GSpay - iatp merchant account provider. Выгодная и надежная аренда серверов на ваших условиях.

Галоўная

Жыццяпіс

Бібліятэка

Галерэя

Крытыка

Музей

Архіў

Гасцёўня

E-mail

Артур Вольскі

"ЧОРТАЎ СКАРБ"
Сустрэча з казкай Уладзіміра Караткевіча
Аднаго разу - а было гэта гадоў з пятнаццаць таму - завітаў да мяне мастацкі кіраўнік Гомельскага абласнога тэатра лялек, рэжысёр і артыст Уладзімір Матрос. Як звычайна ў такіх выпадках, ён пачаў скардзіцца на адсутнасць нацыянальнага рэпертуару, на лянотнасць беларускіх драматургаў. А напрыканцы гутаркі нечакана спытаўся:
- Як вы ставіцеся да творчасці Уладзіміра Караткевіча?
Я адразу наважыўся гаварыць пра незвычайную караткевічаўскую драматургію. Але Матрос перапыніў мяне:
- Я маю на ўвазе казкі.
Казкі?... Так, я чытаў іх. Але мяне больш захаплялі вершы, гістарычныя хронікі-драмы, раманы і апавяданні слыннага аўтара і майго добрага знаёмага. Некалі, у гады навучання ў Маскве, Валодзя колькі разоў спыняўся і начаваў у маім інтэрнацкім пакойчыку.
- Можа б, вы ўзяліся зрабіць што-небудзь для нашага тэатра? - і, не чакаючы адказу, мой суразмоўца дадаў: - Паглядзіце, у першую чаргу "Чортаў скарб"...
Я толькі паціснуў плячыма. А дома ўзяўся гартаць томікі выбранага Уладзіміра Караткевіча. Вось і казкі. Іх не дужа многа...
Я, прызнацца, аматар казак. Асабліва народных. Мне міжволі ўзгадаліся казкі ў апрацоўцы такіх майстроў слова, як Якуб Колас, Алесь Якімовіч... Яны ў маёй хатняй бібліятэчцы таксама ёсць. Але казкі Уладзіміра Караткевіча - гэта нешта іншае, нешта асобнае. У іх народныя мудрасць і дасціпласць знаходзяць дабратворнае спалучэнне са своеасалівасцямі мовы і непаўторнасцю стылю пісьменніка, з ягоным геніем.
Казка "Чортаў скарб" сапраўды падалася мне найбольш адпаведнай прапанове У. Матроса. І, не адкладаючы справу надоўга, я патэлефанаваў у Гомель.
Праца аказалася даволі складанай. Па-першае, казку, напісаную ў прозе, я паспрабаваў пераказаць вершам. Па-другое, умовы сцэнічнага мастацтва вымусілі мяне ў пэўнай меры ўскладніць сюжэт, увесці дадатковыя эпізоды, персанажы. Але не буду спыняцца на гэтым падрабязна. Не пра тое гаворка. Галоўнае - тое, што я знайшоў у творы Уладзіміра Караткевіча, адкрыла мне самыя шырокія магчымасці.
Неўзабаве ў Гомельскім абласным тэатры лялек адбылася прэм'ера. Я ездзіў на першы спектакль. І артысты, і публіка, і сам рэжысёр-пастаноўшчык Уладзімір Матрос былі задаволеныя. А ў програмцы да спектакля, акрамя прозвішча аўтара п'есы і назвы, значылася: "Памяці Уладзіміра Караткевіча". Гэтае прысвячэнне захавалася і ў зборніку лепшых беларускіх драматургічных твораў, выдадзеным выдавецтвам "Юнацтва" пад агульнай назвай "Цудоўная дудка".
"Чортаў скарб"... Не было б генія Уладзіміра Караткевіча, не было б ягонага Боскага дару, не з'явілася б казка, а за ёю - і п'еса.


1. Апублікавана - "Літаратура і мастацтва", 2000, 24 лістапада.
2. Набор зроблены па тым жа выданні.

Галоўная |  Біяграфія |  Бібліятэка |  Галерэя |  Успаміны | Крытыка |  Музей |  Архіў |  Гасцёўня |  E-mail

© Музей Уладзіміра Караткевіча Мінскага ПТК электронікі