"...ТОЛЬКІ Б ВЕЧНАЕ ШЧАСЦЕ КАХАНАЙ СТАРОНЦЫ МАЁЙ"
Мая першая сустрэча з Уладзімірам Караткевічам адбылася ў маі 1964 года.
У "Летапісе жыцця і творчасці", што змешчаны ў Зборы твораў У. Караткевіча, пазначана: да 24 мая група мінскіх пісьменнікаў, у ліку іх і Уладзімір Сямёнавіч, выступіла на традыцыйным свяце "Брэсцкая вясна". Дату, аднак, можна ўстанавіць больш дакладна - 22 мая 1964 года. Гэта быў неблагі час для паэтаў і паэзіі, бо лёгка можна было сабраць аўдыторыю, і госці з Мінска - парамі - выступалі на некалькіх пляцоўках. Мне ў той дзень удалося пабываць на двух выступленнях, займець аўтографы Р. Барадуліна, У. Караткевіча, М. Лужаніна і С. Грахоўскага.
Рыгор Барадулін і Уладзімір Караткевіч выступалі на цэнтральнай пляцоўцы ў парку культуры і адпачынку. Першым чытаў свае вершы Барадулін. Аўдыторыя добра прымала яго, дружна пляскала ў далоні, прасіла: "Яшчэ!" Нарэшце Рыгор Іванавіч сказаў:
- Побач нецярпліва чакае сваёй чаргі Уладзімір Караткевіч. Я прачытаю яшчэ адзін верш і дам яму слова, каб так не касавурыў на мяне вочы…
Але чытаў і, як кажуць, збіўся.
- Забыўся, - выйшаў з такога становішча Р. Барадулін. - Дык я ўзамен прачытаю яшчэ два.
Прачытаў хораша, заслужыўшы апладысменты, і перадаў слова У. Караткевічу.
Уладзімір Сямёнавіч быў у світэры (здаецца, у ім ён сфатаграфаваны ў кнізе "Пра час і пра сябе"), малады, прыгожы. Якія вершы чытаў, не засталося ў памяці, але рабіў ён гэта з душою, узнёсла, так што адна жанчына ўсклікнула:
- Хораша. Вось гэта паэт!..
Закончыў. Многія падышлі да пісьменнікаў узяць аўтографы. Я меў кнігу кароткіх біяграфій "Пісьменнікі Савецкай Беларусі", выдадзеную ў 1959 годзе. У. Караткевіч на фатаграфіі быў вельмі маладзенькі і худы. Фота, мусіць, не падабалася Уладзіміру Сямёнавічу, і ён побач напісаў: "Дарагому Расціславу Бензеруку на памяць гэты дрэнны партрэт. На шчасце, дружа. У. Караткевіч. 22 мая 64. Брэст".
У Брэсцкім педінстытуце праводзілася чытацкая канферэнцыя па творчасці У. Караткевіча. Калі я зайшоў у інстытут, у калідоры былі ўжо Алесь Каско, Мікола Пракаповіч, Іван Арабейка, Мікалай Цялічка і некаторыя іншыя берасцейскія літаратары, а таксама жонка Караткевіча - Валянціна Браніславаўна. Усе чакалі У. Калесніка і У. Караткевіча, якія павінны былі з'явіцца з хвіліны на хвіліну.
Рэктар інстытута Г. Андраюк запрасіў да сябе ў кабінет. Не паспелі мы перакінуцца некалькімі словамі, як зайшлі У. Калеснік і У. Караткевіч. Твар Уладзіміра Сямёнавіча быў хваравіты, шэры. Аказалася, прыехаў у Брэст з тэмпературай, дый дактары не ведалі, як збіць яе.
Ва ўступным слове У. Калеснік хораша паказаў ролю і месца У. Караткевіча ў беларускай літаратуры, а таксама павіншаваў яго з юбілеем: нядаўна Уладзіміру Сямёнавічу споўнілася 50 гадоў і яго ўзнагародзілі ордэнам Дружбы народаў.
Затым выступалі студэнты. Яны ахарактарызавалі паэзію Караткевіча, ягоныя раманы і аповесці "Нельга забыць", "Чазенія", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Каласы пад сярпом тваім", "Дзікае паляванне караля Стаха" і "Чорны замак Альшанскі".
Мяне здзівіў той факт, што студэнтам удалося прачытаць раман "Нельга забыць", які друкаваўся ў "Полымі"… яшчэ ў 1962 годзе. Як вядома, набор рамана будзе раскіданы і асобнай кнігай "Нельга забыць" выйдзе толькі ў восемдзесят трэцім1. Значыць, У. Калеснік "падштурхнуў" юнакоў і дзяўчат да чытання гэтага рамана, як колісь нас.
Час, адведзены на пытанні, быў перабраны, бо моладзь не хацела адпускаць пісьменніка. Адзін са студэнтаў зачытаў радкі з рамана "Чорны замак Альшанскі", дзе У. Караткевіч пісаў пра сябе, што ён ні тое ні сёе, чэша правай рукой левае вуха цераз галаву.
- Хіба можна так пісаць пра сябе? - паставіў пытанне студэнт рубам.
- Пра іншых нельга, а пра сябе - можна, - адказаў У. Караткевіч і пад вясёлую ўсмешку залы паказаў, як ён чэша вуха.
Мусіць, заахвочаны такім адказам, студэнт задаў яшчэ больш недарэчнае пытанне:
- Адзін з хлопцаў мне сказаў, што У. Караткевіч пісаў раман "Чорны замак Альшанскі" левай нагою і седзячы на канапе. Ці так?
Многім стала няёмка. На хлопца зашыкалі з усіх бакоў, а У. Караткевіч толькі ўсміхнуўся, як бы пакідаючы адказ на больш позні час.
Задаваліся іншыя пытанні:
- Ці не Валянціне Браніславаўне прысвечаны раман "Чорны замак Альшанскі"? Там жа напісана: "В. К."
- Ёй. Сілком прымусіла дапісаць раман праз дзесяць гадоў.
- Што вас звязвае з Брэстам?
- Многае, вельмі многае, але галоўнае - тут знайшоў сябра на ўсё жыццё, - і паказаў вачамі на жонку.
- Ці цяжка пісалася аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха"?
- Ой, як цяжка! - звёў усё на жарт. - Тут гаварылі, што я "Чорны замак Альшанскі" пісаў левай нагою і седзячы на канапе. Дык аповесць я зусім пісаў на гарышчы, седзячы на розным бадыллі. Хіба ж не цяжка?!
- Ці задаволены экранізацыяй аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха"?
- Вельмі незадаволены. Напісаў я сцэнарый, а потым камісія запатрабавала перарабіць некаторыя месцы. Перарабіў, дык тыя ж вучоныя мужы новыя прыдзіркі прыдумалі - і зноў перарабляй. У рэшце рэшт я аддаў сцэнарый рэжысёру: як хочаш, так і дамаўляйся з камісіяй, а я не хачу. Дамовіліся, а затым я ніяк не мог злавіць здымачную групу. Як знарок, хаваліся. А калі паказалі фільм, за вушы хапіўся: Божа, што яны нарабілі! Мяне пачалі супакойваць: па іншых творах яшчэ горш здымалі. Ёсць задумка зрабіць чатырохсерыйны тэлевізійны фільм "Чорны замак Альшанскі". Я не дам, каб і яго гэтак пакрэмзалі.
- Калі будзе закончаны раман "Каласы пад сярпом тваім"?
- Раман пішу. Частка "Зброя" будзе надрукавана ў "Маладосці" ўжо ў 1981 годзе. Сюжэт вострадраматычны. Галоўны герой Алесь Загорскі едзе ў Вільню2 купляць зброю для паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.
Г. Андраюк уручыў У. Караткевічу Памятны адрас інстытута. Падпісваючы кнігі чытачам, Уладзімір Сямёнавіч пачынаў словамі "Мілы", "Мілая", захоўваючы да канца вечара атмасферу блізкасці…
Я збіраю матэрыял для радавода Ласёў - Наўцэвічаў - Цыбуляў, карані якога вядуць аж у дні прыгону. Заехаў 5.VІІ.2000 г. на хутар Антанін Жабінкаўскага раёна, сустрэў аднаго з нашчадкаў роду.
Леў Арцем'евіч Цыбуля закончыў геолага-разведвальны факультэт Львоўскага політэхнічнага інстытута. Схадзіў уздоўж і ўпоперак пустыню Каракумы, Урал і Прыўралле, быў за Палярным кругам. Шмат гадоў працаваў у Акадэміі навук БССР.
Распавядаючы пра свой род, нечакана расказаў адзін выпадак:
- Калі я працаваў у акадэміі, сустракаўся з беларускімі вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі. Былі і сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам. Аднойчы я расказаў яму пра свой род. З пакалення ў пакаленне ў нас жыла прага да ведаў: яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі некаторыя Ласі і Наўцэвічы займелі вышэйшую адукацыю. Мая маці Фаня (Фёкла) Данілаўна Цыбуля (Наўцэвіч) вучылася ў Пецярбургу ў пансіёне шляхетных дзяўчат. Яна шмат ведала і расказвала пра сваіх продкаў.
- Гэта ж цудоўна! - зацікаўлена ўсклікнуў Уладзімір Сямёнавіч. - Цераз лёс аднаго роду можна паказаць лёс Беларусі. Я павінен сустрэцца з Фаняй Данілаўнай.
У той час ёй было пад восемдзесят, але памяць мела яшчэ добрую. Я запрасіў Уладзіміра Сямёнавіча прыехаць да маці, пагаварыць. Ён абяцаў у хуткім часе быць у Брэсце, а адтуль дабрацца і на наш хутар. Ды, мусіць, іншыя задумы, іншыя творы адцягвалі ягоную ўвагу. А неўзабаве Фані Данілаўны не стала.
Цікава было гаварыць з У. Караткевічам. Ён умеў слухаць, умеў выпытаць у суразмоўцы самае істотнае і ўвабраць у сябе. Зараз я бачу: ён увесь быў знітаваны з Беларуссю, жыў дзеля Беларусі…
Гаворачы так, Леў Арцем'евіч меў рацыю. Уладзімір Караткевіч сваімі творамі, сваім разуменнем Бацькаўшчыны займеў права сказаць: