, якое ўвасабляе неабходнасць абнаўлення жыцця, яно бясконцасць, прыгажосць і драматызм. Чалавек як знічка. Ён знікае, але і пасля смерці для нашчадкаў свеціць святлом сваіх спраў.
Асноўныя падзеі рамана "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць") разгортваюцца ў 50-я гады, пераважна ў Маскве. Андрэй Грынкевіч, малады беларускі паэт і сцэнарыст, прыязджае ў Маскву на вучобу. Ён ужо мае за плячыма суровыя гады вайны, нялёгкае пасляваеннае жыццё. А потым прыйшло да Андрэя вялікае каханне. Але дзяўчына, з якой ён збіраецца ажаніцца, гіне ў аўтамабілнай катастрофе. Гэта трагічная падзея наклала прыкметны адбітак на далейшы лёс героя: "Ён як быццам застыў у сваім шчасці і горы". Ішлі гады... "З чужога погляду ён жыў гэтыя дзесяць год звычайным жыццём звычайнага чалавека. Вучыўся, скончыў універсітэт, працаваў, пісаў вершы, дабіўся некаторых поспехаў". І хоць потым у Андрэя былі дзяўчаты, хоць многім ён падабаўся і некаторыя падабаліся яму, яго мучыў успамін, і ён па-ранейшаму заставаўся адзін. Але сэрца прагнула жаночай ласкі і цеплыні. Шчодрае і добрае, яно само магло сагрэць іншыя душы.
І вось на жыццёвым шляху Андрэя стаў "яшчэ адзін добры і разумны, відаць, гарманічны чалавек" - Ірына Горава, выкладчыца гісторыі мастацтва ў той творчай установе, дзе вучыўся Андрэй. Яны пакахалі адно аднаго. Але ў Ірыны сваё мінулае - у вайну страціла каханага. Старэйшая за Андрэя, яна была замужам. Пісьменнік праўдзіва раскрыў складаную і супярэчлівую гаму пачуццяў закаханых, стварыў непаўторныя вобразы, па-майстэрску паказаў каханне двух духоўна прыгожых людзей.
Што ж аб'яднала і зблізіла Андрэя і Ірыну? Хутчэй за ўсё - блізкасць і роднаснасць душ. Муж Ірыны далікатны, разумны, уважлівы да яе. Але ў іх няма ўзаемаразумення. Ірына ўпотай, не прызнаючыся нават сабе ў гэтым, прымірылася з такім існаваннем.
Андрэя і Ірыну аб'ядналі не толькі духоўная блізкаць, агульнасць інтарэсаў (шчырае і моцнае захапленне жывапісам) і падабенства лёсу (абодва страцілі блізкіх людзей), але і тая крыху рамантычная і незвычайная сустрэча іх прабабкі і прадзеда ў далёкую бурлівую ноч 1863 года.
Андрэй сустрэўся з мужам Ірыны. І на пытанне, што ён, Андрэй, можа даць ёй, адказвае: "Але і зараз... і да канца дзён я дам ёй самае патрэбнае: цеплыню... Відаць, няма ў вас нечага даравальнага і добрага. Таму яна і пацягнулася да мяне". Сваёй дабратой і душэўнай цеплынёй Андрэй абудзіў у Ірыне каханне, вярнуў ёй сілы і веру ў прыгажосць жыцця. Ірыне з ім лёгка і добра. Пасля сустрэчы з Андрэем ёй "раптам вельмі захацелася жыць". Сябар Андрэя Яніс Вайвадс кажа Ірыне: "Кахайце яго, Ірына. Вам пашанцавала. Ён вялікі ў каханні чалавек". Каханне да Ірыны абудзіла і Андрэя, зрабіла яго жыццё паўнакроўным, насычаным і духоўна багатым.
Праз Андрэя Грынкевіча і іншых герояў рамана Караткевіч імкнуўся заглыбіцца ва ўнутраны свет чалавека, перадаць ягоныя душэўныя парывы, моцныя сардэчныя страсці. У хвіліны найвышэйшага ўзрушэння героя аўтар уводзіць у твор вершаваныя тэксты. Напрыклад, велічна, трагічна і ўрачыста гучыць у фінале твора легенда пра Рагнарадзі.
Раман Уладзіміра Караткевіча "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць") узнік на хвалі тых перамен, якія адбыліся ў грамадска-палітычным і культурным жыцці нашай краіны пасля выкрыцця культу асобы Сталіна. Як і многія беларускія пісьменнікі, Караткевіч імкнуўся па-новаму асэнсаваць падзеі мінулай вайны і тагачасную рэчаіснасць. Ён закрануў пытанні маральна-этычнага і духоўнага плана, паказаў, які адбітак наклала вайна на душы і характары людзей. Нельга забыць трагічныя і гераічныя дні мінулай вайны, суровым і балючым успамінам яна адклікаецца ў душах людзей.
Апавядаючы пра дзяцінства Андрэя, пісьменнік стварае цікавыя малюнкі партызанскага жыцця і савецкага тылу. Ірына расказвае пра абарону апалчэнцамі Масквы: вораг быў спынены, але загінуў яе каханы, а сама яна была цяжка паранена. І цяпер сядзіць асколак каля сэрца. Вайна патаемна прысутнічае ў жыцці Андрэевага дзядзькі з Сухадола і старога хірурга Глінскага, які ў вайну быў урачом медсанбата і страціў на вайне жонку. Прафесар Глінскі робіць аперацыю Ірыне. Шчырае і моцнае каханне Андрэя абудзіла ў ёй прагу да жыцця, яна згаджаецца на аперацыю. Праз некаторы час пасля аперацыі Ірына памірае.
Адчуўшы невымерную горыч страты, Андрэй праклінае ўсіх тых, па чыёй віне ўзнікла вайна. Нельга забыць вайну і ўсё тое, што яна прынесла чалавецтву. Нельга забыць таксама падзеі 1863 года і людзей, якія загінулі за высакародныя ідэі. Гэтыя людзі былі прыгожымі і ў гераізме, і ў каханні. Нельга забыць і тое, што чалавеку патрэбны дабрата і душэўная цеплыня. Яны выратоўваюць яго, надаюць яму сілы і загартоўваюць волю, робяць жыццё прыгожым. Нельга забыць і той сустрэчы продкаў Ірыны і Андрэя, нельга забыць, што ўсё ў жыцці ўзаемазвязана і ад кожнага залежыць многае. І калі памірае чалавек, то з ім памірае цэлы свет.
"Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць") - раман сацыяльна-псіхалагічны. Галоўнаму герою твора Андрэю Грынкевічу, выхаванаму ва ўмовах грамадскага ўздыму, уласціва абвостранае пачуццё справядлівасці і дабра. Ён абураецца, "што ў курсавых сакратарах не Янка ходзіць, добры, разумны і, галоўнае, чысты, а нейкі Каўтуновіч, палена, палена няструганае, баязлівец і падхалім... ён гучныя словы гаворыць, а я ведаю: словы гэтыя хлусня і здзек". Неадабральна думае пра Стаўрова, прэтэнцыёзнага невука, і Ліпскага, дробную дрэнь. Сытыя і самазадаволеныя, абыякавыя да зямлі і людзей, яны могуць апаганіць любую светлую ідэю. Андрэй не згаджаецца з прафесарам Кальцовым, які "граміў Аксінню з "Ціхага Дона", пратэстуе супраць Пружыніна, які ў свавіх лекцыях рабіў "першым героем рускай гісторыі апрычніка".
Пісьменнік заклікае паважаць, цаніць і любіць тых людзей, якія робяць жыццё прыгожым і змястоўным, адчуваюць веліч і радасць жыцця, змагаюцца за яго. У гэтым гуманізм і пафас рамана.
Аленка Століч кажа Андрэю: "Памятаеш, у цара Саламона на пярсцёнку быў надпіс: "Усё праходзіць". Адам Міцкевіч у адным з вершаў пісаў: "Усё праходзіць, толькі не праходзяць слёзы мае". Як бы далей развіваючы сэнс гэтых выслоўяў, Караткевіч сцвярджае, што нішто не знікае з чалавечай памяці, тым больш калі яно вялікае і незвычайнае - ці то каханне, ці то гістарычныя падзеі. А яны ў творах пісьменніка вялікія, значныя і незвычайныя.
Андрэй Грынкевіч - натура дзейсная і высакародная. У размове з ім маці сцвярджае, што да мужнасці трэба ісці праз ахвяры, часта - праз смерць. На працягу ўсяго твора ён застаецца верным гэтаму прынцыпу. І асновы чалавечага характару, закладзеныя ў дзяцінстве, сталі для яго вызначальнымі і непарушнымі на ўсё жыццё. Выхаваны ў сям'і патомных інтэлігентаў, дзе існавала глыбокая пашана да гісторыі свайго народа, да эстэтычных, маральна-этычных і духоўных набыткаў чалавецтва, Андрэй пачуў ад маці легенду пра чэшскага вучонага Ганку. Яна расказала дзеля таго, каб ён ведаў, чаго іншы раз бывае варты нават і адзін чалавек: "Гэта быў час, калі чэхі пасля шматвяковага нямецкага панавання пачалі абуджацца. Яны захацелі мець сваю культуру, свае кнігі і музыку. А немцы сказалі ім, што нічога такога ў іх не было, а таму і ў будучым не можа быць... Вядома, было. Але за многія стагоддзі ўладары спалілі амаль усе іхнія кнігі. А тыя, што зберагліся, трэба было шукаць. Магчыма, нават гады. А шукаць не было часу. Год ці два вырашалі пытанне аб тым, жыць народу ці не... Калі чалавек вельмі хоча, - забываецца ўсё: дружба, каханне, рух зняволеных... Так і ён знайшоў спачатку адзін вельмі старажытны рукапіс, а потым і другі. І гэта былі кнігі такой паэтычнай сілы, што ўся Чэхія ажыла духам. Яны адкрылі сваю кнігу, такую паэтычную і такую старажытную... Паэты пачалі пісаць вершы, музыкі - ствараць сваю музыку, вучоныя - шукаць другія старажытныя кнігі. І выявілася, што варта было ўзяцца за справу ўсім - і адразу знойдуцца сотні і тысячы прыгожых старых кніг. І галасы фальшывых вучоных змоўклі. І Чэхія стала Чэхіяй". І хоць рукапісы былі геніяльнай па таленце і паэзіі падробкай, але Ганка пайшоў на гэта, бо "ведаў, як цяжка - часта проста немагчыма - абудзіць народ, калі ён засне...".
Раман мае аўтабіяграфічную аснову. Шмат чаго ад аўтара, ягонай біяграфіі, светаўспрымання, адносін да жыцця і людзей увасобілася ў Андрэю Грынкевічу. Прататыпам Ірыны Горавай магла стаць Ніна Міхайлаўна Молева, выкладчыца Вышэйшых літаратурных курсаў, якой, як згадвалася раней, Уладзімір Караткевіч прасвяціў некаторыя свае вершы са зборніка "Вячэрнія ветразі", а Яніса Вайвадса - латышскі паэт і сябар Караткевіча, аднакурснік па Вышэйшых літаратурных курсах Еранім Стулпан. У навучальнай установе, дзе вучыўся галоўны герой, пазнаюцца Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, у Востраве - родная пісьменніку Орша, у Сухадоле - Рагачоў, дзе часта ён гасцяваў у дзядзькі Ігара Васілевіча Грынкевіча і дзе напісаў многія творы. Аднак і персанажы твора, і мясціны, якія апісваў пісьменнік, пад уздзеяннем ягонай фантазіі набывалі сваё, самастойнае мастацкае жыццё. Вось чаму і сам аўтар на пачатку-рамана палічыў патрэбным зазначыць: "Усе імёны і падзеі ў гэтым рамане - выдуманыя. Усякае падабенства з рэальна існуючымі людзьмі з'яўляецца выпадковым".
Раман "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць") - першы буйны твор Уладзіміра Караткевіча. У ім пісьменнік хацеў чым шырэй ахапіць жыццё. Аднак гэта часам прыводзіла да непрадуманага выкарыстання фактычнага матэрыялу. Таму ў асобных выпадках сустракаюцца меладраматызм і залітаратуранасць: "Мокры ліст вяргіні зноў з ліслівай абыякавасцю пагладзіў яму шчаку", "Дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне", "яму (Андрэю - А.В.) стала здавацца, што нават руды конь, які скуб непадалёку сухую, забітую зазімкам траву, зразумеў яго і мае ласку глядзець на яго паводзіны з сарказмам і іроніяй", "Сабака паклаў яму на калена галаву, - і гэта была таксама захапляючая радасць". Так, нават пры пэўнай экзальтаванасці і рамантычнай прыўзнятасці вобраза галоўнага героя дысанансам гучыць ягонае прызнанне каханай жанчыне: "Вы прыгожа ясцё... Людзі рэдка прыгожа ядуць. Нават унутрана інтэлігентныя нагадваюць у гэты час то малпу з яблыкам, то тыгра над косткаю".
Па недаглядзе аўтар іншы раз дапускае супярэчнасці ў дэталях. Напрыклад, у пралогу ён піша: "Гораў быў паранены ў левую руку", "Гораў паспешліва згроб разам з абрусам рэшткі вячэры і выпіўкі. Адной рукой. Правая вісела на перавязі. Яна зусім загаілася". У час двубою Пора-Леановіч папярэджвае, што ён будзе трымаць зброю ў левай руцэ, бо ў Горава "правая не ў парадку". Такім чынам, Гораў быў паранены хутчэй за ўсё ў правую руку.
Праўда, і прыведзеныя вышэй прыклады выяўляюць у нечым спецыфічна каткевічаўскую манеру пісьма, тое, пра што дакладна сказала Ірына Горава Андрэю Грынкевічу: "Вы такі, што павінны пісаць аб тым, што вось-вось зашчымела і павярнула ў душы, не дбаючы аб стылі, а дбаючы аб тым, каб слова найбольш дакладна выражала тое, што адчуваеш".
Яны з'яўляюцца заканамерным працягам шматлікіх вартасцей твора. Аўтару, як і галоўнаму герою на ўздыме натхнення, "усё ўдавалася: слова адразу ставала на месца - абцугам не выцягнеш". Раман прываблівае і чаруе яркімі вобразамі, дакладнымі пейзажнымі замалёўкамі, майстэрствам у перадачы духоўнага стану герояў, іх глыбокіх разважанняў пра мастацтва.
Напрыклад, псіхалагічна насычаным, эмацыянальным і пластычным пададзена апісанне пачатку буры ў пралогу: "За акном раптам сцямнела. Шалёная віхура праляцела дваром, задзёрла шынель на галаву вартавому, схіліла на страху стайні чорную вольху, і тая затрапятала, сагнуўшыся ў дугу".
Абвостраныя і балючыя пачуцці авалодалі Горавым напрэдадні двубою. Яму здалося, што кнігаўка не проста трывожна крычала "пі-іць, пі-ць", а ў смяротнай скрусе плакала "жы-ыць, жы-ыць". Ён "з жахлівай выразнасцю, як ніколі ў жыцці", убачыў, што "мокрыя травы пакідалі на ботах бледна-зялёныя сцяблінкі і пялёсткі перастаялых кветак". Перад тым як націснуць курок пісталета, ён удыхнуў гаркаватае паветра. Ёмістая, мяляўнічая, зладжаная і насычаная мова пралога, які можа існаваць як асобны твор, апавяданне "Паром на бурнай рацэ", і як арганічная частка рамана.
Лепшыя старонкі твора напісаны добрай прозай. Андрэй Грынкевіч як натура інтэлектуальна і духоўна багатая вызначаецца вытанчанасцю ўспрымання рэчаіснасці і мастацтва, культурай пачуцця. Ён прыносіць не толькі радасць і цеплыню блізкім яму людзям, але, інтуітыўна адчуваючы думкі і пачуцці Ірыны Горавай, здольны ў цяжкія для яе хвіліны пакутаваць і перажываць разам з ёю, а ў крытычныя сітуацыі прыходзіць ёй на дапамогу.
У сюжэтна-кампазіцыйных адносінах гэты раман мае падабенства з "Паўночнай аповесцю" Канстанціна Паўстоўскага. У Караткевіча, як і ў ягонага папярэдніка, праз сто гадоў сустракаюцца нашчадкі ўдзельнікаў трагічных падзей, і жыццё іх дзівосным чынам пераплятаецца. Аднак, беручы ў Паўстоўскага тое, што яму было блізкім, Караткевіч пайшоў сваім шляхам. Думаецца, яму імпанавалі думкі рускага пісьменніка пра тое, што "рамантычная настроенасць не дазваляе чалавеку быць хлуслівым, цёмным, баязлівым і жорсткім"3, што ў рамантыцы заключаецца высакародная сіла. Якраз у "Паўночнай аповесці", а таксама ў іншых творах Паўстоўскі эмацыянальна апавядаў пра подзвіг, вернае каханне, высакароднасць. Гэта не магло не прывабіць Караткевіча, які глыбока паважаў Паўстоўскага, любіў ягоную творчасць і, абапіраючыся на яе, прыносіў у беларускую літаратуру тое, што мелі ўжо іншыя літаратуры.
У рамане, пры ўсёй ягонай шматпланавасці, пісьменнік засяродзіў увагу пераважна на духоўных пошуках творчай інтэлігенцыі, на каханні Андрэя Грынкевіча і Ірыны Горавай. Таму, думаецца, беспадстаўна В.Чалмаеў і Я.Герцовіч сцвярджалі, што ягоныя героі адарваныя ад жыцця, што жывуць яны эгаістычнымі і меркантыльнымі інтарэсамі ("Дружба народов", 1962, № 9; "Звязда", 22 лістапада 1962 г.). І нельга не пагадзіцца з Адамам Мальдзісам, які прыхільна сустрэў часопісную публікацыю рамана, сказаў пра плённае выкарыстанне пісьменнікам кніжных традыцый, пра інтэлектуалізм рамана і пра духоўную прыгажосць караткевічаўскіх герояў ("Літаратура і мастацтва", 17 ліпеня 1962 г.). Станоўча ацэньваўся твор таксама іншымі даследчыкамі. Напрыклад, Міхась Тычына, рэцэнзуючы першае кніжнае выданне рамана на беларускай мове, падкрэсліў, што твор вытрымаў выпрабаванне часам, а галоўны герой "паказаў сябе вартым кахання, выявіў і сцвердзіў у сабе чалавечае, высокае, духоўнае, вечнае" ("Полымя", 1983, № 11).
У рамане "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць") Уладзімір Караткевіч звярнуўся да паўстання 1863 - 1864 гадоў, прадмета сваёй пільнай і пастаянай увагі. Твор быў надрукаваны напярэдадні юбілею паўстання.
Цэтральнае месці ў творчасці пісьменніка займае раман "Каласы пад сярпом тваім". У ім створана шырокая панарама народнага жыцця, перададзена грамадская атмасфера напярэдадні паўстання 1863 - 1864 гадоў у Беларусі і Літве пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Асноўныя падзеі рамана адбываюцца ў 1850 - 1861 гадах. Аднак пісьменнік, ствараючы хроніку родаў Загорскіх і Кагутоў, прыводзячы ўласныя разважанні і выказванні герояў пра свой народ, пра з'явы і факты далёкай мінуўшчыны, ахопліваў у ім падзеі амаль цэлага стагоддзя і ўвогуле асэнсоўваў лёс Беларусі ў кантэксце гісторыі.
Маючы на ўвазе гэты твор, Васіль Быкаў слушна зазначыў, што "такой шырыні ахопу пэўнай гістарычнай эпохі і такога паэтычнага пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе"4.
Уладзімір Караткевіч звярнуўся ў рамане да аднаго з крытычных момантаў у гісторыі беларускага народа. Ён узнік у той жа час, што і раманы Івана Мележа "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы". Гэтыя творы былі народжаны патрэбамі самога жыцця, глыбокай унутранай патрэбай абодвух мастакоў раскрыць у буйных эпічных формах нацыянальны характар і душу свайго народа.
Уладзімір Караткевіч выяўляў асаблівую цікавасць да паўстання 1863 - 1864 гадоў, аб чым сведчаць ягоныя апавяданні "Паляшук", "Сіняя-сіняя", эпілог аповесці "Перадгісторыя", пралог рамана "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць"), драмы "Кастусь Каліноўскі", "Калыска чатырох чараўніц", многія вершы і публіцыстычныя артыкулы.
Выключная ўвага мастака да падзей таго часу абумоўлена іх значнасцю ў гісторыі Беларусі, а таксама тым, што ў сям'і пісьменніка захавалася памяць пра родзіча, аднаго з кіраўнікоў паўстанцамі на Магілёўшчыне Тамаша Грыневіча, які быў расстраляны ў Рагачове. Гэты факт пакладзены ў аснову эпілога аповесці "Перадгісторыя" і пралога рамана "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць").
Задума напісаць твор пра паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ўзнікла ў Караткевіча на пачатку 50-х гадоў. Так, у аўтабіяграфіі "Дарога, якую прайшоў", напісанай у снежні 1964 года і змешчанай у кнізе аўтабіяграфій беларускіх пісьменнікаў "Пра час і пра сябе" (1966), ён зазначыў: "Пасля заканчэння універсітэта я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з'явілася задумка аб рамане на тую самую тэму. Да рэалізацыі яе, праўда, я прыступіў толькі праз дванаццаць год. Над гэтым раманам - "Каласы пад сярпом тваім" - працую і зараз". Паказальныя таксама і радкі з рамана: "Я пачаў гэтую кнігу два гады назад. За спіною былі дванаццаць год жыцця ёю, думак аб ёй, ненапісанай. Былі ўспаміны людзей, кнігі зачытаныя і кнігі, да якіх на працягу амаль стагоддзя не дакраналася нічыя рука, акрамя маёй. Я трымаў у руках халодную сталь інсургенцкіх кордаў і канфірмацыі расстрэлаў, якія, здавалася, сачыліся крывёй".
У адной з запісных кніжак пісьменнік зазначыў, што пачатак рамана прыйшоў у галаву 7 жніўня 1959 года ля Азярышча на Рагачоўшчыне, дзе на стромкім адхоне высокага правага берага Дняпра ён убачыў грушу.
Рукапіс рамана, які захоўваецца ў 43-й папцы хатняга архіва пісьменніка, мае памету: "Пачаў па-сапр. [аўднаму] 27 красавіка 62 г. Пятніца перад вялікаднем". У канцы рукапісу ёсць памета: "Канец першай кнігі. 18 мая 1964 г. 23.47". Раман ствараўся ў Рагачове, куды да дзядзькі Ігара Васілевіча Грынкевіча часта прыязджаў пісьменнік, у дамах творчасці "Каралішчавічы" і "Кактэбель", у Чалябінску, дзе жыла з сям'ёй старэйшая сястра Наталля Сымонаўна Кучкоўская, і ў Мінску.
Сярод накідаў да рамана, што захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі (ф. 11, воп. 1, адз. зах. 31) ёсць план будучага рамана, які падзелены на наступныя часткі:
Частка І. Усход (Сяйва дня).
Частка ІІ. Брань.
Частка ІІІ. Вараннё (Галгофа).
Зыходзячы з гэтага плана, можна меркаваць, што Уладзімір Караткевіч думаў напісаць раман, у першай частцы (кнізе) якога хацеў паказаць пярэдадзень паўстання, у другой - само паўстанне, у трэцяй - яго разгром і, відаць, вынікі. У далейшым была напісана першая кніга пад назвай "Выйсце крыніц". Сярод рукапісных матэрыялаў пісьменніка (74-я і 71-я папкі хатняга архіва) сустракаюцца іншыя назвы: другой кнігі - "Страта", трэцяй - "Груганнё".
Такім чынам, Уладзімір Караткевіч, паводле пачатковай задумы, завяршыў толькі першую кнігу пра паўстанне 1863 - 1864 гадоў, што пацвярджае і першадрук ("Полымя", 1965, № 2 - 6), у канцы якога пазначана: "Канец першай кнігі". Для кніжнага выдання 1986 года першую кнігу быў вымушаны, аб чым сцвярджаў у інтэрв'ю Адаму Мальдзісу ("Літаратура і мастацтва", 21 ліпеня 1967 г.), падзяліць на дзве кнігі. І такі падзел захаваўся потым як у выданнях рамана на рускай мове ў перакладзе Валянціны Шчадрыной (М., 1974; Мн., 1977; М., 1979), так і ў беларускім выданні 1981 года.
Раман прыхільна сустрэлі крытыка і чытачы. Прафесійную і добразычлівую рэцэнзію "Праўда мастацкая і праўда гісторыі" на часопісную публікацыю твора напісаў Адам Мальдзіс ("Літаратура і мастацтва", 6 жніўня 1965 г.). На першае кніжнае выданне з'явіліся рэцэнзіі "Каласы пад сярпом тваім" Святланы Клімковіч ("Голас Радзімы", 1969, № 32), "Трагедыя і слава" Серафіма Андраюка ("Маладосць", 1969, № 11), "Шматгранны гістарычны раман" Генадзя Кісялёва ("Полымя", 1969, № 12), на першае кніжнае выданне на рускай мове "Каласы паспелі для жніва" Міколы Ермаловіча ("Неман", 1975, № 10), дзе высока ацэньваўся твор. Было і адмоўнае стаўленне да рамана. Напрыклад, сацыялагічнай зададзенасцю і дагматызмам вызначалася рэцэнзія "Лёсы чалавечыя і лёсы народныя" Якава Герцовіча ("Советская Белоруссия", 9 верасня 1965 г.), у якой аўтар адгукнуўся на часопісныя публікацыі аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" ("Маладосць", 1964, № 9 - 12) і рамана "Каласы пад сярпом тваім".
Былі значныя цяжкасці і з яго выданнем. Так, 22 лютага 1967 года адбылося аб'яднанае пасяджэнне сакратарыята, секцыі прозы і крытыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе разглядаўся раман "Каласы пад сярпом тваім", бо ў выдавецтве ўзніклі сур'ёзныя прэтэнзіі да гэтаг твора. Старшынстваваў на пасяджэнні Іван Мележ. На ім выступілі Мікола Лобан, Генадзь Кісялёў, Алесь Адамовіч, Янка Скрыган, Вячаслаў Адамчык, Іван Навуменка, Алесь Асіпенка, Адам Мальдзіс, Ніл Гілевіч, Янка Брыль, а таксама сам аўтар. Выдавецтва прадстаўляў Леў Салавей, які ў асноўным абапіраўся на палажэнні выдавецкай рэцэнзіі Максіма Лужаніна (стэнаграма пасяджэння захоўваецца ў 42-й папцы хатняга архіва пісьменніка).
Выступоўцы зазначалі, што твор з'яўляецца значнай падзеяй беларускай літаратуры. На думку Генадзя Кісялёва, пісьменнік дасканала перадаў у ім усю складанасць сацыяльных і нацыянальных супярэчнасцей адлюстроўваемай эпохі, выявіў добрае веданне дакументальных гістарычных матэрыялаў, выкарыстаў мастацкую інтуіцыю. Адам Мальдзіс сцвярджаў, што пісьменнік праўдзіва ўзнавіў у рамане дух таго часу, па-новаму глянуў на ролю шляхты і сялян у будучым паўстанні. Алесь Адамовіч заўважыў, што "з'явіўся ў Беларусі чалавек, які заняўся сур'ёзна тым, што зрабілі ў Англіі Вальтэр Скот, у Расіі Лажэчнікаў і Загоскін. Караткевіч - гэта пісьменнік, які запаўняе прорву паміж дзіцячай, нават маладзёжнай аўдыторыяй, і літаратурай дарослых". Янка Брыль адзначыў, "што гэтай кнігай будзе прыпаднесены ўрок, як трэба любіць народ, як трэба разбірацца ў сваёй гісторыі, як аслабаняцца ад зусім непатрэбнага комплексу ніжэйшасці, які ўбіваўся нам на працягу стагоддзяў усімі прыгнятальнікамі".
У выступленнях адзначалася таксама схільнасць пісьменніка да ідэалізацыі сваіх любімых герояў, выказваліся думкі, што пры падрыхтоўцы рамана да друку трэба пераадолець прыгоствы і манернасць, якія часам сустракаюцца ў ім, рабіліся іншыя заўвагі.
Уладзімір Караткевіч у выступленні зазначыў, што ён будзе прынцыпова адстойваць сваю канцэпцыю пра характар і рухаючыя сілы паўстання і свае ўяўленні пра той час. На пасяджэнні раман быў рэкамендаваны да друку.
Потым, пасля заўваг рэцэнзента і выдавецкага рэдактара, пісьменнік пачаў рыхтаваць твор да друку. Дапамагаў яму ў гэтай справе Адам Мальдзіс. Ён у сваёй кнізе пра Караткевіча згадвае, што Рыгор Барадулін, каб выратаваць раман, прапанаваў правесці праз друк думку пра сур'ёзную пераробку гэтага твора. Адам Мальдзіс неўзабаве падрыхтаваў інтэрв'ю з Уладзімірам Караткевічам ("Літаратура і мастацтва", 21 ліпеня 1967г.), у якім пісьменнік сказаў: "У параўнанні з тым варыянтам, які друкаваўся ў "Полымі", у рукапіс унесены вялікія змены. Прыйшлося пагадзіцца з некаторымі заўвагамі. Вядома, не з усімі. Сёй-той з рэцэнзентаў хацеў, каб у цэнтры рамана аб паўстанні 1863 года я паставіў не князя Алеся Загорскага і яго сяброў, а селяніна, накшталт Корчака. Але ж гэта супярэчыла б гістарычнай праўдзе. З новых прац рускіх, беларускіх і польскіх гісторыкаў - для прыкладу назаву прозвішчы Смірнова, Кісялёва, Кяневіча - бачна, што рухаючай сілай паўстання ў Беларусі была якраз шляхта. Не мог я згадзіцца і з тымі заўвагамі, дзе мне прапанавалася "абяліць" некаторых прыгоннікаў, накшталт Кроера, зрабіць іх менш жорсткімі".
Як ставіўся Караткевіч да варыянта рамана ў дапрацаваным выглядзе? Так, на вокладцы 44-й папкі, якая захоўваецца ў хатнім архіве пісьменніка і ў якой змешчаны машынапіс першай кнігі рамана, ягонай рукою напісана: "Яшчэ адзін экземпляр дзеля друку кнігі Частка 2 Вельмі нязгодны з сапраўдным тэкстам".
Хоць дзеянне першай кнігі рамана завяршаецца апісаннем адмены прыгону і расстрэлам дэманстрантаў у Варшаве, тым не менш аўтар здолеў вызначыць прычыны, якія выклікалі паўстанне, і яго асаблівасці. Пісьменнік паказаў, што паўстанне 1863 - 1864 гадоў было шляхецкім і сялянскім, што яно мела нацыянальна-вызваленчы і сацыяльны характар. Змову асобна рыхтуе дваранін Яраслаў Раўбіч, і асобна гуртуюцца "лясныя людзі" вакол стыхійнага бунтара Корчака. Гэтыя два кірункі, шляхецкі і сялянскі, часта не зліваліся ў адзін. Аб чым, напрыклад, сведчыць напад Корчака са сваімі людзьмі на маёнтак Раўбіча. Пан Яраш усведамляе трагічную недарэчнасць сітуацыі, у якую ён трапіў, бо людзі Корчака хочуць яго забіць: "Як па-дурному канчаецца жыццё. Усе гады пакутаваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання. І раптам нічога не ўбачыць, загінуць. Ад рук нейкай наброднай банды, якая рушыла сюды, бо ён не сцярогся. Сюды, а не на сапраўдных цмокаў". Бывалі нават выпадкі, калі сяляне, уведзеныя ў зман царскай прапагандай, выдавалі паўстанцаў. Такі выпадак апісаў Караткевіч у драме "Кастусь Каліноўскі".
Неабходнацць аб'яднання шляхецка-рэвалюцыйнага і сялянскага руху добра ўсведамляюць Кастусь Каліноўскі і Алесь Загорскі. Пасля сутычкі сялян з урадавым войскам у Гарыпяцічах паміж Алесем і Корчакам адбываецца наступны дыялог:
"- Бачыш, - сказаў Алесь. - А я хачу, каб ты жыў.
- Дзеля чаго?
- Дзеля сапраўднай волі.
- Не будзе яе!
- Яна будзе, - у Алеся дрыжалі бровы. - Падумай, Корчак. Мы іншыя, Корчак".
Гэты дыялог сведчыць аб класавай расстаноўцы сіл напярэдадні паўстання. Пасля такой гутаркі Алесь "бачыў у гэтым мужыку вялікую чысціню нянавісці... Харошы мужык!.. Нічога, з Корчакам яны яшчэ сустрэнуцца. Ён, Алесь, зробіць усё, каб той быў таварышам яму. У іх адна справа".
Сімвалічная і шматзначная назва кнігі. Біблейскаму вобразу каласоў пад сярпом аўтар надаў канкрэтны гуманістычны сэнс. Бацька Алеся Загорскага, паказаўшы яму камень на паганскім капішчы іх далёкіх продкаў, на якім былі выбіты каласы, гаворыць: "Хто будзе жаць - аб гэтым маўчаць гады і маўчаць стагоддзі. Ніхто яшчэ не дадумаўся, бо той, хто іх выбіраў, памёр і не скажа..."
Неабходнасць сацыяльных перамен усведамляў і стары Вежа-Загорскі: "Але людзям трэба ісці. Каб жыць... Асабліва тым, што змагаюцца самі і кідаюць зерне, што даюць яму расці, што змагаюцца за каласы - іначай нівы заглушыла б пустазелле... Што зробіш, трава лепей адрастае, калі яе косяць". Алесь прыходзіць да высновы аб недасканаласці існуючага ладу, аб неабходнасці паўстання. Пасля прыняцця царскім урадам маніфеста аб скасаванні прыгону ён, вельмі ўзрушаны, думае: "Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. Ну што ж, калі твая "неабходнасць" не можа даць ім палёгкі, і волі, і шчасця - тым лепей. Тады па сваёй "неабходнасці" яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь. Гэта будзе скора. Нядоўга чакаць".
Першая кніга рамана напоўнена прадчуваннем гэтага паўстання. Алесь думае пра яго набліжэнне: "Бунт ідзе... Ідзе паўстанне... Ідзе рэвалюцыя, выбух шалёнага гневу і ярасці. Няўмольны пажар ад Гродні да Дняпра. Яго не можа не быць, такое зрабілі з людзьмі... Ідзе воля да майго народа і ўсіх народаў..."
Сімвалічным і чаканым для сялян, якія прыйшлі ў Гарыпяціцкую царкву па царскі маніфест, з'явіўся таксама ў ранішнім паўзмроку прывід конніка. Ён паслужыў сігналам для сутычкі з урадавым войскам. А коннікам гэтым быў Алесь Загорскі. Зазначым, што Караткевіч выказваў у сваёй творчасці асаблівую прыхільнасць да вобраза конніка.
Раман "Каласы пад сярпом тваім" - твор шматпланавы і маштабны. Падзеі адбываюцца ў ім пераважна на Магілёўшчыне і ў іншых месцах Беларусі, а таксама ў Пецярбурзе, Маскве, Варшаве, Вільні - у сялянскім