GSpay - iatp merchant account provider. Выгодная и надежная аренда серверов на ваших условиях.

Галоўная

Жыццяпіс

Бібліятэка

Галерэя

Крытыка

Музей

Архіў

Гасцёўня

E-mail

Леанід Крыгман

НА ПАЧАТКУ ПАЧАТКАЎ
Згадкі пра школьныя гады аўтара"Зямлі пад белымі крыламі"
на беразе акіяна ў Нью-Йорку, дзе ён не быў ніколі
Лёсу мы ўдзячны за тое, што мы нарадзіліся і жывём. Толькі не трэба яго прыспешваць. Калі б хто-небудзь сказаў, што я пабачу Атлантыку з вышыні дзесяць тысяч метраў, а потым і Нью-Йорк з ужо меншай вышыні - перад пасадкай у аэрапорце імя Кенэдзі, - я наўрад ці паверыў бы. А лёс даў мне яшчэ большае - пажыць у "сталіцы свету" ажно два тыдні.
...У Амерыцы было шмат сустрэч: з аднакласнікамі і аднакурснікамі, з іншымі землякамі, з выдаўцамі і рэдактарамі рускамоўных газет. І сярод іх адна сустрэча з сябрамі дзяцінства і юнацтва ў доме на Брайтан-Біч, на беразе акіяна, за добрай чаркай, са смачнай хатняй вячэрай. Падчас размовы ўзгадаліся мне словы Янкі Брыля пра тое, што за мяжою яму яшчэ лепей спасцігалася Беларусь і яе людзі. Сярод гасцей дома ў гэты вечар была сталая пара колішніх мінчукоў. Яны жыва зрэагавалі на прозвішча Брыля.
- Вы знаёмыя з Іванам Антонавічам?
- Знаёмы.
Мужчына шырока ўсміхнуўся:
- А я вучыўся ў адным класе з Валодзем Караткевічам. Мы былі сябрамі да самай яго смерці.
І пайшлі згадкі пра яркага і вялікага чалавека, якога мне таксама выпала шчасце ведаць.
Тую нашу гутарку я запісаў, і пераляцеў гэты запіс праз акіян і праехаў праз усю Еўропу ў Мінск, каб дадаць яшчэ крыху ведаў пра выдатнага нашага пісьменніка, энцыклапедычна адукаванага чалавека, які ведаў і любіў сваю радзіму і ва ўсе часы свайго нядоўгага, на жаль, жыцця паводзіў сябе адважна і высакародна. Ён любіў родную зямлю, сяброў, сваю працу і ставіўся да ўсяго гэтага ў вышэйшай ступені па-грамадзянску.
Навум Цыпіс: Калі ты пазнаёміўся з Валодзем?
Леанід Крыгман: У сорак пятым, калі прыйшоў у 7-мы клас Аршанскай школы №1. Валодзя вучыўся там у 8-ым. Мне было 13 гадоў, яму - 14. Мы абодва былі худыя і заўсёды галодныя. Гэта потым Караткевіч стаў даволі-такі мажным мужчынам, а ў юнацтве не вылучаўся сярод сваіх аднакласнікаў, так бы мовіць, фізічнымі кандыцыямі. І ўсе мы тады былі даволі каларытна апрануты: у "ваеннае" савецкае і ў зялёнае нямецкае, як правіла, на памер-два "больш за сябе".
Н.Ц.: Памятаеш першую сустрэчу?
Л.К.: Само сабою! Спачатку я пабачыў вялікую фуражку, насунутую проста на вочы. Калі ён яе прыпадняў, на мяне зірнулі два розныя вокі: адно - шэрае, другое - карычневае. Мне сказалі: "Гэта Валодзя Караткевіч", і прамоўлена гэта было з прыкметнай павагай.
Н.Ц.: За што ж аднагодкі паважалі падлетка Караткевіча?
Л.К.: За веды. У сённяшніх школах часцей паважаюць за спорт, а ў Аршанскай школе №1 у 1945 годзе перавага аддавалася ведам.
Праз нейкі час мы сталі сябрамі. У нашай кампаніі быў і Юрый Падва. Нас сталі называць "неразлучнай тройкай".
Н.Ц.: Чакай, ты ж быў на год маладзейшы. Як жы вы апынуліся з Валодзем у адным класе?
Л.К.: Гэта гісторыя крыху і драматычная, і смешная. Матэматыку ў нас выкладала тыповая "настаўніца" тых часоў, якая саромелася свайго беларускага паходжання і некаторыя словы вымаўляла так старанна па-руску, што гучалі яны карыкатурна. Да прыкладу: "дрёбь", "дотрягиваться", "стрях". А Валодзя, калі гучала гэта "звышруская" мова, не стрымліваў рогату. Матэматычка не даравала гэтага і, хаця ён ведаў матэматыку не горш за астатніх, паставіла яму двойку. Так ён застаўся на другі год, мы апынуліся ў адным класе.
Н.Ц.: Лёня, скажы шчыра, толькі без інерцыі сённяшніх ведаў пра Караткевіча: ці ўгадваўся ў тым 14-гадовым падлетку будучы Уладзімір Караткевіч?
Л.К.: Якая інерцыя?! Ужо тады ён рэзка вылучаўся сярод нас адукаванасцю, хуткім і дакладным розумам, адметным пачуццём гумару і самай што ні на ёсць фенаменальнай памяццю. Мог прачытаць старонку ў кнізе і запомніць яе назаўсёды. Са школьных прадметаў больш за ўсё любіў гісторыю і літаратуру. Выкладчыца літаратуры Кацярына Іванаўна Грыневіч, сапраўдная настаўніца, - ёй тады было пад трыццаць гадоў, разам з намі выпускала школьны літаратурны альманах, зразумела, рукапісны і ў адным экземпляры. Там Валодзя і "друкаваў" свае вершы. Яны ўжо тады былі такога ўзроўню, што, прачытаўшы іх, многія перасталі пісаць: зразумелі, што гэта справа сур'ёзная і не для ўсіх.
Н.Ц.: Гэта былі яго першыя вершаваныя вопыты? Я чаму пытаю: ён жа ў Саюз пісьменнікаў быў прыняты як паэт.
Л.К.: Так, я ведаю. А пісаць ён стаў з шасці гадоў. З пяці навучыўся чытаць, а з шасці пісаў вершы. Дарэчы, ён і маляваў цудоўна. Я бачыў яго сшыткі - усе палі ў малюнках.
Кацярына Іванаўна вяла ў нас і драматычны гурток. Памятаю, мы паставілі "Рэвізора" - поспех! Нават ездзілі з ім на гастролі, вось так. Валодзя выконваў ролю Добчынскага, Юра - Хлестакова, а я - Бобчынскага. Роля ў Валодзі была маленькая, але іграў ён яе з натхненнем, "выціскаў" з Гогаля ўсё, што можна. Ужо ў той час ён спрабаваў пісаць п'есы.
Н.Ц.: Ты мяркуеш, Валодзя быў у яе закаханы?
Л.К.: Мы ўсе былі ў яе закаханыя, але Караткевіч нічога не рабіў "лёгка". Прызнаюся ў адным учынку. Мы з Юркам аднойчы выкралі ў Валодзі сшытак з вершамі, і там быў верш, прысвечаны Кацярыне Іванаўне - прызнанне ў каханні. Калі Валодзя даведаўся пра гэта, ледзь да бойкі не дайшло, ён з намі месяц не размаўляў. А з Кацярынай Іванаўнай ён перапісваўся ўсё жыццё.
Н.Ц.: Скончылі школу, - а далей?
Л.К.: А далей ён стаў студэнтам-філолагам Кіеўскага універсітэта, а я паступіў у Маскоўскі энергетычны інстытут, і пачалося наша асабістае ў кожнага жыццё. Сустракаліся на вакацыях у Оршы. Валодзя працаваў настаўнікам у сельскай школе Тарашчанскага раёна Кіеўшчыны, а я ў Сібіры, у Барнауле, потым у Данецку, а ў 1988 годзе з'ехаў у Амерыку.
Але перапісваліся мы з Валодзем 25 гадоў. Скажу табе, я не сентыментальны чалавек, але гэту перапіску я лічу светлым бокам майго жыцця.
Мы былі па-юнацку даверлівымі, разам хваляваліся за нашы няўдачы і радаваліся поспехам. Памятаю, які ліст я напісаў яму з нагоды ягонай першай сур'ёзнай публікацыі, - яго доўга не друкавалі... І які ён мне - з нагоды абароны мною дысертацыі...
Н.Ц.: Змест лістоў быў "побытавы" альбо "творчы"?
Л.К.: Побыт прысутнічаў інфарматыўна, але ў кожным лісце была "творчая справаздача" і амаль у кожным абавязкова - адзін-два-тры вершы. Спачатку па-руску і па-беларуску, потым - толькі па-беларуску.
Н.Ц.: Ці не тлумачыў ён у лістах, чаму яго не друкуюць?
Л.К.: Не, не тлумачыў і не крыўдаваў, але - канстатаваў. Я і без тлумачэнняў разумеў прычыну: Валодзя ніколі не ўмеў пісаць, "як трэба". Не мог ён пісаць у галодныя гады пра шчаслівае і багатае калгаснае жыццё. Калі рэдакцыі вярталі яму вершы, ён дасылаў іх мне, напэўна, каму-небудзь і яшчэ з сяброў. З таго, што я атрымаў ад яго ў студэнцкія гады ў Маскве, а потым у Барнауле і Данецку, толькі некаторыя былі потым надрукаваны. Па многіх вельмі моцна праходзіла рэдактарская рука.
Н.Ц.: Ён дасылаў табе свае творы, каб ты іх проста прачытаў і ўсё?
Л.К.: Не. Ён патрабаваў маёй ацэнкі. І крыўдаваў, што не раблю заўваг, таму што я ўсімі яго вершамі захапляўся.
Н.Ц.: Ці сустракаліся пасля заканчэння школы?
Л.К.: Так, у 1959 годзе ў Маскве. Валодзя вучыўся там, на Вышэйшых літаратурных курсах. Аднойчы я стаў сведкам дзіўнага выпадку: ён напісаў паэму "Плошча Маякоўскага", якая потым была ўключана ў зборнік "Нельга забыць"1. Напісаў, што называецца, не адрываючы асадкі ад паперы. Валодзя прачытаў яе за гасцявым сталом, за якім, акрамя мяне і маёй жонкі, было некалькі маладых літаратараў з Сібіры, Літвы, Германіі... Памятаю яшчэ, іркуцкі паэі Рэуцкі чытаў свой верш "Смерць ваўкадава". А Валодзя ў той вечар прачытаў яшчэ верш з рэфрэнам "Ліафеля, дачка караля" па матывах нямецкай легенды...
Н.Ц.: Ты бачыў яго на пачатку літаратурнага шляху. Як ён пісаў?
Л.К.: У асноўным - з ходу, і тут жа правіў сябе, ды так, што старонка чарнела. Але здаралася, што і без адзінай праўкі, - як каменьчык выкаціць. Праўда, здаралася гэта не часта.
Н.Ц.: А яшчэ сустракаліся?
Л.К.: Некалькі сустрэч было ўжо ў Мінску: часам я трапляў сюды ў камандзіроўку. Падчас гэтых незапланаваных сустрэч Валодзя быў вясёлы, шмат смяяўся, узгадваючы школу...
Запомнілася сустрэча ў 1972 годзе. А можа ў 1973? Валодзя прыехаў на таксі, выходзіць з машыны і ледзь не плача. Што здарылася? - пытаюся. Ён дастае з партфеля рукапіс страшэннага выгляду: мокры, старонкі зліпнутыя, у чарнільных плямінах - нічога не зразумець... Высветлілася, што гэта пераклад "Пана Тадэвуша". "Спецыяльна на два тыдні з'ехаў у Белавежскую пушчу, каб ніхто не перашкаджаў, - зрабіў! Еду да цябе, узяў дзве бутэлькі гарэлкі, паклаў разам з рукапісам у партфель, а яны - разбіліся... Вось". - "У цябе ж такая памяць! - кажу яму. - Сядай і аднаўляй!" - "Я за гэтыя дні так выклаўся, што ўжо не магу зноў сесці за гэту працу. Прынамсі, у бліжэйшы час".
Мы паехалі на кватэру да Грышы Барадуліна, там збіралася шмат людзей. Валодзя на гадзіну нас пакінуў, - паехаў сустракаць сваю будучую жонку Валянціну2, а калі вярнуўся з ёй, быў ужо вясёлы і гарэзлівы, як заўсёды.
Н.Ц.: Якія чалавечыя якасці ў ім падабаліся табе, выклікалі павагу?
Л.К.: Гэтае пытанне ў дачыненні да Валодзі няпростае. Ён быў паэтам. Паэтам не толькі таму, што пісаў вершы, і высокую паэтычную прозу, - ён паэтычна ставіўся да рэчаіснасці. Адсюль і нейкі рыцарскі тып паводзін у побыце, штосьці гусарскае. Калі ўсчыналася несправядлівасць, дык кідаўся ў бой. У школе часта менавіта таму хадзіў "з ліхтарамі". Ён, па-мойму, быў несучасным чалавекам, "заляцеўшым" да нас з ХІХ стагоддзя. Узрываўся, як бомба, і тады нікога і нічога ўжо не прызнаваў: "Кастуся Каліноўскага на вас няма!" Таму і не любілі яго чыноўнікі і баяліся функцыянеры. Памятаю, ён расказваў, як паклікаў яго Машэраў і прапанаваў нейкую высокую пасаду чыноўніка ад літаратуры. На што Валодзя адказаў, што гэта праца не для яго, але, калі б ён пагадзіўся на яе, дык і сам той, хто прапанаваў, перастаў бы яго паважаць. Чыноўнікаў ён не любіў, і яны плацілі яму тым жа.
Н.Ц.: Калі вы сустракаліся ў апошні раз?
Л.К.: Улетку 1980, і сустрэча гэта пакінула горкі адбітак. Мы дамовіліся, што я прыеду да яго а пятай гадзіне вечара. За дзень я так стаміўся, што, прылегшы адпачыць на паўгадзіны, праспаў да вечара. Прыехаў да Валодзі, а ён злосны: "У мяне на гэты час іншыя справы, ты не шкадуеш майго часу! А ў мяне яго месяц-два!.." Высветлілася, што ўлетку, у Крыме, ён упаў са скалы, ударыўся галавою, і нейкі доктар сказаў, што жыць яму засталося пару месяцаў. "А я павінен паспець зрабіць яшчэ мноства рэчаў, гэтага ніхто не можа зразумець. Вось і ты..." Потым ён супакоіўся, і мы нават выпілі з ім за сустрэчу, але заўсёднай сяброўскай атмасферы так і не ўзнікла. Больш мы не сустракаліся. Засталася памяць пра яго і вершы, якія ён даслаў мне ў лістах тады, калі яго мала дзе друкавалі.

* * *
Так я "сустрэўся" з Уладзімірам Караткевічам у далёкай Амерыцы. Такі вось падарунак даў мне лёс. Пасля размовы з Леанідам Крыгманам мне таксама ўзгадалася... Ну, вось такое, характэрнае. Прачытаўшы маю першую кніжку, якая, па словах Караткевіча, нагадала яму родную Оршу, ён прапанаваў: "Хочаш, Навум, я дам табе рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў? - І дадаў: - Але ты павінен ведаць, што мяне там не любяць, і гэта рэкамендацыя затрымае тваё паступленне". Калі ішло абмеркаванне на секцыі прозы, Караткевіч прыйшоў у цудоўнейшы настрой і ў сваёй едкай прамове разбіў маіх апанентаў. У нейкай ступені гэта выявілася ў адмоўным галасаванні. Валодзя падышоў да мяне і з рогатам, - смяяўся ён надзіва молада, гарэзліва, адкрыта! - сказаў: "А затое мы ім далі! Не хвалюйся, пісьменнік вызначаецца не членствам".
Навум ЦЫПІС
Нью-Йорк - Брэмен - Мінск

_______________
1 "Нельга забыць" - раман У.Караткевіча. Надрукаваны ў часопісе "Полымя" (1962, №5, 6) пад назвай "Леаніды не вернуцца да Зямлі". Выйшаў асобным выданнем толькі ў 1982 годзе. "Плошча Маякоўскага" ўключана ў раман як адзін з раздзелаў. - Рэд. П. Ж.
2 Блытаніна ў гадах або ў фактах. Уладзімір Караткевіч і Валянціна Браніславаўна зарэгістравалі шлюб 19 лютага 1971 года. - Рэд. П. Ж.



1. Апублікавана - "Культура", 2003, № 1 (4 - 10 студз.).
2. Набор зроблены па тым жа выданні.

Галоўная |  Біяграфія |  Бібліятэка |  Галерэя |  Успаміны | Крытыка |  Музей |  Архіў |  Гасцёўня |  E-mail

© Музей Уладзіміра Караткевіча Мінскага ПТК электронікі